Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча са Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі Валерыем Вакульчыкам

1 лютага 2018 года
Сустрэча са Старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам
глядзіце таксама: відэа
1 лютага 2018 года
Сустрэча са Старшынёй КДБ Валерыем Вакульчыкам

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае асаблівую ролю КДБ у забеспячэнні бяспекі краіны. Аб гэтым ён заявіў 1 лютага на сустрэчы са Старшынёй гэтага ведамства Валерыем Вакульчыкам.

"Нас многія крытыкуюць, што мы, як рэтраграды, пакінулі старую назву КДБ. Але сёння ўжо многія, мы так публічна не абмяркоўваем, але пры абмеркаванні з маімі калегамі я бачу, што яны нам зайздросцяць. Зайздросцяць не таму, што мы захавалі традыцыі. Хоць гэта таксама вельмі важна. Нам саромецца старога няма чаго. Да нас прэтэнзіі - да чэкістаў - прад'явіць цяжка. Па-першае, мы былі часткай сістэмы, і тым не менш непарадку ў нас у Беларусі заўсёды было менш. Таму я адкрыта аб гэтым сказаў - нам саромецца няма чаго", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Камітэт дзяржаўнай бяспекі - гэта самая дакладная назва цяпер, у сучасным свеце. Можна службамі называць, але мы з-за тых тэндэнцый, якія ў свеце адбываюцца, захавалі, і гэта вельмі актуальна, гэту назву. Мы забяспечваем дзяржаўную бяспеку па ўсіх напрамках", - падкрэсліў беларускі лідар.

Паводле яго слоў, вельмі важная лінія работы КДБ - разведка і контрразведка. "Гэта самыя важныя напрамкі дзейнасці КДБ. Вельмі востра сёння стаіць пытанне барацьбы з тэрарызмам - важнейшы напрамак процідзеяння. Ну і бяспека нашых грамадзян - гэта не толькі камусьці па руках надаваць, хто сябе дрэнна паводзіць у грамадстве, на вуліцы і гэтак далей. Дзяржбяспека сёння для Беларусі перш за ўсё - эканамічная бяспека. КДБ таксама ўдзяляе вялікую ўвагу гэтай рабоце, хоць асноўным дзеячам у гэтай сферы з'яўляецца Камітэт дзяржкантролю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў КДБ за добрую работу ў сферы барацьбы з карупцыяй. "За што я хачу вам падзякаваць, можа, гэта не толькі ваша функцыя, - за работу ў напрамку антыкарупцыйнай дзейнасці. Ніхто больш за КДБ сёння ў гэтым плане не зрабіў. Асабліва па пытаннях значных злачынстваў у сферы карупцыі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Карупцыя - гэта іржа. Што б мы ні рабілі ў грамадстве, якія б у нас ні былі законы, дзяржаўны лад, эканоміка, якая б развітая ні была, але калі карупцыя, як у некаторых вядомых нам дзяржавах зашкальвае, калі супраць яе не змагаюцца, ніякага руху наперад і развіцця краіна не атрымае. Таму карупцыя - гэта страшная іржа, супраць якой трэба змагацца. Вельмі шкада, што некаторыя ведамствы, якія гэтым займаюцца, не выйшлі на ваш узровень. Але гэта ўжо маё пытанне. Я ўжо дацягну іх да ўзроўню эфектыўнай барацьбы, як у вас гэта функцыянуе. Гэта мы падправім", - заявіў беларускі лідар.

"Вы працуеце і з пракуратурай, і МУС, і Следчым камітэтам, але ўсё ж такі ў вас гэта работа ідзе больш сумленна. З вамі не дамовішся. З вамі ніводны злачынец, я так лічу, не дамовіцца. Бязлітасная барацьба з карупцыяй - гэта абарона нашай дзяржавы ад прамога развалу і ўнутранага процістаяння. Таму што народ цярпець карупцыю не будзе. Гэта абавязкова прывядзе да нейкіх узрушэнняў. Няхай не кардынальных і рэвалюцыйных, але ўладзе цяжка будзе працаваць, калі краіна карумпавана", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Тэгі: Сустрэчы
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь