Сустрэча са старшынёй праўлення ПАТ "Газпрам" Аляксеем Мілерам

  • 8
Расія не павінна сумнявацца ў сумленнасці, прынцыповасці і надзейнасці Беларусі. Аб гэтым заявіў сёння Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня на сустрэчы са старшынёй праўлення ПАТ "Газпрам" Аляксеем Мілерам.

"Мне надакучыла ўжо чытаць паведамленні з Расіі, дзе розныя палітычныя флюгеры і правакатары пачынаюць і мяне церабіць. Я толькі не ведаю, навошта гэта палітыка ў Расіі. Але гэта іх справа", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Гэта не чужая для вас краіна, гэта не чужая для вас зямля. Мы заўсёды будзем рабіць тое, што выгадна для расійскіх кампаній, а значыць, і для Расіі. Любы праект, пачынаючы ад будаўніцтва і завяршаючы асноўнай нашай дзейнасцю, мы гатовы падтрымліваць у Беларусі. Але калі недзе мы зможам штосьці зрабіць за межамі Беларусі, вы нам скажыце, мы заўсёды падключымся. Вы павінны гэта цвёрда ведаць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць пры выпадку гэту пазіцыю кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі. "Няхай яны не сумняваюцца ў нашай сумленнасці, прынцыповасці і надзейнасці", - сказаў ён.

Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што за гэтым не стаіць нейкая камерцыйная выгада. "Нашай агульнай бяспекай, нашай агульнай з вамі незалежнасцю мы ніколі не таргаваліся і таргавацца не будзем, як бы нас ні штурхалі ўлева, управа", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"У нас няма пазіцыі выбару: з Захадам або з Расіяй, з Захадам або з Усходам. Мы ніколі ні з кім не вялі перагаворы, нават за стол перагавораў не садзіліся, калі перад намі ставілі выбар: Расія ці Захад", - сказаў Прэзідэнт.

"Расія - гэта наша, Расія - гэта наша агульная Айчына. Мы ніколі з Расіяй не сутыкаліся па вялікім рахунку, па дробязях у нас былі і будуць пытанні, жывём у агульным доме. Але ніколі ў нас не было вялікіх праблем і ніколі іх не будзе. Прынамсі, адсюль гэта зыходзіць ніколі не будзе. І вам любы заходні палітык, любы амерыканскі палітык, якія прыязджалі сюды, ніколі не скажуць, што мы перагаворы вялі за кошт Расіі і кагосьці палохалі Расіяй. Гэтага ніколі не было і не будзе", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"У той жа час мы адкрыта і сумленна гаворым: мы хочам нармалізаваць адносіны з Еўрапейскім саюзам і Амерыкай. Гэтак жа, як Расія, гэтак жа, як любая дзяржава. Але не за кошт нашых інтарэсаў. Мы гэта ўжо прадэманстравалі", - адзначыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на тое, што Беларусь ужо дзясятак гадоў знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі. "Але гэта нашы праблемы, і мы іх за кошт нават нашай брацкай Расіі вырашаць ніколі не будзем", - падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыць супрацоўніцтва з кампаніяй "Газпрам", то Прэзідэнт адзначыў: "Не тое што праблем, пытанняў няма ва ўзаемаадносінах у эканоміцы з галоўным пастаўшчыком рэсурсаў для яе". "Ёсць толькі пытанні, якія можна абмяркоўваць на перспектыву нашых сумесных дзеянняў па пашырэнні супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

"Мы гатовы прадаставіць магчымасці для "Газпрама", калі гэта трэба, калі ў гэтым ёсць патрэбнасці Еўропы, па большых пастаўках праз тэрыторыю Беларусі, па транзіце прыроднага газу", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.  "Пры гэтым вы павінны быць абсалютна перакананы ў тым, што гэта не чужая вам тэрыторыя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў Аляксею Мілеру за дакладнае выкананне ўсіх дамоўленасцей. "Дзякуй вам за гэта. І ведайце, што мы гатовы вам заўсёды падставіць плячо", - адзначыў беларускі лідар.

У сваю чаргу Аляксей Мілер падкрэсліў, што "Газпрам" будзе выконваць усе пастаўленыя беларускім кіраўніцтвам мэты і задачы па развіцці газавай галіны ў Беларусі. Кампанія павялічвае аб'ёмы інвестыцый, у прыватнасці гэта датычыцца будаўніцтва газаправодаў у рэгіёнах, газаразмеркавальных станцый. Аляксей Мілер таксама паведаміў аб рашэнні "Газпрама" па павелічэнні ў сярэднетэрміновай перспектыве аб'ёмаў закупак абсталявання ў Беларусі.

Пасля двухбаковай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка і Аляксей Мілер заклалі капсулу на месцы будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпрам Цэнтр".

Новы комплекс будзе размешчаны каля перакрыжавання праспекта Незалежнасці і вуліцы Філімонава побач з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі. Ён аб'яднае дзевяць будынкаў рознай вышыні, у цэнтры кампазіцыі будзе ўзвышацца 36-павярховы будынак, дзе размесцяцца кампаніі групы "Газпрам", што знаходзяцца ў Мінску. У склад цэнтра таксама ўвойдуць гасцінічны комплекс, кангрэс-цэнтр, гандлёвая зона, рэстараны і кафэ, паркінг, шматпрофільны медыцынскі, спартыўны і дзіцячы вучэбна-развіваючы цэнтры. Усе гэтыя аб'екты будуць даступныя жыхарам горада. Паміж комплексам і праспектам Назалежнасці будзе створана паркавая зона. У межах комплексу плануецца ўзвесці акружаны фантанамі адкрыты летні амфітэатр для правядзення канцэртаў і фестываляў. Зімой на гэтай тэрыторыі можа быць арганізаваны грамадскі каток.

Заканчэнне будаўніцтва цэнтра намечана на 2018 год. Як запэўніў Кіраўніка дзяржавы Аляксей Мілер, цэнтр будзе пабудаваны якасна і ў кароткія тэрміны. "Беларусь і Газпрам звязваюць дзесяцігоддзі паспяховага супрацоўніцтва. Газпрам "Трансгаз Беларусь" поўнасцю задавальняе патрэбнасці краіны ў газе, ажыццяўляе планамернае развіццё газавай галіны Беларусі", - адзначыў Аляксей Мілер. Ён звярнуў увагу на рэалізацыю кампаніяй сацыяльных праектаў у Беларусі, у прыватнасці, удзел у аднаўленні аб'ектаў Брэсцкай крэпасці, праграму "Газпрам дзецям", будаўніцтва кватэр для шматдзетных сем'яў.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу "Газпрам Цэнтр" вядзецца ў агавораныя тэрміны. "Вы нават не сумнявайцеся, на вас ніхто ніколі не пакажа пальцам за тое, што вы пачалі гэта будаўніцтва прыкладна на чвэрць мільярда долараў. Гэта вялікія ўкладанні, нават для "Газпрама", і ў няпростыя часы", - сказаў Прэзідэнт.