Сустрэча са старшынёй адміністрацыйнага савета, уладальнікам кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам

  • 1

Рэалізацыя сумесных праектаў з такімі вядомымі ў свеце кампаніямі, як "Штадлер", сур'ёзна ўзнімае імідж Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 21 сакавіка ў час сустрэчы са старшынёй адміністрацыйнага савета, уладальнікам кампаніі "Штадлер Рэйл Груп" Петэрам Шпулерам.

"Мы ў Беларусі стварылі сапраўды саліднае прадпрыемства (сумесны завод "Штадлер Мінск". - Заўвага). Ваша прадпрыемства даўно ўжо вядома ўсяму свету, але тое, што на гэтай карце з'явілася Беларусь з вытворчасцю развітага чыгуначнага, электрычнага транспарту, вядома, сур'ёзна ўзнімае імідж краіны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы ўспомніў сваю першую сустрэчу з Петэрам Шпулерам і паездку па чыгунцы, у час якой яны і дамовіліся аб будаўніцтве ў Беларусі сумеснай вытворчасці. Гэту ідэю ўдалося рэалізаваць за кароткі час, завод быў хутка, без асаблівых цяжкасцей пабудаваны і запушчаны. "Мы вельмі хутка дамовіліся аб сумеснай рабоце. Калі б у нас усё так хутка развівалася, як стварэнне вашага прадпрыемства ў Беларусі, было б зусім нядрэнна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ў час сустрэчы бакі маюць намер абмеркаваць планы далейшай сумеснай работы і бягучыя праблемныя пытанні, калі яны ёсць.

"Я шмат чуў, што вы стварылі нейкі цуда-поезд для нашага метро, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Можа, у час пастаноўкі на рэйкі гэтага поезда мы з вамі пракоцімся яшчэ раз. Можа, у гэтай электрычцы ў нас з'явяцца новыя ідэі, як некалі".

У сваю чаргу Петэр Шпулер падзякаваў за магчымасць сустрэцца з Прэзідэнтам Беларусі і даў высокую ацэнку рабоце сумеснага завода "Штадлер Мінск". "У Фаніпалі сёння вырабляюцца паязды не толькі для Беларусі, але і для сусветнага рынку. Нам даводзіцца працаваць ва ўмовах вельмі жорсткай канкурэнцыі. Мы вырабляем паязды для Нарвегіі, двухпавярховыя паязды для Венгрыі, робім для Славеніі электрычныя паязды", - расказаў ён.