Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Нігмацілой Юлдашавым

13 чэрвеня 2018 года
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае высокую дынаміку ў развіцці адносін з Узбекістанам. Аб гэтым ён заявіў 13 чэрвеня на сустрэчы са старшынёй Сената Олій Мажліса Узбекістана Нігмацілой Юлдашавым.

"За апошні год, можа, крыху больш, калі браць новую эпоху, як я часта свайму сябру Шаўкату (Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў) гавару, мы ў беларуска-ўзбекскіх адносінах зрабілі значна больш, чым за 20 папярэдніх гадоў. Маёй заслугі тут мінімум. Заслуга вашага Прэзідэнта. Разумны, я скажу таленавіты чалавек, які, калі быў Прэм'ер-міністрам, убачыў увесь свет, спакойна ацаніў сітуацыю не толькі на восі Мінск-Ташкент, але і па ўсіх напрамках, і зрабіў добры рывок, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Я яму аб гэтым сказаў на саміце ШАС. Тое, што вы зрабілі ў міжнародных адносінах за апошні час, апусціўшы іх на базу эканомікі, мне здаецца, ніводнай з дзяржаў у свеце, тым больш постсавецкай прасторы, не ўдалося зрабіць. Вы проста малайцы за гэтыя гады. Вы адкрыліся свету і ў час гэтага адкрыцця атрымалі максімум, што маглі атрымаць".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўныя дасягненні Узбекістана - у эканоміцы. "Дыпламатыя, палітыка - гэта добра. Пагаварыць можна заўсёды. А вось адчуць, памацаць вынік - гэта больш важна. І вы гэта зрабілі. Гэта найвялікшая заслуга кіраўніцтва вашай краіны. Сведчаннем прарыву Узбекістана на міжнароднай арэне, у міжнародных адносінах служаць адносіны паміж Беларуссю і Узбекістанам", - адзначыў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы даў пазітыўную ацэнку развіццю двухбаковых адносін і рэалізацыі намечанага. Лідары краін раней дамовіліся, што, перш чым адбудзецца іх сустрэча ў рамках афіцыйнага візіту, бакі павінны стварыць пэўны задзел у супрацоўніцтве. "Каб мы маглі ўзбекскаму і беларускаму народам пакласці нешта на стол", - вобразна сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што праблем, вядома, хапае ў любой дзяржаве, аднак ён упэўнены, што вострыя праблемы Узбекістан зможа пераадолець на працягу пяцігоддзя, улічваючы наяўнасць людскіх рэсурсаў, прыродна-кліматычныя ўмовы, высокія тэмпы мадэрнізацыі эканомікі і грамадства.

"Але вы павінны помніць, што мы не проста пабочныя наглядальнікі гэтых працэсаў, не проста балельшчыкі. Мы, вядома, радуемся вашым поспехам. Мы актыўныя прыхільнікі і, калі хочаце, рухавікі таго прагрэсу, які вы ажыццяўляеце ва Узбекістане. Вы на нас можаце разлічваць", - запэўніў беларускі лідар.

У сваю чаргу Нігмаціла Юлдашаў падкрэсліў, што ва Узбекістане з вялікай павагай ставяцца да Прэзідэнта Беларусі і радуюцца поспехам краіны, яе ўсё большаму міжнароднаму аўтарытэту. "Мы ведаем і высока цэнім, што вы заўсёды надавалі і надаяце вялікае значэнне развіццю супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і народамі. Таксама ў памяці нашага народа навечна застанецца тое, што вы ў самотныя для ўзбекістанцаў дні спецыяльна наведалі Узбекістан, каб ушанаваць памяць нашага першага Прэзідэнта Іслама Карымава", - сказаў ён.
Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь