Сустрэча са старшынёй савета дырэктараў групы кампаній "Штадлер" Петэрам Шпулерам

  • 1
Перспектывы развіцця вытворчасці ў Беларусі сучаснага чыгуначнага рухомага саставу абмеркаваны на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй савета дырэктараў і ўладальнікам групы кампаній "Штадлер" Петэрам Шпулерам.

"Мне прыемна з вамі сустрэцца. Я ўспамінаю нашу першую сустрэчу. Тады я вам прапанаваў падумаць пра работу ў Беларусі. Вы падумалі сур'ёзна і прынялі рашэнне. З таго часу мы супрацоўнічаем з вамі і з вашай кампаніяй, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Вы, прыехаўшы праз некаторы час, прапанавалі стварыць у Беларусі цудоўнае інавацыйнае перспектыўнае прадпрыемства. І мы яго стварылі. Яно цудоўна працуе, загрузка ёсць, і планы па загрузцы павялічваюцца. І ведаю, што вы гатовы прапанаваць новую будоўлю, новае прадпрыемства або расшырэнне. Для мяне гэта вельмі цікава, і я хацеў бы з першых вуснаў пачуць прапановы аб развіцці вашай прысутнасці ў нашай краіне".

У сваю чаргу Петэр Шпулер адзначыў, што з часу сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі ў жніўні 2016 года адбыліся пазітыўныя змяненні. "Мы атрымалі некалькі вельмі добрых заказаў на двухпавярховыя паязды, у тым ліку для "Аэраэкспрэса" ў Маскве. Мы вельмі ганарымся, што паязды, вырабленыя менавіта ў Беларусі, цяпер выконваюць важную задачу ў Маскве. Мы таксама прадалі паязды ў Азербайджан і Грузію. Гэта ўсё прадукцыя, выпушчаная ў Фаніпалі. Цяпер мы рыхтуем да адпраўкі заказ на трамваі для Санкт-Пецярбурга. Я вёў перагаворы з "Аэраэкспрэсам", і здаецца, што ён будзе выкарыстоўваць нашы паязды і ў Санкт-Пецярбургу", - расказаў ён.