Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам

  • 1

Перспектывы развіцця прафсаюзнага руху абмеркаваны 19 мая на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.

"Яшчэ раз падкрэсліваю: я буду значную ўвагу ўдзяляць развіццю прафсаюзнага руху. Гэта наша апора і мая як Прэзідэнта. Я акуратна назіраю за тым, што адбываецца ў прафсаюзах", - сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў на сустрэчы абмеркаваць падзеі, якія адбываюцца ў прафсаюзным руху, у тым ліку работу па ўпарадкаванні структуры прафсаюзаў. "Для мяне вельмі важна, як ідзе структурная перабудова, аб якой мы некалі дамаўляліся з вамі. Перш за ўсё, унізе. Як ствараюцца пярвічныя арганізацыі на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці, як ідзе працэс, ці няма тармажэння, - пацікавіўся Прэзідэнт. - А наверсе мы гаварылі аб галіновых прафсаюзах. У нас вельмі ўжо шмат іх было. І тады было пастаўлена вамі пытанне аб аб'яднанні падобных галіновых прафсаюзаў".

Аляксандр Лукашэнка заявіў аб падтрымцы дзяржавай развіцця партыйнай сістэмы, але ніякіх штучных крокаў у гэтым напрамку рабіцца не будзе. "Калі партыі, якія існуюць, здольны да ўзнаўлення, узмацнення, павышэння колькасці, мы будзем гэты працэс падтрымліваць. Прытым і апазіцыйныя, і неапазіцыйныя", - сказаў Прэзідэнт.

Адначасова Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў краіне ёсць дзве магутныя арганізацыі - прафсаюзы колькасцю больш як 4 млн чалавек і грамадскае аб'яднанне "Белая Русь". "Гэта не значыць, што я буду першарадную ўвагу ўдзяляць іх падтрымцы. Але я не ўтойваю свайго стаўлення да гэтых дзвюх магутнейшых арганізацый. Яны адыгрывалі і будуць адыгрываць больш істотную ролю ў жыцці нашага грамадства", - заявіў беларускі лідар.

Прэзідэнт, у прыватнасці, падтрымаў ініцыятыву Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі аб народным кантролі за цэнамі ў гандлёвых аб'ектах. "Удзячны за тое, што ініцыятыўным чынам вы падключаецеся да кантролю за выкананнем пастаўленых трох задач: цэнаўтварэнне, занятасць, заработная плата, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Чуў, што вы хочаце арганізаваць народны кантроль за цэнамі ў магазінах. Усё ў справаздачах статыстыкі і правільна, і добра па методыках, але ў магазінах па асноўных таварах, асноўных прадуктах харчавання сітуацыя можа быць іншая. Якая яна - хто як не прафсаюзы гэта лепш за ўсё ведаюць. Таму я вельмі падтрымліваю гэту ініцыятыву аб кантролі за цэнамі непасрэдна ў гандлёвых арганізацыях".

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што традыцыйна прафсаюзы ўдзельнічаюць у вырашэнні пытанняў у сферы занятасці. "Я таксама буду прасіць, каб вы ад гэтага пытання не адыходзілі. І заработная плата як вынік. Гэтыя пытанні трымайце ў полі зроку", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў прафсаюзы да больш актыўнай ролі ў развіцці вялікага спорту. "У прафсаюзаў велізарны спартыўны пласт. Па вашых справаздачах, вы кожны год ледзь не паўтысячы выдаяце наверх спартсменаў, якія гатовы стаць вялікімі. А дзе яны? Іх не відаць, - адзначыў Прэзідэнт. - Таму тут нам таксама трэба нешта зрабіць, каб у вас цэлая галіна была. Можа, і не трэба нікуды іх перадаваць. А калі і перадаваць, то іх трэба весці, кантраляваць, каб мы іх не страцілі. А так вы, быццам, 500 чалавек і перадалі, а рэзультатаў у вялікім спорце мы не бачым".

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прадумаць адпаведную сістэму, каб максімальна садзейнічаць самарэалізацыі перспектыўных спартсменаў. Ён адзначыў, што ў асобе прафсаюзнага спорту галіноваму міністэрству і дзяржаве ў цэлым неабходна моцная падтрымка ў гэтым напрамку.

Прэзідэнт нагадаў, што цяпер адбываецца сур'ёзнае перафармаціраванне спартыўнай галіны ў Беларусі, да кіраўніцтва федэрацыямі прыходзяць спецыялісты са сферы спорту, а кіраўнікі дзяржорганаў высокага рангу будуць узначальваць наглядальныя саветы. Адзін з прыкладаў - федэрацыя біятлона. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры былым становішчы спраў федэрацыямі часам было цяжка кіраваць, і многія адпаведныя пытанні зноў былі замкнёны на Прэзідэнта.

На сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Міхаілам Ордам таксама абмяркоўваліся праблемныя пытанні ў сферы ўліку страхавога стажу, неабходнага для налічэння пенсіі. Размова, у прыватнасці, ішла аб людзях, якія даглядаюць інвалідаў, шматдзетных сем'ях. Падрыхтаваны праект указа, які будзе ўнесены на разгляд Кіраўніка дзяржавы.

Акрамя таго, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе 2018 год у Беларусі аб'явіць Годам чалавека працы, што ў тым ліку павінна садзейнічаць павышэнню прэстыжу рабочых спецыяльнасцей.