Бел
Галоўная   /  Падзеі

Сустрэча са спікерам Палаты прадстаўнікоў парламента Малайзіі Пандзікарам Амінам Муліа

19 снежня 2016 года

Беларусь гатова развіваць усебаковае супрацоўніцтва з Малайзіяй без папярэдніх умоў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 19 снежня на сустрэчы са спікерам Палаты прадстаўнікоў парламента Малайзіі Пандзікарам Амінам Муліа.

"Мы вельмі зацікаўлены ў развіцці адносін з вамі. Зацікаўлены, таму што вы не прад'яўляеце нам ніякіх папярэдніх умоў, не ставіце іх перад намі, як гэта робяць некаторыя. Мы гэтак жа не маем абсалютна ніякіх прэтэнзій да вас, гэтак жа не будзем абумоўліваць нашы адносіны нейкімі пунктамі. Гатовы прадаўжаць супрацоўніцтва на аснове таго фундамента адносін, які ў нас склаўся", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што паміж краінамі развіваюцца добрыя адносіны. "Нягледзячы на геаграфічную аддаленасць вашай дзяржавы, мы маем даволі высокі тавараабарот. Адзіны недахоп, што вельмі вузкая яго наменклатура. У бліжэйшы час нам трэба будзе заняцца менавіта гэтым пытаннем. Лічу, што Ваш візіт стане значным крокам для таго, каб пашырыць не толькі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, але і наша палітычнае ўзаемадзеянне", - дадаў Прэзідэнт.

Міжпарламенцкае супрацоўніцтва павінна стаць адным з краевугольных камянёў у фундаменце беларуска-малазійскіх адносін. "У сучасным свеце міжнародная дыпламатыя мае вельмі вялікае значэнне, адыгрывае вялікую ролю. Вяршыняй народнай дыпламатыі з'яўляецца міжпарламенцкае супрацоўніцтва, таму што дэпутаты прадстаўляюць інтарэсы народаў нашых краін. Вы прыехалі вельмі своечасова: мы нядаўна выбралі новы парламент. І мы, вядома ж, будзем фарміраваць у нашым парламенце групу сяброў з вашай краінай", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт выказаў надзею, што Пандзікар Амін Муліа ў час візіту ў Беларусь пазнаёміцца не толькі з краінай, але і з яе эканомікай. "Калі штосьці можам для вас зрабіць, мы абавязкова зробім", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

У час сустрэчы абмяркоўвалася развіццё супрацоўніцтва па розных напрамках, у тым ліку ў сферах прамысловасці, турызму, адукацыі, высокіх тэхналогій, ваенна-прамысловага комплексу. Бакі выказалі зацікаўленасць у стварэнні сумесных прадпрыемстваў, падкрэслілі неабходнасць пашырэння дагаворна-прававой базы адносін і нарошчвання міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Было адзначана, што прапрацоўваецца візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Малайзію. У сувязі з гэтым кіраўнік дзяржавы даручыў падрыхтаваць да яго насычаны парадак дня па ўсіх напрамках супрацоўніцтва.


Тэгі: Сустрэчы
© 2017, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь