Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэль Аль Саедам

  • 1

Беларусь адзначае важную ролю Егіпта ва ўрэгуляванні сітуацыі ў рэгіёне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 лістапада на сустрэчы са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў Егіпта Алі Абдэль Аль Саедам, які на чале егіпецкай дэлегацыі наведвае Беларусь.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што беларускі бок удзяляе вялікую ўвагу супрацоўніцтву з Егіптам, асабліва ў кантэксце міжнародных адносін. "Мы вельмі высока цэнім тую ролю, якую зноў адыгрывае Егіпет на Усходзе, у тым неспакойным рэгіёне. Мы вельмі ўважліва назіраем за канфліктам на палесцінскіх землях і той роллю, якую вы адыгрываеце ў стабілізацыі абстаноўкі і ўрэгуляванні адносін паміж Ізраілем і Палесцінай", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў час раней праведзенага дзяржаўнага візіту беларускай дэлегацыі ў Егіпет удалося шмат аб чым дамовіцца. "Мы маем план дзеянняў, як прынята гаварыць дарожную карту развіцця нашых адносін. Я хачу вас запэўніць, што мы поўныя рашучасці прытрымлівацца гэтай дарожнай карты", - заявіў беларускі лідар.

Ён таксама перадаў самыя добрыя словы Прэзідэнту Егіпта: "Мы гатовы прыняць яго ў Беларусі ў любы зручны для яго час, каб ён бліжэй пазнаёміўся з нашымі магчымасцямі, каб мы маглі больш прадметна выбудоўваць адносіны паміж нашымі краінамі".

Акрамя таго, Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць міжпарламенцкага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Егіптам і адзначыў, што ў парламентах існуюць групы дружбы па пашырэнні двухбаковага супрацоўніцтва. "Заўсёды будзем рады вітаць прадстаўнікоў егіпецкага парламента ў Беларусі", - сказаў ён.

У сваю чаргу Алі Абдэль Аль Саед адзначыў, што Прэзідэнт Егіпта ў першай палове 2019 года мае намер наведаць Беларусь. Высокі госць падкрэсліў зацікаўленасць егіпецкага боку ў пашырэнні кантактаў з Беларуссю, чаму будзе садзейнічаць і маючы адбыцца візіт на вышэйшым узроўні. Алі Абдэль Аль Саед перадаў Аляксандру Лукашэнку самыя добрыя прывітанні ад Прэзідэнта Егіпта Абдэля Фатаха Аль Сісі. Старшыня Палаты прадстаўнікоў асабліва адзначыў рэзультатыўнасць праведзенага ў 2017 годзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет, які паслужыў актывізацыі двухбаковых адносін як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферах.

Ён акцэнтаваў увагу на цесным і эфектыўным узаемадзеянні Беларусі і Егіпта ў міжнародных арганізацыях. Алі Абдэль Аль Саед падзякаваў беларускаму боку за падтрымку егіпецкіх ініцыятыў у міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН. "Мы таксама пастаянна аказваем падтрымку ініцыятывам Беларусі ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў Савеце па правах чалавека", - сказаў Старшыня Палаты прадстаўнікоў Егіпта.