Сустрэча са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка

  • 9
  • 1:37

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 сакавіка правёў сустрэчу са Старшынёй Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.

На сустрэчы ў Палацы Незалежнасці Кіраўнік дзяржавы ўручыў Валянціне Мацвіенка ордэн Францыска Скарыны. Яна ўдастоена гэтай узнагароды за значны асабісты ўклад ва ўмацаванне дружалюбных адносін і развіццё супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.

"Вы ведаеце, што Вы нам самы блізкі, родны чалавек, - падкрэсліў беларускі лідар. - Хачу скарыстацца выпадкам Вашага візіту і заслужаную ўзнагароду ўручыць. Мы хацелі, каб гэта было, наколькі гэта магчыма, урачыста і па-роднаму. У кабінеце я не ўручаю нікому ўзнагароды, акрамя сваіх людзей".

"Вельмі рады, што Вы прыехалі. Я думаю, Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталля Качанава. - Заўвага) Вам ужо сказала. Мы даўно з ёю чакалі Вас тут, рыхтаваліся спецыяльна, як Вас тут лепш па-дамашняму сустрэць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У сваю чаргу Валянціна Мацвіенка падзякавала за ўзнагароду, адзначыўшы, што яна вельмі дарагая для яе. "Я заўсёды з асабліва цёплымі пачуццямі да вас прыязджаю і еду назад, зарадзіўшыся вашай цеплынёй, гасціннасцю, - сказала яна. - Даўно не была, ужо сумавала".

Старшыня Савета Федэрацыі таксама пазітыўна ацаніла праграму візіту, падрыхтаваную беларускім бокам. Яна, у прыватнасці, наведала мінскі храм-помнік у гонар Усіх Святых, дзе адбылася цырымонія перадачы зямлі ў капсуле з месцаў пахавання савецкіх салдат пада Ржэвам.

"Такая кранальная была цырымонія, - адзначыла яна. - Я рада, што частка зямлі, палітай крывёю і рускіх, і беларусаў, і іншых народаў, будзе захоўвацца ў вашым храме. Асабліва гэта знамянальна ў год 75-годдзя Перамогі".

Валянціна Мацвіенка таксама не скрывала захаплення храмам, дзе прайшло ўрачыстае мерапрыемства. Яна падкрэсліла, што гэта не толькі прыгожы храм, у ім створана зала памяці - месца, куды можна прыйсці і людзям старэйшага пакалення, і моладзі, каб аддаць даніну павагі тым, хто загінуў у час баявых дзеянняў.

Аляксандр Лукашэнка падарыў Валянціне Мацвіенка букет беларускіх кветак, абраз Святой Валянціны Мінскай і, улічваючы захапленне госці кулінарыяй, кнігу "Смак беларускай кухнi".

Дэлегацыя Савета Федэрацыі на чале з Валянцінай Мацвіенка 5-6 сакавіка наведвае Беларусь з афіцыйным візітам.