Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам

7 лютага 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае спакой на фінансавым рынку краіны, у чым бачыць і немалую заслугу Нацыянальнага банка. Аб гэтым ён заявіў 7 лютага на сустрэчы са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам.

У пачатку сустрэчы Прэзідэнт прапанаваў абмеркаваць далейшыя дзеянні і падыходы Нацбанка па падтрыманні фінансавай стабільнасці, у тым ліку магчымыя навацыі. "Нацыянальны банк на гэтым этапе, праз пэўны час, бачыць неабходнасць узмацнення (паўнамоцтваў. - Заўвага) у рамках сусветнай практыкі. Каб узмацніць гэту фінансавую стабільнасць, патрэбны нейкія дадатковыя змяненні ў нашым заканадаўстве, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Якія, я хацеў бы пачуць, каб уяўляць, што мы будзе рабіць, прымаем мы прапанову Нацыянальнага банка або не. Але тое, што мне даложана, я абсалютна падтрымліваю".

Гаворачы пра бягучую сітуацыю, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў спакой на фінансавым рынку і адсутнасць якіх-небудзь насцярожанасцей у сувязі з гэтым у грамадстве. "Як бы нас нехта там не крытыкаваў, тое, што было, і тое, што ёсць - гэта неба і зямля. Можа, некаму не падабаецца вельмі строгая фінансавая палітыка ў дзяржаве, але яна накіравана на захаванне стабільнасці. Таму я баюся гаварыць дзякуй, але тым не менш работнікі Нацыянальнага банка заслугоўваюць гэтай падзякі", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што кіраўнік Нацбанка нясе персанальную адказнасць за забеспячэнне фінансавай стабільнасці. "Кіраўнікі камерцыйных банкаў ведаюць гэтыя падыходы. Старайцеся знайсці з імі агульную мову і выбудаваць бяспечную работу ў сферы фінансаў. Апошнім часам мы менш гаворым пра грошы, фінансы. Кажуць, грошы любяць цішыню. Мы прытрымліваемся гэтых прынцыпаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Прадметам абмеркавання на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Праўлення Нацыянальнага банка Паўлам Калаурам стала таксама правядзенне мерапрыемстваў, прымеркаваных да 25-годдзя беларускага рубля.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, дата 25-годдзя нацыянальнай беларускай валюты павінна прагучаць у грамадстве, і ён пацікавіўся прапановамі кіраўніка Нацбанка наконт гэтага.

"Хто як яе (нацыянальную валюту. - Заўвага) называў: зайчыкам і гэта далей. Але я ўспамінаю тыя часы, калі Ураду, Вярхоўнаму Савету даводзілася дзейнічаць у жорсткіх умовах. Вы гэта ўсе бачылі, з чаго нам даводзілася пачынаць. Мы паступова выбудоўвалі сваю грашовую сістэму, стваралі сваю грашовую адзінку, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ўжо ніхто не кажа, што яна такая-сякая і не такая".
Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь