Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам

  • 1
Арганізаваць і правесці будучую кампанію па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў трэба дастойна, прыгожа і сумленна. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 2 мая на сустрэчы са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам.

Кіраўнік дзяржавы разлічвае на актыўны ўдзел прафсаюзаў у выбарчай кампаніі. "Ад перадвыбарнай кампаніі далёка не адыходзьце - разам з грамадскімі арганізацыямі, органамі ўлады, недзе партыі будуць падключацца да гэтага працэсу (незалежна, апазіцыйныя яны ці, як у нас прынята гаварыць, праўладныя). Мы павінны дастойна, прыгожа і сумленна арганізаваць гэты працэс", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы знаходзімся ў такім даволі шырокім электаральным цыкле - парламенцкія, а потым прэзідэнцкія выбары. І вы цудоўна разумееце, што больш арганізаванай, з'яднанай арганізацыі, чым нашы прафсаюзы, у Беларусі нічога няма", - канстатаваў Прэзідэнт.

У сувязі з гэтым Кіраўнік дзяржавы выказаўся за шырокае і актыўнае ўключэнне прафсаюзаў у выбарчыя працэсы, асабліва на стадыі парламенцкіх выбараў. Гэта датычыцца ў першую чаргу работы ў выбарчых камісіях, дзе аснову традыцыйна складаюць настаўнікі, урачы, члены ФПБ. "Вельмі хацелася б, каб вы аказалі падтрымку мясцовым уладам пры фарміраванні камісій і арганізацыі ўсяго перадвыбарнага працэсу", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прадугледжваецца таксама актыўны ўдзел прадстаўнікоў прафсаюзаў у вылучэнні сваіх кандыдатур на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах. "Гэта вопытныя людзі, прадстаўнікі працоўных калектываў. Такіх людзей трэба паднімаць і вылучаць - добрых спецыялістаў, якія маглі б працаваць у парламенце. Вы працавалі ў парламенце, ведаеце, што гэта нялёгкая праца, - сказаў Прэзідэнт. - Таму нам вельмі важна, каб там былі талковыя людзі".

Прэзідэнт таксама лічыць неабходным, каб ФПБ прымала больш актыўны ўдзел у працэсе маніторынгу за цэнаўтварэннем у краіне. Ён падкрэсліў, што цэнаўтварэнне застаецца для насельніцтва пытаннем нумар адзін, і таму тэма павінна знаходзіцца ў полі зроку прафсаюзаў. "Вы абараняеце перш за ўсё, як вы сябе пазіцыянуеце, інтарэсы працоўных, нашых людзей. Зацікаўленасць чалавека ў цэнаўтварэнні самая прамая. Не такія багатыя ў нас людзі, каб купляць па шалёных цэнах прадукцыю, асабліва тую, якая вырабляецца ў нас: прадукты харчавання, адзенне і іншае", - сказаў ён.

Асабліва важным пытанне кошту тавараў з'яўляецца для малаабароненых груп насельніцтва, у прыватнасці ветэранаў, пенсіянераў. "Яны ж за імпартам не ганяюцца, а тое, што яны апранаюць і ядуць, - гэта вырабляецца ў Беларусі, і якая цана будзе гэтых тавараў і прадуктаў, залежыць шмат у чым ад нас", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ён ужо выказваўся аб неабходнасці праводзіць маніторынг цэнаўтварэння з боку ФПБ, і пацікавіўся, якім чынам цяпер наладжана гэта работа. "Я прасіў пракантраляваць, стварыць зладжаную, выразную сістэму і кантраляваць цэны ў Беларусі. Як тут ідуць справы? І чаму людзі пастаянна звяртаюць нашу ўвагу пры любых сацыялагічных апытаннях на гэту праблему? Гэта праблема ў шэрагу першых", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўзнагародзіла Прэзідэнта юбілейным медалём "115 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі". Удзячнасць за гэту ўзнагароду Кіраўнік дзяржавы выказаў у час сустрэчы. "Дзякуй за ўзнагароду, за тое, што ўспомнілі, што я калісьці быў прафсаюзным лідарам, і не адзін год, узначальваў прафсаюзную арганізацыю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што медаль зойме дастойнае месца ў спецыяльным музеі ў Палацы Незалежнасці, дзе прадстаўлены ўзнагароды і падарункі, паднесеныя Прэзідэнту.

Міхаіл Орда растлумачыў, што рашэнне аб узнагароджанні Аляксандра Лукашэнкі юбілейным медалём было прынята Прэзідыумам ФПБ. "Мы ўручаем вам медаль, таму што ў нас будуецца сацыяльная дзяржава і сацыяльным пытанням удзяляецца першарадная ўвага", - падкрэсліў Старшыня ФПБ.

У час сустрэчы падрабязна абмеркаваны пытанні цэнавай палітыкі, адзначана неабходнасць выпрацоўкі дакладных падыходаў да цэнаўтварэння і стварэння дзейснага механізма кантролю над ім.

Вялікая ўвага была ўдзелена рабоце прамысловых прадпрыемстваў, якія знаходзяцца ў складанай эканамічнай сітуацыі, абароне правоў работнікаў пры банкруцтве або санацыі арганізацый. Таксама абмеркаваны прапановы ФПБ па ўнясенні змяненняў у Працоўны кодэкс. Законапраект ужо разглядаецца ў парламенце.

Прэзідэнт цікавіўся ходам стварэння пярвічных прафсаюзных арганізацый у прыватным сектары эканомікі, мадэрнізацыяй галіновых прафсаюзаў і развіццём прафсаюзнага руху ў цэлым.