Сустрэча са старшынёй Палаты нацыянальнасцей Саюзнага сходу М'янмы Хін Аунг М'інтам

  • 1

Беларусь гатова развіваць супрацоўніцтва з М'янмай па ўсіх напрамках. Аб гэтым 22 мая заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Палаты нацыянальнасцей Саюзнага сходу М'янмы Хін Аунг М'інтам.

"Мы гатовы супрацоўнічаць з вамі па ўсіх напрамках ад падрыхтоўкі цывільных і ваенных у сістэме адукацыі да супрацоўніцтва ў сферах сельскай гаспадаркі, мадэрнізацыі прамысловасці. Вы маеце вельмі вялікія запасы мінеральных рэсурсаў. Мы гатовы прадаставіць вам адпаведную тэхніку як для сельскай гаспадаркі, так і для горназдабыўных прадпрыемстваў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, фундаментам для далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і М'янмай маглі б стаць 3-5 ключавых напрамкаў, якія неабходна вызначыць на двухбаковай аснове. "І вакол гэтага будзе фарміравацца і пашырацца наша гандлёва-эканамічная база", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама запэўніў, што Беларусь гатова зрабіць усё неабходнае, каб двухбаковае супрацоўніцтва пашыралася і прырастала новымі ідэямі і практычнымі крокамі.

У сваю чаргу Хін Аунг М'інт пацвердзіў гатоўнасць М'янмы развіваць узаемавыгадныя адносіны з Беларуссю, таксама ўлічваючы магчымасці выхаду на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза. Акрамя сельскай гаспадаркі і паставак тэхнікі, ёсць добрыя магчымасці для развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі і турызму. У М'янме таксама створаны камітэт па супрацоўніцтве з Беларуссю. "Спадзяёмся, што ў бліжэйшы час мы знойдзем спосаб, як рэалізаваць патэнцыял супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі. Нам патрэбны такія надзейныя партнёры, як Беларусь", - сказаў Хін Аунг М'інт.