Сустрэча са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай

  • 1

Работа Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў - гэта фактар спакою ў нашай краіне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лістапада ў час рабочай сустрэчы са старшынёй Цэнтрвыбаркама Лідзіяй Ярмошынай.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што 20 снежня заканчваецца тэрмін паўнамоцтваў дзеючага складу Цэнтрвыбаркама, і падзякаваў усім членам ЦВК за тую бескампрамісную і па-сапраўднаму адказную работу, якую яны праводзілі.

"Па-рознаму да гэтага могуць ставіцца ў нас асобныя "таварышы". Але нават яны разумеюць, што ў свеце, напэўна, няма дзяржавы, дзе так эфектыўна працавала б Цэнтральная выбарчая камісія, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы даследавалі гэта пытанне, праводзілі сацыялагічныя даследаванні: не проста большасць - пераважная большасць станоўча ацэньвае работу ЦВК і старшыні. Таму яшчэ раз дзякую вам за ўсё тое, што зроблена Цэнтральнай камісіяй. Яе работа - гэта фактар спакою ў нашай краіне".

На сустрэчы разглядаліся кандыдатуры, якія ўвойдуць у новы склад Цэнтрвыбаркама. Акрамя таго, былі ўзгоднены патэнцыяльныя кіраўнікі ЦВК. Плануецца, што старшынёй камісіі застанецца Лідзія Ярмошына. На пасаду сакратара прапануецца начальнік арганізацыйна-прававога аддзела камісіі Алена Дмухайла.

Пасаду намесніка старшыні ЦВК па традыцыі зойме дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, якім цяпер з'яўляецца Вадзім Іпатаў.

Прэзідэнт таксама абмеркаваў з Лідзіяй Ярмошынай удасканаленне выбарчага працэсу і заканадаўства. Усе прапановы Цэнтрвыбаркама знайшлі падтрымку з боку Кіраўніка дзяржавы.