Сустрэча са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам

    Дадатковыя меры па абароне правоў працоўных абмяркоўваліся на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаілам Ордам 24 кастрычніка.

    На сустрэчы было адзначана, што маніторынг прадпрыемстваў з боку ФПБ паказаў наяўнасць праблемы "скрытага скарачэння", калі аптымізацыя колькасці работнікаў адбываецца праз непрадаўжэнне кантрактаў або прымус да звальнення. Такім чынам наймальнік спрабуе скараціць выдаткі прадпрыемства.

    Кіраўнік дзяржавы катэгарычна выказаўся супраць вырашэння праблемных пытанняў за кошт звальнення работнікаў. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што абарона правоў працоўных - галоўная задача і аснова сацыяльнай дзяржавы.

    Як было даложана Прэзідэнту, Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе прадаставіць добрасумленным работнікам шэраг дадатковых гарантый пры кантрактнай форме найму.

    У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка таксама абмеркаваў з Міхаілам Ордам рэалізацыю Генеральнага пагаднення паміж беларускім урадам, рэспубліканскімі аб'яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсе дамоўленасці павінны выконвацца ў поўным аб'ёме.

    Прэзідэнт падрабязна цікавіўся, як праходзіць мадэрнізацыя структуры ФПБ. На думку Аляксандра Лукашэнкі, работа ў гэтым напрамку павінна прадаўжацца ў адпаведнасці з вопытам вядучых краін. Аптымізуюцца ўсе галіны эканомікі, і прафсаюзы не могуць застыць на месцы і быць у баку ад гэтага працэсу.

    Старшыня ФПБ таксама праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы аб стане спраў на ТАА "Мотавелазавод", стане вытворчасці і сітуацыі ў працоўным калектыве. Было адзначана, што завод ні пры якіх абставінах закрываць нельга, на ім неабходна наладзіць паўнацэнную вытворчасць.