Сустрэча са Старшынёй парламента Азербайджана Актаем Асадавым

  • 1

Прынцыповая пазіцыя беларускага боку заключаецца ва ўзмацненні парламенцкага вымярэння ў СНД і іншых інтэграцыйных структурах. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 кастрычніка на сустрэчы са Старшынёй Мілі Меджліса (парламента) Азербайджана Актаем Асадавым.

"Наша прынцыповая пазіцыя - ва ўзмацненні парламенцкага вымярэння ў СНД, таксама як у АДКБ і іншых структурах. Гэта наша жалезная пазіцыя", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў СМІ па рознаму інтэрпрэтуюць яго выказванні наконт Міжпарламенцкай асамблеі СНД. "Як быццам беларусы за тое, каб яе разагнаць, хоць мы былі ініцыятарамі ўзмацнення ролі Міжпарламенцкай асамблеі СНД. А калі яна будзе так працаваць, як цяпер, - нешта там абмяркоўваць, - гэта добра, што сустракаюцца, абмяркоўваюць, але павінен быць эфект ад гэтага", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, трэба ўзмацніць гэту структуру ў СНД. "Як узмацняць, мы ўжо ведаем. Таму што парламентарызм у свеце вядомы даўно. Формы і метады работы парламентаў даўно вядомы - выбірай любы і прыстасоўвай да Міжпарламенцкай асамблеі СНД", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць, што МПА СНД у тым ліку павінна мець такое вымярэнне, як кантроль за прынятымі рашэннямі кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў. "У нас гэтага не хапае. І ў гэтым плане ўзнікае неабходнасць больш цеснага кантакту з ведамствамі, у дадзеным выпадку СНД. Чаму міністру таму ці іншаму, або кіраўніку савета міністраў замежных спраў, абароны, дзяржаўнай бяспекі не прыйсці і не далажыць дэпутату, як дзейнічаць будзем, асноўныя пагрозы, як выконваюцца тыя рашэнні, якія прыняты, - падзяліўся прапановамі Аляксандр Лукашэнка. - Думаю і парламент павінен валодаць пэўнымі функцыямі для прыняцця рашэнняў".

Прэзідэнт адзначыў, што калі ёсць жаданне выбудоўваць узаемадзеянне ў больш дэмакратычным ключы, тады трэба міжпарламенцкай структуры даваць больш правоў. "Не гатовы для гэтага - тады давайце адкрыта скажам, што вось пяць напрамкаў для парламента, і больш не трэба. Але гэта павінна быць сумленна і празрыста. Вось мы за што выступаем. А не за аморфную, па вялікім рахунку мала каму патрэбную арганізацыю", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што парламенты Беларусі і Азербайджана могуць унесці значны ўклад у развіццё двухбаковых адносін.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што на сваім вопыце добра ведае, што такое "дэпутацкі хлеб". "І я ведаю магчымасці парламентаў. Так, многія скажуць, што ў Азербайджане і ў Беларусі парламенты не адыгрываюць такую ролю, як недзе на Захадзе. У парламента - заканадаўчай галіны ўлады - ёсць свае функцыі і абавязацельствы. Гэта вышэйшы заканатворчы орган. Яны павінны пісаць і, па-народнаму кажучы, ствараць законы, па якіх жыве грамадства. І вырашаць іншыя праблемы згодна з Канстытуцыяй", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Думаю, што парламенты могуць у нашы адносіны прыўнесці значны ўклад. Я, напрыклад, вельмі прыслухоўваюся да таго, што гавораць кіраўнікі парламента, парламентарыі. Ведаю, Ільхам (Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў) наогул у гэтым плане абсалютна дэмакратычны чалавек. Калі нешта карыснае (ён адукаваны чалавек, інтэлігентны), ён заўсёды прыслухоўваецца да гэтага, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Проста трэба гэта рабіць спакойна (займацца парламенцкай дзейнасцю). Без боек у парламенце, без усялякіх дэманстрацый, якія адхіляюць людзі і ў нас, і ў вас. Мы ж дакладна. Я помню, і забастоўкі былі ў парламенце, і яшчэ нешта. Але парламент не для гэтага".

"У нас свой шлях, і нашы мэты вызначаны, і ролі галін улады таксама вызначаны - і судовай, і заканадаўчай, і выканаўчай. І ў вас, і ў нас прэзідэнты з'яўляюцца каардынатарамі дзеянняў гэтых галін улады", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў Беларусі і Азербайджана шмат напрамкаў супрацоўніцтва, краіны маюць самыя цёплыя і блізкія адносіны. "Мы абсалютна давяраем адзін аднаму. Мы ствараем сумесныя прадпрыемствы і гандлюем з трэцімі краінамі. Мы ідзём разам з вамі далей на поўдзень, на ўсход. І мы будзем прытрымлівацца гэтай палітыкі ў эканоміцы. Гандаль у нас расце, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы гэта ні ад каго не ўтойваем", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўпамянуў, што ў час удзелу ў саміце СНД у Сочы ў яго ў розных фарматах адбыўся абмен думкамі з Прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, і яны даволі доўгі час правялі, абмяркоўваючы многія пытанні адносін. "Вы здзівіцеся: разам з Прэзідэнтам Арменіі - утраіх, часта паджартоўваючы адзін з аднаго. Але ў палітыцы гэта прынята ўвогуле, з намёкам на вырашэнне тых ці іншых праблем", - расказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Я ведаю, што вы міралюбівы народ і, нягледзячы на праблемы ў Карабаху, вы прытрымліваецеся абсалютна мірнай пазіцыі ў гэтым плане. Таму нам, як я ўжо сказаў міністру абароны (Азербайджана), няма ў чым апраўдвацца перад тымі ці іншымі дзяржавамі", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што бакі выбудоўваюць свае адносіны ў адпаведнасці з пажаданнямі народаў Беларусі і Азербайджана, дзеля росту іх дабрабыту. "У гэтых адносінах вы на нас можаце разлічваць. Вы нам людзі не чужыя. Вы нашы браты, мы ў адной дзяржаве жылі. І нам нават абсалютна не перашкаджае, што вы - мусульмане, а мы - хрысціяне", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы папрасіў яшчэ раз перадаць Прэзідэнту Азербайджана самыя цёплыя словы ўдзячнасці за супрацоўніцтва. "Мы будзем ісці тым курсам, які намі вызначаны. І перакананы, што нашы парламентарыі знойдуць сваё месца ў рэалізацыі гэтай дарожнай карты", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.