Сустрэча са Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько

  • 1

Работа мытных органаў Беларусі ў бягучым годзе і бліжэйшыя перспектывы іх развіцця абмеркаваны 22 верасня ў час рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько.

Адным з пытанняў, што абмяркоўваліся ў час рабочай сустрэчы, было фарміраванне даходнай часткі рэспубліканскага бюджэту па тых напрамках, якія ўваходзяць у зону адказнасці мытных органаў. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся статыстыкай па перамяшчэнні тавараў, транспартных сродкаў і людзей праз граніцу. "Мне зноў жа дакладваюць неверагодныя лічбы. Амаль на трэць павялічылася колькасць перамяшчаемых грузаў і людзей. Але што гэта нам дае?" - спытаў беларускі лідар.

Як было даложана, ДМК выконвае прагнозныя паказчыкі па зборы плацяжоў у бюджэт на 100%. Размова ідзе менавіта аб прагнозе, зыходзячы з даных аб рабоце эканомікі, бізнесу і разумення, на якія лічбы па выніку года магчыма выйсці. Павышэнне транзітнай прывабнасці Беларусі і стварэнне камфотных умоў для бізнесу ў 2017 годзе ўжо дазволілі павялічыць адлічэнні ў бюджэт амаль на $250 млн у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Прэзідэнт звярнуў увагу на пытанне аператыўнай работы мытных органаў, перш за ўсё аўтаматызацыю на граніцы. "Каб не было да нас прэтэнзій, што чэргі вялікія, ці ўдасканальваем мы гэту работу па кантролі на граніцы і пропуску тавараў, фізічных асоб і транспарту? Як у нас ідуць тут справы?" - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы.

У гэтым плане Юрый Сянько далажыў, што павышэнне якасці работы ў пунктах пропуску стала магчымым за кошт аўтаматызацыі пэўных працэсаў, пераходу на электроннае дэклараванне. Мытняй з пачатку бягучага года пачаты эксперымент па аўтаматычным афармленні грузаў. Укараненне тэхнічных навацый у тым ліку дало магчымасць аптымізаваць штатную колькасць і структуру ў мытных органах. ДМК таксама разлічвае ў 2018 годзе вырашыць пытанне ўдасканалення інфраструктуры ў некаторых пунктах пропуску на літоўскім і латвійскім напрамках, што дасць магчымасць павялічыць іх прапускную здольнасць. Гэта таксама важна з пункту гледжання правядзення Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе і сумеснага з Латвіяй чэмпіянату свету па хакеі ў 2021 годзе.

Абмяркоўвалася таксама тэма прадухілення правозу праз граніцу забароненых тавараў. "Асабліва небяспечных, дапусцім, псіхатропных рэчываў, наркотыкаў, зброі, радыеактыўных рэчываў. Як мы даводзім гэта да нашых партнёраў на Захадзе? - задаў пытанне беларускі лідар. - Мы тут ловім, затрымліваем. Як яны на гэта рэагуюць? Ці бачаць яны нашу ролю ў гэтай справе?"

Паводле слоў Старшыні ДМК, мытнікі актыўна працуюць у гэтым напрамку. Напрыклад, у бягучым годзе мытнай службай спынена 50 спроб перамяшчэння наркатычных рэчываў праз граніцу ў бок Беларусі і Расіі, у тым ліку вельмі вялікіх партый.

У час рабочай сустрэчы было закранута і пытанне маючага адбыцца ўступлення ў сілу Мытнага кодэкса Еўразійскага эканамічнага саюза з 1 студзеня 2018 года. Юрый Сянько перадаў Прэзідэнту Беларусі першы экзэмпляр Мытнага кодэкса, у якім сабраны ўсе міжнародныя пагадненні, што працуюць у рамках "пяцёркі" краін-удзельніц, а таксама прапісаны шэраг новаўвядзенняў з улікам актуальных патрэбнасцей эканомікі.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як ужо сёння выбудоўваецца работа па рэалізацыі на практыцы гэтага дакумента. "Наколькі гэты Мытны кодэкс адпавядае нашаму жыццю? Зразумела, там былі пэўныя кампрамісы", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"Мы практычна ўжо жывём па гэтым дакуменце. Многія навелы, якія закладзены ў новы Мытны кодэкс, мы ўжо адпрацавалі ў якасці эксперымента ў Беларусі. І з 1 студзеня 2018 года ён стане паўнацэнным дакументам, якім мы будзем кіравацца ў сваёй рабоце, - далажыў Юрый Сянько. - Мы ўлічылі патрэбнасці розных нашых міністэрстваў і ведамстваў, якія адказваюць за работу эканомікі, улічылі інтарэсы бізнес-асацыяцый, якія таксама працавалі над гэтым кодэксам. І тыя нюансы, якія неабходна было аднесці на нацыянальнае заканадаўства, - ёсць частка пытанняў, якія краіны пакінулі для свайго рэгулявання".

У цэлым якіх-небудзь стрэсавых сітуацый для мытных органаў і бізнесу з уступленнем у сілу гэтага дакумента не чакаецца, паколькі ўсе адпаведныя пытанні прапрацаваны загадзя.