Сустрэча са Старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных Сіл Пакістана Зубайрам Махмудам Хаятам

  • 1

Беларусь поўная рашучасці рэалізаваць дамоўленасці з Пакістанам аб нарошчванні сумеснага тавараабароту да $1 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 17 снежня на сустрэчы са Старшынёй Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў Узброеных Сіл Пакістана Зубайрам Махмудам Хаятам.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аснова любых міждзяржаўных узаемаадносін - эканамічны складнік. Раней Беларусь і Пакістан дамовіліся прыкласці максімум намаганняў для таго, каб тавараабарот паміж краінамі дасягнуў $1 млрд.

"Для патэнцыялу нашых эканомік гэта лічба невялікая. Але вы павінны ведаць, што мы ў Беларусі поўныя рашучасці выканаць гэту дамоўленасць, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Што датычыцца ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва, скажу коратка: усё, што вас цікавіць у Беларусі, мы гатовы вам прадставіць, паказаць. І калі вы знойдзеце неабходным з нашай ваенна-тэхнічнай вытворчасці нешта закупляць або ствараць разам, мы гэта хутка разгледзім і вырашым".

Прэзідэнт адзначыў вялікую ролю арміі ў жыцці Пакістана і ў сувязі з гэтым назваў візіт Зубайра Махмуда Хаята ў Беларусь гістарычным. "Армія ў Пакістане - гэта не проста армія. Вы несяце велізарную эканамічную і сацыяльную нагрузку. Нашай арміі навучыцца б у вас, як працаваць, зарабляць грошы, асвойваць іх, ствараючы вялікія прадпрыемствы. Мы гатовы ўдзельнічаць у вашай эканамічнай, сацыяльнай рабоце, і, калі вы ўбачыце нешта з нашых тавараў, якія падыходзяць для арміі і патрэб вашай краіны, мы гатовы пастаўляць гэтыя тавары. У тым ліку разам з пакістанскімі спецыялістамі, стварыўшы там, на месцы, сумесныя прадпрыемствы, такія тавары вырабляць", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама закрануў дзейнасць сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве і прапанаваў арганізаваць сустрэчу беларускага боку з прадстаўнікамі армейскіх колаў Пакістана, якія курыруюць пытанні забеспячэння Узброеных Сіл і сацыяльна-эканамічныя праекты. "Мы маглі б непасрэдна з вашымі падначаленымі дамовіцца аб сумеснай рабоце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы таксама абмяркоўвалася супрацоўніцтва дзвюх краін у інтэграцыйных аб'яднаннях, у тым ліку ў кантэксце будаўніцтва кітайска-пакістанскага эканамічнага калідора і эканамічнага пояса Шаўковага шляху. На думку бакоў, рэалізацыя гэтых праектаў - добрая магчымасць для спалучэння эканамічных інтарэсаў.

На перагаворах было падкрэслена, што Беларусь мае цвёрды намер развіваць супрацоўніцтва з Пакістанам па ўсіх напрамках. Аляксандр Лукашэнка перадаў самыя цёплыя пажаданні кіраўніцтву краіны, а таксама запрашэнне Прэм'ер-міністру Пакістана Імрану Хану наведаць Беларусь у любы зручны для яго час.