Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстром

11 верасня 2018 года
Беларусі цікавы вопыт Савета Еўропы ў сферы мясцовага самакіравання. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 верасня на сустрэчы са старшынёй Кангрэса мясцовых і рэгіянальных улад Савета Еўропы Гудрун Мослер-Цёрнстром.

"Мясцовае самакіраванне, кіраванне рэгіёнамі - гэта вельмі важная ў сучасным свеце тэма. І тое, што Савет Еўропы ўдзяляе гэтаму вялікую ўвагу, дарагога варта. І мы хацелі б бліжэй пазнаёміцца з вашым вопытам, таму цесна супрацоўнічаем з кангрэсам", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што круглы стол, які пройдзе ў Савеце Рэспублікі, прынясе пэўную карысць не толькі Беларусі, але і ў цэлым Еўропе, а таксама самому кангрэсу. Прэзідэнт Беларусі падзякаваў Гудрун Мослер-Цёрнстром за магчымасць правесці ў Мінску такое мерапрыемства. "Я хачу вас запэўніць, што мы зробім усё для таго, каб яно было паспяховым", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў Беларусі ёсць вопыт міжрэгіянальнага супрацоўніцтва з Расіяй, Украінай, краінамі Балтыі ў рамках трансгранічных праграм. "Восенню ў нас адбудуцца два буйныя мерапрыемствы. У кастрычніку - сустрэча кіраўнікоў рэгіёнаў Расіі (Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі), а затым у канцы месяца - Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны. Я з задавальненнем хачу запрасіць вас, калі ў вас будзе час, на гэтыя мерапрыемствы. І вы ўбачыце ўжо адчувальныя вынікі ад рэгіянальнага супрацоўніцтва", - адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што гатовы абмеркаваць любыя пытанні, якія ёсць у старшыні кангрэса.

У сваю чаргу Гудрун Мослер-Цёрнстром адзначыла, што круглы стол - толькі пачатак супрацоўніцтва ў сферы мясцовага самакіравання. Яна падкрэсліла адкрытасць узаемадзеяння бакоў, а таксама тое, што абедзвюм структурам ёсць чаму павучыцца адна ў адной.
Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь