Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам

10 лістапада 2020 года

Улада ў Беларусі будзе падтрымліваць прафсаюзы на ўсіх узроўнях. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 10 лістапада на сустрэчы са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.

"Хачу вас папярэдзіць, што вам не трэба перад кімсьці апраўдвацца. Таму што мы бачым, і я асабліва, які сёння ажыццяўляецца накат на афіцыйныя прафсаюзы. Таму ні ў якім выпадку ніхто не павінен ні перад кім апраўдвацца. Тым больш ісці ў абарону. Прафсаюзы працавалі і будуць працаваць. Улада будзе падтрымліваць прафсаюзы на ўсіх узроўнях", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што і сам у свой час кіраваў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй, а таму добра знаёмы з адпаведнай спецыфікай, калі прафсаюзы заўсёды знаходзяцца паміж молатам і кавадлам: "З аднаго боку працаўнікі, інтарэсы і правы якіх прафсаюзы абараняюць, з іншага - інтарэсы кіраўніцтва прадпрыемства". "І тады я асабліва выразна адчуў, што такое прафсаюзы і прафсаюзны рух. Ніколі ім не было проста, ніколі!" - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, які націск ажыццяўляецца ў цэлым на краіну. "А прафсаюзы, паколькі яны занялі жорсткую пэўную пазіцыю, - на іх ажыццяўляўся і ажыццяўляецца гэты накат. Таму трэба да гэтага спакойна ставіцца. Нехта пойдзе з прафсаюзаў. Мізэрная колькасць у параўнанні з той колькасцю, якая ў вас ёсць. Хтосьці захацеў выйсці - няхай выходзіць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта справа кожнага. Хтосьці захацеў паехаць - няхай едзе, не трэба нікога трымаць. Вось сёння прыйшла інфармацыя з Латвіі. Некаторыя туды паехалі, паклікалі іх туды. І дзе яны цяпер жывуць у гэтай краіне? У нейкай рэзервацыі за два з паловай долары ў дзень. Дзе мільёны, якія абяцалі, або хаця б тысячы долараў?"

"Таму няхай людзі паспрабуюць. Калі яны паспрабуюць гэта ўсё, яны зробяць адпаведныя высновы. Гэта да таго, што мы і вы ні перад кім не павінны апраўдвацца. Вы праводзіце тую лінію, якая прапісана ў вас у статуце, згодна з нашымі законамі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт акцэнтаваў увагу кіраўніка ФПБ на двух важных напрамках, якія датычацца паўсядзённага жыцця людзей. Першы - гэта маніторынг цэн на спажывецкім рынку, чым паспяхова ўжо займаюцца прафсаюзы. Другі - сфера жыллёва-камунальных паслуг, асабліва што датычыцца іх якасці.

"Мы дамаўляліся, і я прасіў прафсаюзы, каб яны строга ўзялі пад кантроль цэнаўтварэнне. Я бачу, што прафсаюзы больш нават, чым дзяржаўныя органы, займаюцца гэтай праблемай. І паверце, людзі, якіх вы павінны падтрымліваць, гэта ацэняць. Яны ўжо ацанілі", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што трэба кантраляваць цэны адносна тых некалькіх дзясяткаў пазіцый, у якіх перш за ўсё маюць патрэбу звычайныя людзі. "Нічога страшнага. Не трэба тут заяўляць аб тым, што гэта рынак, яшчэ нешта, дэмакратыя... Убачылі і рынак, і дэмакратыю. Ва ўсіх краінах, не толькі ў Еўропе, але і Амерыка прадэманстравала сваю дэмакратыю. Таму інтарэсы народа, інтарэсы нашых працаўнікоў павінны ляжаць у аснове нашай палітыкі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Што датычыцца сферы жыллёва-камунальных паслуг, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў частцы фарміравання тарыфаў сітуацыя знаходзіцца пад кантролем. "Але на якасць трэба звярнуць увагу. Паслугі менавіта, як яны аказваюцца. Яны заўсёды ў сацыяльных апытаннях ідуць на першым месцы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Вось дзве праблемы (цэны на спажывецкім рынку і якасць ЖКП. - Заўвага). Прафсаюзы павінны строга ўзяць на кантроль", - падкрэсліў Прэзідэнт.

"Мы з вамі дамаўляліся, што да канца гэтага года прафсаюзныя арганізацыі будуць створаны на ўсіх прыватных прадпрыемствах. Гэта пытанне да канца года павінна быць вырашана", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Калі толькі да канца года прыватныя прадпрыемствы не створаць па вашых патрабаваннях прафсаюзныя арганізацыі, гэтыя прыватныя прадпрыемствы будуць ліквідаваны. Вы павінны ўнесці гэтыя прапановы. Жартаваць мы не будзем больш. Мы бачым, як некаторыя сябе павялі і ўзялі курс на знішчэнне дзяржавы і дзяржаўнасці ў нашай краіне. Добра, гэта мы разбяром па асобных напрамках. Але прафсаюзныя арганізацыі павінны быць створаны. І вы ад гэтага адступаць ні ў якім разе не павінны", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

"Хочаш быць членам прафсаюза - будзь, не хочаш - калі ласка. Але ў кожнай кампаніі, прыватнай і дзяржаўнай, павінна быць прафсаюзная арганізацыя. Так, як мы дамаўляліся, і так, як вы вырашылі. Я пра гэта сказаў на з'ездзе прафсаюзаў. Таму павінна быць гэта рэалізавана. Усе павінны разумець дзяржаўную пазіцыю", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


Кіраўнік дзяржавы згадаў аб сітуацыі з распаўсюджваннем каранавіруса і адзначыў правільнасць таго шляху, па якім першапачаткова пайшла Беларусь у процідзеянні гэтай праблеме: "Цяпер ужо ўсе разумеюць, што я маю рацыю. Гэта псіхоз, самы сапраўдны, ва ўсім свеце. Яшчэ раз падкрэсліваю тое, што гаварыў да выбараў: камусьці гэта выгадна. Цяпер мы ўжо бачым, каму".

"Свет цяпер пачалі перакройваць. І кавід - гэта не медыцынскі тэрмін. Гэта не толькі і не столькі хвароба. Гэта нават не эканоміка сёння. Гэта ўжо глабальная палітыка. Пачалі перакройваць свет. Успыхнулі ўсюды бунты і мецяжы. Але ці тое яшчэ будзе ў сувязі з наступствамі абрушэння эканомікі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён канстатаваў, што, напрыклад, спад у асобных краінах ЕС у бягучым годзе прагназуецца ў аб'ёме да 20% ВУП. "Злучаныя Штаты абрушыліся. Там адзін працэнт абрушэння - гэта рушыцца ўся сусветная эканоміка. Кітай недаатрымлівае той ВУП, які быў. Таму ці тое яшчэ будзе!"- заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым акцэнтаваў увагу на важнасці захавання ўстойлівасці ў Беларусі, нягледзячы на ўсе магчымыя цяжкасці. "Нашы пратэстуны, і збеглыя асабліва, якія сядзяць у Польшчы і Літве, разлічваюць на тое, што да вясны эканоміка абрушыцца, як усюды, і "мы тут прыйдзем, возьмем Беларусь цёпленькай". Нічога падобнага! Не возьмуць яны Беларусь цёпленькай! Мы выстаім! - заявіў Прэзідэнт. - Няпроста будзе ў эканоміцы. Пастараемся вытрымаць тое, што ёсць на сёння. Але людзям трэба гаварыць, да людзей трэба даносіць - да працоўных калектываў, арганізацый, што гэты час будзе няпросты. І той, хто набярэцца мужнасці, сілы і вытрымае, той захаваецца і захавае сваю дзяржаву".

Кіраўнік дзяржавы назваў казкамі меркаванне аб тым, што беларусаў хтосьці недзе чакае за мяжой, і там будзе добра.

Аляксандр Лукашэнка згадаў пра ўрачоў, якіх ён нядаўна перасцерагаў ад выезду за мяжу, у прыватнасці Польшчу, па закліку ўлад гэтай краіны. "Нядаўна я гаварыў наконт урачоў. Не ведаю, як мяне ўрачы зразумелі, але яшчэ раз хачу пацвердзіць: мы не супраць таго, каб дапамагчы з кавідам. Той жа Польшчы, у Расіі няпростая сітуацыя... Ніхто не супраць дапамагчы, але гэта павінна рабіцца па-чалавечы, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы не супраць таго, каб паехалі, але гэта павінна рабіцца арганізавана".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў Беларусі ёсць вопыт, добрыя спецыялісты і ўрачы. "Хочаце, каб мы вам (размова аб замежных краінах. - Заўвага) дапамагалі, - калі ласка. Мы вам будзем дапамагаць, будзем вас кансультаваць, як мы з кітайцамі пастаянна кансультуемся, будзем вас лячыць, калі гэта трэба. Але перш за ўсё мы павінны клапаціцца аб сваім народзе, аб сваёй дзяржаве. Гэтак жа, як і палякі. Але гэта нашы суседзі. І польскае насельніцтва, палякі ні ў чым не вінаваты, што іх кіраўніцтва праводзіць такую палітыку. Яны самі супраць такой палітыкі. Паглядзіце, да двух мільёнаў пратэсты ў самой Польшчы. Насельніцтву Польшчы не падабаецца тая палітыка, якую праводзіць там Дуда і іншыя", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама ўпэўнены, што беларускім урачам ніхто там не дасць нармальна працаваць: "Будуць другарадную нейкую, трэцярадную ролю адыгрываць. А я не хачу, каб здзекаваліся з нашых людзей і нашых урачоў такім чынам".

"Таму я іх папярэджваю: глядзіце, перш чым выехаць туды. Вось у чым мая пазіцыя, а не таму, што я тут закрыўся і нікога не пускаю. Мы не збіраемся закрывацца, мы не зможам закрыцца. У нас экспартна арыентаваная эканоміка, і мы не Амерыка, не Кітай і нават не Расія, каб закрыцца. Свет зусім іншы", - звярнуў увагу беларускі лідар.

У той жа час нікому не забараняецца выязджаць, адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Хто хоча, той няхай едзе. Пабег за доўгім рублём - ёсць пэўнае абавязацельства, наступствы. Як я расказваў: працуе там (доўгі рубель атрымаў), а да нас едзе, каб медыцынскія паслугі атрымаць, адукацыю і гэтак далей. Паехаў - там жыві і атрымлівай гэтыя паслугі. Таму што тут жа ў нас даціруецца, і ахова здароўя фактычна за дзяржаўны кошт. Адукацыя тым больш у нас дзяржаўная. Гэта ж мы ўсе плацім за гэта. А ён там сядзіць, ён жа не плаціць ніякіх падаткаў, - канстатаваў Прэзідэнт. - Таму людзям трэба даносіць гэту праўду, горкую праўду, і не разлічваць, што за нас вырашыць хтосьці нейкія пытанні".

Аляксандр Лукашэнка закрануў яшчэ адну тэму, якая ляжыць ужо ў сферы ваеннай бяспекі. "Вы ж учора пачулі, гэта таксама вельмі важна: Польшча і ЗША заключылі яшчэ адзін дагавор аб ваенным супрацоўніцтве. Перакідваюць ужо са Злучаных Штатаў Амерыкі (не з Германіі ў Польшчу) новыя кантынгенты ваеннаслужачых. Паўстае пытанне: навошта? Калі хтосьці з нашых не разумее, асабліва з гэтых пратэстуноў, няхай падумаюць, што сітуацыя не такая простая. Калі хтосьці хоча зрабіць Беларусь правінцыяй Польшчы або Літвы, гэта толькі праз мой труп. Яны павінны гэта разумець", - рэзюмаваў беларускі лідар.


Тэгі: Сустрэчы
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь