Сустрэча са старшынёй парламента Грузіі Іракліем Кабахідзэ

  • 1

Беларусь і Грузія будуць актыўна пашыраць гандлёва-эканамічнае і міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Аб актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва ішла размова 20 лістапада на сустрэчы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй парламента Грузіі Іракліем Кабахідзэ.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што візіт грузінскіх парламентарыяў упісваецца ў чараду тых сустрэч, якія нядаўна адбыліся з прадстаўнікамі Грузіі. Гэтыя сустрэчы накіраваны ў тым ліку на падрыхтоўку візіту Прэзідэнта Беларусі ў Грузію, які плануецца ў першай палове будучага года. "Мы аб гэтым дамовіліся і цяпер актыўна працуем разам з вамі па напаўненні маючага адбыцца візіту, каб быў вынік, перш за ўсё ў эканоміцы, у гандлі паміж нашымі дзяржавамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка, назваўшы цалкам рэальным беларуска-грузінскі тавараабарот у памеры $200 млн.

"Пастаўленая мэта ў дасягненні гэтага паказчыка цалкам рэальная, - лічыць Кіраўнік дзяржавы. - Прыкладна палавіну гэтага паказчыка будзем мець ужо ў гэтым годзе. Але, вядома, трэба і далей сур'ёзна працаваць". Далейшыя выразныя крокі па ўзаемадзеянні былі вызначаны на нядаўна праведзеным у Грузіі пасяджэнні міжурадавай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве.

"Што датычыцца палітыкі, магу быць толькі ўдзячны вам. Нягледзячы на якую-небудзь розніцу ў арыенцірах, мы абсалютна па-брацку паводзім сябе ў адносінах адзін да аднаго, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Ведаю, чаго гэта каштуе для Грузіі, але вы заўсёды сумленна і шчыра, яшчэ з часоў Міхаіла Саакашвілі, падтрымлівалі Беларусь. І калі ўсе былі супраць Беларусі настроены, ён заўсёды адкрыта гаварыў аб нашай краіне толькі цёплыя, добрыя словы - у адносінах да нашага народа і нават беларускага Прэзідэнта, хоць гэта было непапулярна".

Паводле слоў Прэзідэнта, цяперашняе кіраўніцтва Грузіі ўжо комплексна, мэтанакіравана, ні ад каго не ўтойваючы, выбудоўвае адносіны з Беларуссю. "Сёння час змяніўся. Але гэта змяненне часу і паляпшэнне нашых адносін з Захадам, з Амерыкай - шмат у чым заслуга Грузіі. Мы вам за гэта вельмі ўдзячныя", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён акцэнтаваў увагу на тым, што яшчэ з таго часу паміж краінамі няма якіх-небудзь адрозненняў у разуменні палітычных працэсаў, супадае ацэнка міжнароднага парадку дня. "Больш таго, мы заўсёды гатовы ісці насустрач адзін аднаму", - выказаў упэўненасць Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама выказаў словы ўдзячнасці грузінскаму боку за перадачу лекавых сродкаў Беларусі на вялікую суму. У сваю чаргу Беларусь дапамагала Грузіі ў цяжкі час, калі гарэў рэліктавы лес, прычым падтрымка была аказана беларускім бокам неадкладна.

"Гэта, вядома, эпізоды, але яны сведчаць аб той давернай атмасферы, якая выбудоўваецца вакол нашых адносін", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Высока ацэньваючы візіт у Беларусь грузінскай дэлегацыі, Прэзідэнт таксама падкрэсліў: "Візіт парламенцкай дэлегацыі вельмі важны. Мы цудоўна ведаем, якую ролю адыгрывае парламент у Грузіі, наколькі ўплывовыя дэпутаты ў грузінскім грамадстве. І не толькі таму. Народная дыпламатыя (а вы - верх народнай дыпламатыі, вы - людзі ад народа), умацаванне міжпарламенцкіх сувязей ствараюць вельмі добрую аснову для таго, каб выбудоўваць тыя ж гандлёва-эканамічныя адносіны. Гэта добрая аснова, і без яе немагчыма стварыць вельмі глыбокія, на доўгую перспектыву адносіны паміж краінамі. Мы надаём вельмі важнае значэнне парламенцкаму вымярэнню, і я ўдзячны вам, што наведваеце Беларусь".


Адзначалася, што напярэдадні сесіі ПА АБСЕ ў Мінску беларускі бок ездзіў у Грузію, дзе праводзілася папярэдняя парламенцкая сесія, каб пераняць вопыт яе арганізацыі.

У час сустрэчы падкрэслівалася таксама, што менавіта за апошнія гады адбылася актывізацыя беларуска-грузінскіх міжпарламенцкіх кантактаў і былі створаны групы дружбы ў парламентах дзвюх краін. У гэтым немалая заслуга і пасольства Грузіі ў Мінску. Цяпер парламентарыі сумесна вызначылі перспектыўны план дзейнасці з тым, каб напоўніць сувязі канкрэтным зместам.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў грузінскай дэлегацыі азнаёміцца з развіццём аграрнага сектара Беларусі з улікам плануемага двухбаковага супрацоўніцтва ў гэтым напрамку, а таксама з патэнцыялам беларускага машына- і аўтамабілебудавання, дрэваапрацоўкі, калійнай галіны. Дарэчы, у Беларусі ўжо вырабляюцца трактары, адаптаваныя да грузінскіх умоў земляробства. На сустрэчы ішла размова і аб пашырэнні кантактаў у галінах фармацэўтыкі, турызму.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць пачатку вытворчасці ў Беларусі аўтамабіляў "Джылі". "Мы разам з кітайскімі партнёрамі пабудавалі гэты завод па выпуску легкавых аўтамабіляў, гэта першы легкавы аўтамабіль, вельмі добры, дастойны атрымаўся, мы яго рабілі на самым высокім узроўні", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы нічога не хаваем. Хочаце паглядзець прадпрыемствы ВПК, мы пакажам ваенную тэхніку, якую мы вырабляем, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Хачу, каб у вас склаліся свае ўражанні пра Беларусь. Што вельмі важна як для нас, так і для вас".

У сваю чаргу Іраклій Кабахідзэ выказаў меркаванне, што Беларусь і Грузія павінны рабіць усё для ўмацавання дружбы паміж народамі. "У нас цудоўныя адносіны і дынаміка вельмі інтэнсіўная", - падкрэсліў ён. Старшыня парламента Грузіі сказаў, што нашы краіны развіваюць канструктыўнае міжпарламенцкае супрацоўніцтва, актыўна ўзаемадзейнічаюць у палітычнай сферы. "Нас звязваюць не толькі цудоўныя палітычныя, дыпламатычныя адносіны, а ў першую чаргу - дружба паміж народамі. Для нас вельмі важна мець цесныя адносіны паміж Грузіяй і Рэспублікай Беларусь. Мы ведаем, што Ваш асабісты ўклад у гэта вельмі вялікі, і мы ўдзячны Вам за ўсё гэта", - сказаў парламентарый.