Сустрэча са старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандрам Турчыным

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 сакавіка правёў сустрэчу са старшынёй Савета па развіцці прадпрымальніцтва, кіраўніком Апарату Савета Міністраў Аляксандрам Турчыным.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся працэсамі, што адбываюцца ў прадпрымальніцкім асяроддзі, і работай абноўленага савета. "У сувязі з гэтым я хацеў бы ведаць, калі мы правядзём на ўзроўні Прэзідэнта пасяджэнне гэтага савета. Калі вы будзеце гатовы, каб ён не быў падобны да ранейшага савета, калі яны прыходзілі і пачыналі расказваць, як яны працуюць у сябе на канкрэтным прадпрыемстве і якія ў іх праблемы, і часам папросяць нешта. Мне хацелася б ведаць, як у цэлым ідуць справы і што ў цэлым трэба для прадпрымальніцкага асяроддзя", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў пытанне ўдасканалення падатковай сістэмы, выступіўшы за збалансаваны падыход, які ўлічвае як інтарэсы бізнесу, так і дзяржавы. "У нас павінна быць падатковая сістэма сапраўды няцяжкая. Але дзяржава павінна функцыянаваць. І другое, што абсалютна правільна і дакладна, нас крытыкуюць часам за гэта, нам патрэбны Падатковы кодэкс зручны, просты, каб людзі разумелі яго. Але, рэфармуючы яго, каб мы ні ў той, ні ў іншы бок крэн не зрабілі. Гэта значыць не зрабілі нашу падатковую сістэму празмернай, каб яна не націскала на прадпрымальніцтва. І, з іншага боку, каб мы (гэта яшчэ больш небяспечна) не агалілі дзяржаву. Нельга агаліць асноўныя напрамкі дзейнасці дзяржавы. А гэта - падаткі, грошы", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Акрамя таго, на сустрэчы абмяркоўваліся перспектывы стварэння міністэрства лічбавай эканомікі. "Хачу з вамі параіцца наконт лічбавай эканомікі і так званага лічбавага міністэрства. Гэта прадпрымальнікі ўнеслі прапанову. Вы як на гэта глядзіце, трэба нам ствараць новае міністэрства лічбавай эканомікі? - спытаў Прэзідэнт. - Хоць яны і прапанавалі фінансаваць яго поўнасцю. Нават больш, чым трэба. Ці ж нам нейкую рэформу правесці, і міністэрствы, якія ў перспектыве наогул будуць працаваць на лічбу, неяк аб'яднаць, стварыць моцнае міністэрства - міністэрства будучага, перспектыўнае міністэрства".

Па выніках абмеркавання Прэзідэнт Беларусі падтрымаў ідэю аб стварэнні новага міністэрства і даручыў Ураду ўнесці адпаведную канкрэтную прапанову па гэтым пытанні - на базе чаго ствараць, якімі функцыямі будзе надзелена ведамства.

Кіраўнік дзяржавы таксама падтрымаў яшчэ шэраг прапаноў, што паступілі з прадпрымальніцкай сферы. Найбольш важная з іх - больш актыўна падключаць прадстаўнікоў бізнесу ў складзе грамадска-кансультатыўных саветаў, якія працуюць пры міністэрствах, да працэсу распрацоўкі нарматыўна-прававых актаў.