Сустрэча са старшынёй савета дырэктараў ТАА "Тытунь-Інвест" Паўлам Тапузідзісам

    Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заяўляе аб неабходнасці развіцця канкурэнцыі ў сферы гандлю прадуктамі харчавання і таварамі народнага спажывання. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць якаснаму абслугоўванню сельскага насельніцтва і не дапусціць знікнення з рынку магазінаў крокавай даступнасці. Аб гэтым ішла размова 22 ліпеня на сустрэчы Кіраўніка дзяржавы са старшынёй савета дырэктараў ТАА "Тытунь-Інвест" Паўлам Тапузідзісам аб развіцці ў Беларусі аб'ектаў гандлёвай сеткі.

    "Я атрымаў вашы прапановы па будаўніцтве ў Беларусі цэлай сістэмы прадпрыемстваў па абслугоўванні нашага насельніцтва", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт даў станоўчую ацэнку сістэмнай рабоце ў Беларусі бізнесу Паўла Тапузідзіса ў сферы гандлю і падкрэсліў, што такі падыход павінен служыць прыкладам для іншых. "Я не бачу вялікіх праблем у тым, што вы прапануеце. Думаю, што гэта нармальныя, не малыя, але і не буйныя - сярэднія гандлёвыя прадпрыемствы, можна сказаць нават невялікія, якія трэба развіваць у Беларусі, асабліва ў плане канкурэнцыі, - сказаў беларускі лідар. - Я, хутчэй, гатовы з гэтым згадзіцца".

    "Вы гатовы пабудаваць да 130 гандлёвых цэнтраў па ўсёй краіне, некалькі сярэдніх і пару буйных. Думаю, гэта магчыма ў Беларусі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў яго не выклікаюць хвалявання маштабы адпаведнай прапановы, паколькі Павел Тапузідзіс зарэкамендаваў сябе як сумленны прадпрымальнік.

    "Хацелася б, каб у Беларусі была дастатковая колькасць такіх прадпрымальнікаў, якія ў той ці іншай сферы будуць маякамі і ўзорамі таго, як трэба дзейнічаць і будаваць такія прадпрыемствы", - адзначыў Прэзідэнт.

    Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў пажаданне, каб заможныя грамадзяне Беларусі, прадпрымальнікі больш актыўна інвесціравалі менавіта ў сваёй краіне. "Нам бы больш інвестыцый, і менавіта грамадзян Беларусі - людзей, якія жывуць тут, зарабляюць і якія стараюцца пашыраць свой бізнес. Я гэта абсалютна вітаю, вы гэта ведаеце. На гэту тэму ў нас з вамі ўжо была даўняя размова. Добра, што вы выконваеце тое, што абяцалі", - сказаў беларускі лідар.

    Разам з тым Прэзідэнт нагадаў, што даручаў органам улады вельмі акуратна, асабліва ў Мінску, адносіцца да ўзвядзення гандлёвых аб'ектаў, каб буйныя гандлёвыя сеткі не задушылі магазіны крокавай даступнасці. "Знішчыць іх, згадзіцеся, нельга. Яны павінны існаваць. А буйных гандлёвых цэнтраў, якія вы будуеце і іншыя, павінна быць столькі, колькі трэба. Але самае галоўнае - каб яны не знішчалі тую сетку, якая існуе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама бачыць станоўчы эфект ад развіцця канкурэнцыі ў сферы гандлю, што садзейнічае забеспячэнню насельніцтва таварамі па разумных цэнах.

    "Вы ствараеце нармальную канкурэнцыю. Гэта таксама вельмі важна ў сферы гандлю, чаго нам, дарэчы, не хапае. Тады і цэны будуць нармальныя, калі будзе канкурэнцыя", - заявіў беларускі лідар.

    Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў функцыянаванне сферы гандлю ў вёсцы і ў невялікіх раённых гарадах. Паводле яго слоў, і тут за кошт развіцця канкурэнцыі ёсць магчымасць зніжэння цэн на прадукцыю. "У нас ёсць прадпрымальнікі, якія гатовы ўзяць цэлыя вобласці і сельскі гандаль, дайсці да кожнага селяніна, каб ён абслугоўваўся так, як мае быць, - адзначыў Прэзідэнт. - Белкаапсаюз актыўна працівіцца гэтаму. Але мы спажыўкааперацыі далі час, каб яны навучыліся нармальна абслугоўваць беларускіх сялян і каб цэны не былі завоблачнымі. А атрымліваецца ж так, што сяляне вырабляюць прадукцыю, а ў вёсцы ім даводзіцца купляць яе па цэнах вышэйшых, чым у горадзе".

    "Зразумела, што і лагістыка, і дастаўка таксама патрабуюць грошай. Але трэба шукаць іншыя формы, каб не ўзнімаць у вёсцы цэны на прадукты харчавання першай неабходнасці, адзенне. І перш за ўсё рынак гэта павінен сфарміраваць, а каб ён сфарміраваў, патрэбна і там канкурэнцыя", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў аб неабходнасці больш актыўнай папулярызацыі аб'ектамі гандлю тавараў беларускай вытворчасці. "Калі ў Беларусі ёсць тавар, ён павінен быць выгадна прадстаўлены ў любым магазіне. Некаторыя сёння стогнуць, плачуць, што ў нас, маўляў, няма таго тавару, як за мяжой. А я пытаюся: ці ёсць у вас валюта для таго, каб закупіць гэты тавар і прадаць, мы ж вывозім валюту. Таму трэба і гэта мець на ўвазе", - сказаў Прэзідэнт.

    "Магчыма, дзе-небудзь па нейкіх сегментах мы не дацягваем да імпарту, але гэты тавар у нас вырабляецца, і ён у разы таннейшы, чым імпартны. Я не супраць імпартнага, але выгадна прадстаўце і наш тавар", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    "Вядома, я буду падтрымліваць і настойваць, каб прадавалі ўсё ж такі беларускае. Гэта патрабаванне ставіццамной у мяккай форме, але мы будзем больш актыўнымі ў гэтым напрамку, і вы павінны разумець, што трэба прадаваць і беларускія тавары. Па прадуктах харчавання тут праблем асаблівых няма, але трэба, каб быў прадстаўлены і асартымент адзення, абутку і гэтак далей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу, што і самому гандлю неабходна больш актыўна патрабаваць і заахвочваць вытворцаў тавараў да вытворчасці запатрабаванай прадукцыі. "З іншага боку, я хачу, каб вы ўсё ж такі паднаціскалі наш легпрам, прымушалі вырабляць тое, што патрэбна насельніцтву", - дадаў беларускі лідар.