Сустрэча са Старшынёй Мажыліса Парламента Казахстана Нурланам Нігматуліным

  • 1

Беларусі і Казахстану неабходна прыкласці намаганні для пераадолення спаду ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве як на двухбаковым узроўні, так і ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза. Аб гэтым Кіраўнік беларускай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 сакавіка на сустрэчы са Старшынёй Мажыліса Парламента Казахстана Нурланам Нігматуліным.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што нядаўна абмяркоўваў з Прэзідэнтам Казахстана Нурсултанам Назарбаевым пытанні ўзаемаадносін. "Калі ўсё нармальна складзецца, мы сустрэнемся ў вас на ШАС (саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва), на "ЭКСПА", - сказаў ён.

Гаворачы аб маючай адбыцца міжнароднай выстаўцы "ЭКСПА-2017" у Астане, Прэзідэнт назваў яе знакавай падзеяй у эканоміцы краіны, а таксама ў планетарным маштабе. "Ведаю, як вы рыхтаваліся ў гэты зноў жа няпросты час. Многія цяпер адмаўляюцца ад такіх мерапрыемстваў. Тое, што Казахстан узяў на сябе гэту функцыю і паступова год ад году рыхтаваўся... Гэта сапраўды падзея", - адзначыў беларускі лідар.

Ён заявіў, што ў Беларусі рады таму, што Казахстан удзельнічае ва ўрэгуляванні канфліктаў, якія адбываюцца ў свеце, становіцца пляцоўкай для перагавораў. Аляксандр Лукашэнка дадаў, што прыезд Нурлана Нігматуліна ў Беларусь будзе садзейнічаць не толькі развіццю міжпарламенцкага супрацоўніцтва, але таксама паглыбленню адносін паміж краінамі ў цэлым.

"Работы шмат. Мы заўсёды з Нурсултанам Абішавічам гаворым аб тым, што як бы мы тут ні ўпіраліся, ні стараліся, тавараабарот у нас і ў Еўразійскім эканамічным саюзе, і паміж дзвюма краінамі, на жаль, падае. Гэтыя слабыя месцы вызначаны. Трэба па гэтых напрамках працаваць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Таму што эканоміка - гэта аснова і фундамент адносін паміж дзяржавамі. Калі няма гандлёва-эканамічных сувязей або, больш таго, яны разбураюцца, гэта нікуды не варта. Трэба прыкладаць самыя сур'ёзныя намаганні для таго, каб іх аднавіць".

Беларусі таксама цікавы вопыт дзяржаўных пераўтварэнняў у Казахстане. "Вельмі часта назіраю, аналізую, спрабую вывучыць вопыт дзейнасці (асабліва апошніх месяцаў) вашых вышэйшых органаў улады, перш за ўсё Прэзідэнта. Нам гэты вопыт вельмі карысны, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Мы сапраўды вельмі сур'ёзна і ўважліва вывучаем ваш вопыт. Думаю, што для Казахстана гэта вельмі важныя крокі, якія вы робіце ў імя, перш за ўсё, захавання стабільнасці і незалежнасці вашай дзяржавы".

"Вы спрабуеце ўсялякія рэформы, асабліва па дзяржаўным ладзе, змяненні Канстытуцыі абавязкова падмацоўваць канкрэтнымі эканамічнымі крокамі. Гэта вельмі важна. Гэта добры прыклад для іншых", - сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, само змяненне Канстытуцыі і перадача паўнамоцтваў ад Прэзідэнта, напрыклад, ураду, як гэта адбываецца ў некаторых рэспубліках, можа часам выклікаць незадаволенасць людзей. "А калі людзям гаворыш, у імя чаго гэта робіцца, і падмацоўваеш канкрэтнымі фактамі і задачамі на перспектыву - гэта зусім іншае. Вось гэта іншае якраз характэрна для вас. І вы малайцы, што ў гэты складаны для ўсіх час захоўваеце адзінства краіны", - адзначыў ён.

Прэзідэнт канстатаваў, што ў рэгіёнах, дзе знаходзяцца Беларусь і Казахстан, складваецца няпростая сітуацыя. "Вакол адбываюцца цяжкія падзеі. Вядома ж, спакойнага жыцця ні вам, ні нам ніхто не дасць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Зразумела, што ўсе хвалі так ці інакш на нас накатваюць. Мы таксама гэта разумеем і ведаем, наколькі няпроста цяпер і Казахстану ў тым ліку, асабліва ў той час, калі асноўны наш партнёр перажывае няпростыя часы. А яшчэ тут накладваецца і перадвыбарная кампанія ў Расіі".

"Мы вельмі перажываем за наша аб'яднанне, нашы краіны. Нават у бліжэйшай перспектыве. Я ўжо не гавару аб стратэгічных нейкіх пытаннях", - дадаў Прэзідэнт.

У сваю чаргу Нурлан Нігматулін падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за магчымасць сустрэцца. "Мы гэта разглядаем як знак глыбокай павагі не толькі да Парламента Казахстана, а перш за ўсё да нашага Прэзідэнта і ўсяго казахстанскага народа. Я Вам перадаю вялікае і цёплае прывітанне ад Нурсултана Назарбаева, яго шчырыя пажаданні Вам асабіста і ўсяму беларускаму народу працвітання і далейшых вялікіх поспехаў", - сказаў ён.

Нурлан Нігматулін адзначыў, што ў гэтым годзе Беларусь і Казахстан адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. За гэтыя гады паміж краінамі ўстанавіліся вельмі цесныя кантакты - і перш за ўсё дзякуючы кіраўнікам дзвюх дзяржаў. Ён выказаў упэўненасць, што афіцыйны візіт Нурсултана Назарбаева ў Беларусь, які запланаваны на восень бягучага года, прыўнясе свой уклад у развіццё двухбаковых адносін.