Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Судана Ібрагімам Амерам

29 жніўня 2017 года

Беларусь сур'ёзна настроена на паспяховае ажыццяўленне сумесных праектаў з Суданам. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 жніўня на сустрэчы са старшынёй Нацыянальнай асамблеі Судана Ібрагімам Амерам.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, цяпер узровень беларуска-суданскага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ўзрос, за апошнія паўгода візіты ў Хартум ажыццявілі беларускія дэлегацыі самага высокага ўзроўню. Былі разгледжаны пытанні супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, нафты і газу, прыродных рэсурсаў і геалогіі, сельскай гаспадаркі, дрэваапрацоўкі, лёгкай прамысловасці, будаўніцтва і міжбанкаўскага супрацоўніцтва.

"Гэта быў этап вызначэння сумесных праектаў і прадметнага абмеркавання шляхоў іх рэалізацыі, які можна лічыць завершаным. Цяпер вельмі важна неадкладна пачынаць выкананне намечаных планаў, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Беларусь сур'ёзна настроена на паспяховае ажыццяўленне сумесных праектаў з Суданам у названых сферах. Мы разлічваем, што ў кіраўніцтва вашай краіны аналагічны падыход і гэтыя планы атрымаюць падтрымку суданскіх парламентарыяў".

Прэзідэнт адзначыў, што для суданскай дэлегацыі, у якую акрамя парламентарыяў уваходзяць прадстаўнікі ўрада і дзелавых колаў, падрыхтавана насычаная праграма, якая ўключае ў сябе як сустрэчы з афіцыйнымі асобамі Беларусі, так і наведванне асноўных прамысловых, сельскагаспадарчых і навукова-вытворчых пляцовак. "Мы спадзяёмся, што ў ходзе знаёмства з Беларуссю вы зможаце ў поўнай меры адчуць эканамічны, прамысловы, навуковы і культурны патэнцыял нашай краіны. Упэўнены, што ваш цяперашні візіт у Мінск адкрые новыя перспектывы беларуска-суданскага ўзаемадзеяння", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама з вялікай цеплынёй успомніў свой візіт у Хартум і плённыя перагаворы з Прэзідэнтам Судана Амарам аль-Башырам і іншымі прадстаўнікамі кіраўніцтва краіны. "Удзячны суданскім парламентарыям за шчырасць, падтрымку, якую я адчуў у ходзе майго выступлення ў Нацыянальнай асамблеі Судана. Мы разглядаем цяперашні візіт такой прадстаўнічай дэлегацыі як працяг двухбаковага дыялогу, пачатага ў студзені 2017 года. Вельмі важна, што дасягнутыя тады дамоўленасці паспяхова выконваюцца", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што неаднаразова звяртаў увагу кіраўнікоў беларускіх міністэрстваў, рэгіёнаў, прадпрыемстваў на неабходнасць дасканалай прапрацоўкі шляхоў актывізацыі ўзаемадзеяння з Суданам. "Пры гэтым неабходна, каб нашы канструктыўныя палітычныя адносіны выявіліся ў канкрэтных рэзультатах гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва", - падкрэсліў ён.

У сваю чаргу Ібрагім Амер падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за гасціннасць і цёплы прыём і перадаў прывітанне ад Прэзідэнта Судана.

Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь