Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча са Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам

27 лютага 2020 года

Беларусь гатова да рэальнай інтэграцыі, але без прымусу. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 лютага на сустрэчы са Старшынёй Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам.

"Мы застаёмся, як заўсёды, прыхільныя да рэальнай інтэграцыі без прымусу да інтэграцыі (новы тэрмін з'явіўся ў саюзе - "прымус да інтэграцыі"). І дзіўна, што пачалося гэта з прымусу да інтэграцыі Беларусі. Разумееце, пра што ідзе гаворка", - заявіў беларускі лідар.

Ён нагадаў, што яшчэ разам з першым Прэзідэнтам Расіі Барысам Ельцыным беларускі бок заўсёды ініцыяваў рэальную інтэграцыю: "нашых дзяржаў - Расіі і Беларусі, эканомік, жыцця людзей і гэтак далей. Захоўваючы суверэнітэт і незалежнасць".

"Мы тады наогул не гаварылі аб тым, што нехта павінен страціць суверэнітэт і незалежнасць. Пры ўсіх складанасцях у тыя часы мы знаходзілі развязкі па складаных пытаннях. Калі разбагацелі, асабліва Расія, пачаліся незразумелыя таўкатня і валтузня. І, як я ўжо сказаў, прымус да інтэграцыі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь адназначна выступае за рэальную інтэграцыю на класічных прынцыпах, якія ведае ўвесь свет.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся ў святле апошніх падзей у беларуска-расійскіх адносінах. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што Расія ў ролі вядучай краіны павінна генерыраваць ідэі і ажыццяўляць іх, ісці ў авангардзе. "Гэта не толькі з намі. Проста тое, што адбываецца з Беларуссю, - гэта больш відавочна, гэта ў СМІ, гэта вельмі балюча, можа, для асобных у Расіі. Хаця я сумняваюся, што там балюча. Ідзе балбатня і розныя накаты і прапаганда. Вы, напэўна, чытаеце ўсе гэтыя СМІ. Я ўжо нагадваў, што ўзялі за два тыдні (публікацыі. - Заўвага) і Прэзідэнту Расіі перадалі ўсё, што пішуць пра Беларусь, беларускага Прэзідэнта і гэтак далей. Але няхай, гэта іх справа", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт заявіў, што стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года павінны стаць сур'ёзным дакументам без усялякіх агаворак. "Мы плануем падпісаць у маі бягучага года ў Мінску стратэгію інтэграцыі да 2025 года. Вядома, мы павінны прапанаваць сур'ёзны варыянт гэтай стратэгіі. Без усялякіх там агаворак і гэтак далей. Калі мы хочам пабудаваць наш саюз на рэальных прынцыпах інтэграцыі (а мы іх павінны ў гэтай стратэгіі яшчэ раз нагадаць, калі нехта забыў), мы павінны прапанаваць рэальную праграму гэтай інтэграцыі", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама лічыць, што работу па стварэнні агульных рынкаў у ЕАЭС трэба праводзіць паэтапна, не чакаючы дамоўленага 2025 года. "Трэба прадугледзець, каб не атрымалася так: у снежні 2024 года збяромся і, як звычайна, аб нечым не дамовіліся, нехта не гатовы працаваць па адзіных прынцыпах рынку нафты, газу, аграрнай, алкагольнай прадукцыі. І мы пачынаем потым выключэнні прыдумваць нейкія або пакідаць абмежаванні і гэтак далей. Таму трэба да 2025 года ісці паэтапна", - заявіў Прэзідэнт.

"Калі мы гаворым пра адзіны рынак нафты, газу (для нас гэта важна, таму я бяру гэты прыклад), значыць, у 2021-2024 гадах павінны паэтапна падысці фактычна да адзіных прынцыпаў цэнаўтварэння", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама заўважыў, што ў ЕАЭС не хапае дэкларуемых свабод. "Тых свабод, якія мы некалі дэкларавалі, сёння практычна няма. Або яны ёсць, можна сказаць мякка, не ў поўным аб'ёме. Дапусцім, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Гэта фундамент будаўніцтва нашага саюза. Мы да гэтага часу гэтага не маем. І ведаеце чаму - пафігізм, які грунтуецца на нейкай абыякавасці асобных дзяржаў. Іншыя бачаць сябе ў іншым саюзе, проста целяпаюцца ў ЕАЭС і чакаюць нейкага зручнага моманту, каб выскачыць з яго. Ці ж проста так: няхай, і далей будзем целяпацца", - заявіў беларускі лідар.

"Таму павінны быць рэалізаваны хаця б гэтыя класічныя адзіныя прынцыпы. Гэтага пакуль няма", - падкрэсліў ён.


Аляксандр Лукашэнка прывёў даныя, што ў ЕАЭС цяпер ёсць 14 выключэнняў, 37 абмежаванняў і 15 бар'ераў. "Іх жа даўно трэба было зняць. У адваротным выпадку, які інтарэс у гэтым саюзе. Што нас трымае ў саюзе, калі вакол перашкоды, бар'еры і выключэнні", - паставіў пытанне Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што саюз будуецца для таго, каб стварыць роўныя ўмовы для кампаній, прадпрыемстваў і людзей. "Але з таго часу, як пачалі будаўніцтва саюза, мы ўсё больш і больш адыходзім ад гэтых роўных умоў. Больш таго, пачынаюцца незразумелыя патрабаванні і прымушэнні, манапалізм", - звярнуў увагу Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка ў прыватнасці закрануў тэму цэнаўтварэння на прыродны газ, які пастаўляецца з Расіі. "Нам гавораць: $127 (за 1 тыс. куб.м) - гэта добра. Вы ведаеце, па колькі Польшча сёння атрымлівае амерыканскі газ, які трэба перавесці ў вадкі стан, прывезці сюды, рэгазіфікаваць і па трубе паставіць? $90!" - сказаў Прэзідэнт.

"Мы расіянам гаворым (як яны прапанавалі): давайце як у мінулым годзе. У мінулым годзе, з улікам ператаможкі нафты (працэдура ператаможкі адносна часткі пастаўляемай расійскай нафты адменена ў 2020 годзе, у выніку чаго бюджэт Беларусі страчвае значныя сродкі. - Заўвага), было $110-$111. "Не, давайце $127". На біржы сёння ўжо ніжэй за $100 таргуецца газ. Гэта што, нармальна? Гэта што, прымус да інтэграцыі?" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама нагадаў, што расійскія кампаніі неабгрунтавана настойвалі на выплаце ім дадатковай прэміі пры пастаўках нафты ў Беларусь: "мы вам прададзім нафту па сусветнай цане, але вы яшчэ нам на кожнай тоне заплаціце прэмію". "Дык прэмію плацяць тым, хто купляе. Калі мы купляем тавар, матывуйце, вы нам прэмію дайце. Не. Чаму - таму што няма нармальных правіл. Права сілы - нахіліць, прымусіць. Гэта ненармальна. І ў СМІ робяцца кожны дзень атакі: Лукашэнка нечага хоча. Ды я ўжо нічога не хачу, акрамя таго, аб чым мы дамовіліся", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Не паспелі з Пуціным дамовіцца аб тым, што яны нам за кошт прэмій або нечага там (гэта іх справа) кампенсуюць зніжэнне гэтай пошліны (калі, напрыклад, мы $1 млрд ад пошліны атрымлівалі ў мінулым годзе, а сёння $700 млн, то $300 млн Расія кампенсуе), вечарам ужо міністры па-свойму трактуюць нашы дамоўленасці - двух прэзідэнтаў. Бяру запіс размовы: дакладна, чорным па белым была дамоўленасць, што розніцу нам кампенсуюць. Гэта значыць, фінансава мы застанёмся на ўзроўні мінулага года. Гэтага няма. Ну што гэта за саюз такі", - заявіў Прэзідэнт.

Ён таксама адзначыў, што лічыць важным заняцца ў ЕАЭС фундаментальнай інтэграцыяй. "Няма ў нас адзінай прамысловай, аграрнай палітыкі. Абсалютна няма. Замест таго, каб дамовіцца і працаваць, і гэтым самым аб'ядноўвацца, паказваць прыклад тым, хто не ўступіў у наш саюз, мы развялі нейкую цяганіну і валтузню, якая даходзіць да мардабою. Хто ж будзе хацець у такі саюз уступаць, калі мы самі не можам у гэтым разабрацца - тры дзяржавы, якія стварылі гэты саюз, і Кыргызстан і Арменія, якія далучыліся", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што нічога ў гэтым плане не трэба ўтойваць. "Мы павінны ў сваё старшынства сумленна і адназначна ўносіць прапановы. У кожнага ж права вета. Згодзіцца тая ці іншая дзяржава або не, гэта яе права. Але мы павінны на фундаментальных прынцыпах нарэшце пачаць будаўніцтва гэтага саюза, калі хочам яго пабудаваць. Калі не, не трэба дурыць адзін аднаму галаву, - кожны будзе шукаць свой напрамак развіцця і думаць, дзе яму быць", - лічыць Прэзідэнт.

Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што адносіны Беларусі і Расіі з'яўляюцца стрыжнем гэтага саюза. "Гэта паказчык, маяк. Мы тут павінны былі дэманстраваць. І прытым, мы ж не просім чагосьці ў свайго галоўнага саюзніка, як і іншых. Мы самі можам зарабіць і больш аддаць, як гэта было ў савецкі час. Беларусь больш заўсёды аддавала ў саюзны бюджэт, чым адтуль атрымлівала. І мы гатовы сёння ў гэтым напрамку працаваць, але павінна быць гэта прынцыпова, сумленна і прыстойна", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь