Сустрэча са Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрыем Сянько

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Дзяржаўнаму мытнаму камітэту ўдасканаліць работу ў пунктах мытнага афармлення. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 26 верасня па выніках сустрэчы са старшынёй ДМК Юрыем Сянько.

    На сустрэчы было адзначана, што адна з задач мытнай службы - павышэнне транзітнай прывабнасці Беларусі. Пагранічныя і ўнутраныя пункты мытнага афармлення павінны працаваць бездакорна, каб увесь транзіт, які ідзе па тэрыторыі краіны, не адчуваў ніякіх складанасцей з пункту гледжання камфорту, хуткасці і якасці абслугоўвання.

    У цэнтры ўвагі Аляксандра Лукашэнкі таксама была работа беларускай мытні на расійскім напрамку. «Мяне цікавяць насцярожваючыя факты. Я хачу мець поўную інфармацыю аб паслугах, якія мы аказваем Расійскай Федэрацыі (Расія ж толькі дзякуючы нашай мытні абараняе свае інтарэсы на заходнім напрамку, і абапіраецца яна на мытныя органы Беларусі), каб я быў у курсе справы для размовы з кіраўніцтвам Расійскай Федэрацыі", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

    Прэзідэнт цікавіўся, якім чынам будуецца работа мытных органаў у сувязі з эмбарга, якое Расія ўвяла супраць шэрага краін Заходняй Еўропы і іншых дзяржаў. "Якія праблемы, якія складанасці, цяжкасці? Гэтыя пытанні мяне перш за ўсё цікавяць», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

    У сувязі з гэтым старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Юрый Сянько звярнуў увагу, што Беларусь дакладна выконвае свае функцыі, звязаныя з кантролем над перамяшчэннем санкцыйных тавараў, фактычна абараняючы расійскі бок ад незаконнага ўвозу грузаў.

    Кіраўніку дзяржавы таксама было даложана аб выніках дзейнасці мытнай службы за мінулы перыяд бягучага года, прапановах ДМК па мінімізацыі штрафных санкцый адносна бізнес-структур. Як было адзначана, асноўныя паказчыкі работы мытных органаў выконваюцца.

    Аляксандр Лукашэнка мае намер дасканала прааналізаваць стан спраў у мытных органах Беларусі. «Мы ў пачатку наступнага года прааналізуем сітуацыю ў мытных органах па выніках бягучага года, - сказаў Прэзідэнт. - Вы дастаткова часу прапрацавалі. У вас ужо не проста складуцца нейкія ўражанні, а вы адчуеце мытныя органы на сваёй пасадзе. Вы іх цудоўна ведаеце, але, тым не менш, адна справа, калі працуеш у рэгіянальных структурах, а іншая, калі кіруеш такой махінай».