Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 студзеня на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімірам Андрэйчанкам абмеркаваў кадравы патэнцыял палаты парламента, пытанні заканатворчасці і міжнародную дзейнасць.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся пытаннямі заканатворчай дзейнасці парламента, а таксама папрасіў ахарактарызаваць яго склад з пункту гледжання кадравага патэнцыялу. "Я хацеў бы, каб вы прадставілі мне характарыстыку парламента. Што гэта за парламент, параўнайце з тымі парламентамі, дзе вы працавалі раней. Якая тут тэндэнцыя ў нас, перспектыўныя людзі, - запытаў Аляксандр Лукашэнка. - Вы ведаеце, што парламент - гэта аснова будучага. Тут правяраюцца кадры. Што мы можам тут сказаць і адносна персаналій, калі ёсць такія людзі, якіх мы можам і далей выкарыстоўваць у якасці дзяржаўных служачых на розных пасадах. Таму што ўзровень дэпутата - гэта вельмі высокі ўзровень".

Яшчэ адна тэма, якую абазначыў Прэзідэнт, - гэта вынікі міжнароднай дзейнасці парламентарыяў. Размова не толькі непасрэдна аб міжпарламенцкіх кантактах у частцы заканатворчасці. "Гэта і вялікі эканамічны складнік, ды і дыпламатычны", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Нацыянальным сходам Беларусі сфарміраваны 73 рабочыя групы па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, 13 дэлегацый для ўзаемадзеяння з міжнароднымі парламенцкімі арганізацыямі, а таксама камісіі па супрацоўніцтве з парламентамі Украіны і Арменіі.

Акрамя таго, Прэзідэнт пракаменціраваў дыскусіі вакол супадзення выбарчых кампаній 2020 года. "Парламенцкія выбары - шмат розных пунктаў гледжання, паколькі яны супадаюць з прэзідэнцкімі выбарамі. Мы, вядома, афішыраваць пакуль не будзем яго, але тым не менш у вас пункт гледжання свой ёсць. Як вы бачыце выхад з гэтай сітуацыі?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

"Пры гэтым я хачу сказаць, што мы ні ў якім разе не павінны тут неяк хітраваць, як некаторыя пішуць з пятай калоны ў сродках масавай інфармацыі, асабліва ў інтэрнэце, што Лукашэнка тут пойдзе не нейкія датэрміновыя выбары для таго, каб выйграць час, яшчэ штосьці, - сказаў Прэзідэнт. - Глупства. Я ніколі не іграўся з гэтымі рэчамі і іграцца не збіраюся".

"Калі будзе прынята рашэнне аб тым, каб развесці гэтыя выбары ў часе або ж праводзіць сумесна (мне хацелася б ведаць ваш пункт гледжання), мы аб гэтым скажам загадзя, каб органы ўлады і жадаючыя стаць членамі парламента і кандыдатамі ў прэзідэнты падрыхтаваліся да гэтага. Мы тут нікога падманваць не маем намеру", - падкрэсліў беларускі лідар.

Як расказаў па выніках сустрэчы Уладзімір Андрэйчанка, Аляксандр Лукашэнка рэкамендуе дэпутатам удзяліць прыярытэтную ўвагу пытанням эканамічнага блока. "Кіраўніком дзяржавы рэкамендавана прыярытэтную ўвагу ўдзяліць пытанням эканамічнага блока. Такім, як развіццё прадпрымальніцтва, пытанням самазанятасці насельніцтва, інвестыцыйнай дзейнасці", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама звярнуў сур'ёзную ўвагу на неабходнасць узмацнення работы дэпутатаў у выбарчых акругах, асабліва напярэдадні выбараў у мясцовыя Саветы. "Быць бліжэй да людзей, мясцовых органаў улады, аказваць ім дапамогу ў вырашэнні неабходных пытанняў. Гэта святы абавязак дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў", - падкрэсліў Уладзімір Андрэйчанка.