Бел
Галоўная   /  Падзеі

Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам

16 мая 2017 года
Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам
глядзіце таксама: відэа
16 мая 2017 года
Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам
Рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку
глядзіце таксама: фота
13 мая 2017 года
Рабочы візіт у Кітайскую Народную Рэспубліку
23 фота

Беларусь і Кітай дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва і развіваць узаемадзеянне па новых напрамках. Такі вынік перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна, што адбыліся 16 мая ў Пекіне.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рады сённяшняй сустрэчы. Кожная з іх па-свойму асаблівая, і сённяшняя не выключэнне. Дадатковую ўрачыстасць ёй надае той факт, што яна праводзіцца ў год 25-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж краінамі. "Вы сапраўды дарагі друг нашай Беларусі. Напэўна, ужо няма ў Беларусі таго чалавека, які не ведае пра нашы адносіны, пра нашы перспектывы, пра вас як пра Старшыню гэтай вялікай краіны", - заўважыў Прэзідэнт.

Кіраўнікі дзяржаў падзяліліся меркаваннямі аб форуме "Адзін пояс і адзін шлях", які прайшоў у кітайскай сталіцы. Гэта мерапрыемства ўжо абмяркоўваецца ва ўсім свеце. "Гэта вельмі моцны крок, які вы змаглі зрабіць, і самае галоўнае - прыцягнуць да гэтага больш як 100 краін нашай планеты. Мы ганарымся тым, што былі першымі ў Еўропе і аднымі з першых у свеце, хто не проста падтрымаў ідэю "Аднаго пояса і аднаго шляху", а пачаў рэалізацыю гэтага маштабнага праекта на тэрыторыі Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар прызнаўся, што абмяркоўваў правядзенне мерапрыемства з прадстаўнікамі многіх краін. "Самым яркім і самым моцным (я за 20 з нечым гадоў работы Прэзідэнтам такога не бачыў) было ваша ўступнае слова. Мы ўзялі гэта выступленне і прааналізуем яго дома. Гэта навука для любога кіраўніка дзяржавы. Гэта было маштабнае і вельмі канкрэтнае выступленне, - падкрэсліў ён. - Гавару не для ліслівасці. Гэта сапраўды меркаванне не толькі маё".

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў цікавую форму правядзення мерапрыемства і яго маштабнасць, яркую праграму для ўдзельнікаў і магчымасць правесці двухбаковыя перагаворы. "Ніхто тут часу дарэмна не марнаваў", - заявіў Прэзідэнт.

Асноўны час перагавораў лідары дзвюх краін прысвяцілі абмеркаванню рэалізуемых праектаў і перспектыў рэалізацыі новых ініцыятыў, паглыбленню супрацоўніцтва ў самых розных галінах.

Сумеснае развіццё беларуска-кітайскага супрацоўніцтва не абмяжоўваецца эканамічнай і інвестыцыйнай сферамі. Так, Беларусь усяляк падтрымлівае рашучасць Кітая браць на сябе абавязацельства абараняць мір ва ўсім свеце. "Прыкладам гэтага з'яўляюцца ўзаемаадносіны нашых краін у галіне забеспячэння бяспекі, ваеннай сферы і па лініі спецыяльных службаў, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Стварэнне сумеснай пастаянна дзеючай рабочай групы па барацьбе з каляровымі рэвалюцыямі і процідзеянні міжнароднаму тэрарызму, унутранаму сепаратызму і рэлігійнаму экстрэмізму надасць новы імпульс узаемадзеянню ў гэтых сферах".

Беларусь таксама зацікаўлена ў далейшым пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, у тым ліку рэалізацыі праектаў па мадэрнізацыі рэактыўнай сістэмы залпавага агню "Паланэз", распрацоўцы сучасных узораў узбраення, ваеннай тэхнікі і іншай экспартна арыентаванай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння.

Акрамя таго, Дзяржаўны сакратарыят Савета Бяспекі Беларусі і Міністэрства грамадскай бяспекі Кітая выходзяць на падпісанне новых пагадненняў, якія будуць садзейнічаць наладжванню больш цесных кантактаў па такіх важных напрамках, як следчая і экспертная работа, узгодненая міграцыйная палітыка.

"Наша ўзаемадзеянне ў галіне бяспекі ў поўнай меры адлюстроўвае ўзровень давернага ўсебаковага стратэгічнага партнёрства і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва", - падкрэсліў беларускі лідар.

Новыя шляхі для пашырэння ўзаемадзеяння ёсць і ў турыстычнай сферы. Напрыклад, краіны вывучаюць магчымасць узаемнага ўвядзення бязвізавага рэжыму да 30 дзён. Кіраўнікі дзяржаў даручылі кампетэнтным органам прадметна прапрацаваць гэта пытанне.

У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі і Сі Цзіньпіна таксама была дзейнасць індустрыяльнага парка "Вялікі камень". Прэзідэнт паведаміў, што напярэдадні візіту ў Кітай падпісаў указ, які стварае новыя прывабныя ўмовы работы для яго рэзідэнтаў. Бакі канстатавалі, што неабходна прадаўжаць работу па прыцягненні ў парк новых кампаній, ствараць ім камфортныя ўмовы для работы.

Абмяркоўвалася ў час перагавораў і супрацоўніцтва ў інвестыцыйнай і крэдытна-фінансавай сферы. Кітай разгледзіць магчымасць выдзялення Беларусі сродкаў для завяршэння мадэрнізацыі нафтаперапрацоўчых заводаў. Гэтыя праекты тэхнічна складаныя, а ўладальнікамі тэхналогій з'яўляюцца ў асноўным еўрапейскія і амерыканскія кампаніі, таму ад магчымасці прадастаўлення нязвязаных крэдытаў залежыць паспяховасць і эфектыўнасць іх рэалізацыі. Паводле ацэнак спецыялістаў, неабходная сума складае амаль $1 млрд.

Старшыня КНР адзначыў, што Беларусь і Кітай дабіліся значных вынікаў у развіцці двухбаковага супрацоўніцтва і заўсёды дасягаюць кансэнсусу па прынцыповых пытаннях. "Я ўпэўнены ў добрай будучыні нашых адносін", - заявіў ён.

Па выніках сустрэчы бакі падпісалі міжурадавае пагадненне аб тэхніка-эканамічнай дапамозе, якая будзе накіравана на падтрымку будаўніцтва сацыяльнага жылля ў Беларусі. Акрамя таго, бакі заключылі міжурадавае пагадненне аб развіцці міжнародных грузавых перавозак і супрацоўніцтве ў рэалізацыі канцэпцыі будаўніцтва Эканамічнага пояса Шаўковага шляху.

© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь