Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са Старшынёй Сената Парламента Казахстана Касым-Жамартам Такаевым

1 лістапада 2018 года

На саміце Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, які адбудзецца 8 лістапада ў Астане, кіраўнікі дзяржаў будуць шукаць адказы на складаныя пытанні міжнароднай абстаноўкі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 1 лістапада на сустрэчы са Старшынёй Сената Парламента Казахстана Касым-Жамартам Такаевым.

"Літаральна праз некалькі дзён мы сустрэнемся ў Астане: у нас саміт Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Вельмі шмат пытанняў - і рэфармавання гэтай арганізацыі, узмацнення яе ролі і вагі ў міжнародных справах, асабліва ў гэты няпросты час. У Астане, як заўсёды, мы будзем шукаць адказы на складаныя пытанні міжнароднай абстаноўкі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што гэтыя ж пытанні абмяркоўваліся ў Мінску на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. "Думаю, вам было карысна паслухаць розныя пункты гледжання. Карысная гэта канферэнцыя, я нават не чакаў, што ад яе можа быць такая карысць. Бачны пазіцыі розных краін, асабліва якія процістаяць адна адной", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Закранаючы двухбаковыя адносіны Беларусі і Казахстана, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што гэта адносіны блізкіх дзяржаў. І Беларусь заўсёды будзе прытрымлівацца гэтай палітыкі, падкрэсліў ён. "У нас вельмі дружалюбныя адносіны з вашым Прэзідэнтам. Мы многаму адзін у аднаго вучымся, многае ў вас перанялі, асабліва ў сферы права ў самым пачатку майго прэзідэнцтва", - канстатаваў беларускі лідар.

У студзені-жніўні тавараабарот паміж дзвюма краінамі склаў $610,5 млн і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 44%. На думку Прэзідэнта, гэта лічба значная, але можна дасягнуць большага.

"У нас няма ніякіх забаронных тэм і насцярожанасцей адносна вытворчасці і бізнесу вашых людзей. Мы прапанавалі, здавалася б, самыя нерэалізуемыя рэчы для Казахстана ў плане стварэння сумеснай вытворчасці на базе "Гомсельмаша", уваходжання ў капітал вашай краіны. Узаемныя пастаўкі - гэта ўжо не пытанне гандлю, мы маем больш глыбокія адносіны. Мы павінны разумець, што ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць, калі ў Казахстана будзе на гэта воля. Словам, мы будзем развіваць з вамі самыя цесныя і добрыя адносіны. Вы вельмі перспектыўны, стратэгічны і надзейны партнёр для нашай краіны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Касым-Жамарт Такаеў расказаў, што ў час візіту ў Мінск для ўдзелу ў сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы таксама правёў перагаворы з беларускім калегам - Старшынёй Савета Рэспублікі Міхаілам Мясніковічам. Бакі падпісалі пратакол аб стварэнні падкамісіі ў інавацыйнай сферы. На яго думку, гэта будзе стымуляваць выканаўчыя органы і камерцыйныя арганізацыі дзвюх дзяржаў для больш цеснага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.

Што датычыцца Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Касым-Жамарт Такаеў адзначыў выступленне на ёй Кіраўніка беларускай дзяржавы, якое, падкрэсліў ён, ацанілі і іншыя ўдзельнікі форуму. "Яно было шчырым, дзелавым і, можна сказаць, шчодрым на вельмі сур'ёзныя сігналы ў адрас міжнароднай і еўрапейскай супольнасці. Думаю, што ваша прамова будзе доўгі час захоўвацца ў аналах Мюнхенскай канферэнцыі, усё ж гэта вельмі аўтарытэтны форум", - рэзюмаваў Старшыня Сената.


Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь