Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Сустрэча са спецпрадстаўніком дзеючага старшыні АБСЕ ва Украіне Марцінам Сайдзікам

1 красавіка 2019 года
Беларусь пацвярджае гатоўнасць прыкладаць далейшыя намаганні і падтрымліваць працэс мірнага ўрэгулявання ва Украіне. Аб гэтым 1 красавіка заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са спецпрадстаўніком дзеючага старшыні АБСЕ ва Украіне і ў трохбаковай кантактнай групе Марцінам Сайдзікам.

"Хачу вас запэўніць, што Беларусь заўсёды будзе прыкладаць максімум намаганняў для таго, каб падтрымаць дзейнасць вашай групы і вас як спецпрадстаўніка АБСЕ ва Украіне. Мы ў гэтым напрамку ўсё робім. І я ведаю ваша меркаванне, што прэтэнзій да нас з боку АБСЕ ў гэтым напрамку няма, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Калі мы нешта можам зрабіць больш для міру ва Украіне, мы гатовы гэта зрабіць. Я ўжо не раз аб гэтым гаварыў".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пастаянна сочыць за падзеямі і ходам перагаворнага працэсу на мінскай пляцоўцы. "Вы ведаеце маё стаўленне, беларусаў да гэтага канфлікту. Усё, што вы гаворыце, усе вашы заявы (а я ўсе гэтыя заявы чую) мы аналізуем. Разыходжанняў у нас практычна няма, - заявіў Прэзідэнт. - Як вы, так і я, усе беларусы прыхільныя да міру ва Украіне. Гэта наша рэспубліка, з якой мы жылі доўгі час у адным доме. Вельмі пераплецены лёсы многіх сем'яў і людзей - беларусаў і ўкраінцаў. Гэта не чужая нам краіна".

У сваю чаргу Марцін Сайдзік выказаў удзячнасць беларускаму боку за шматгадовую падтрымку і садзейнічанне. Разам з тым, ён выказаў шкадаванне наконт таго, што да гэтага часу не ўдалося ўрэгуляваць канфлікт. "Мінск як месца сустрэчы - менавіта тое, што нам цяпер патрэбна. Ваша цярпенне і разуменне мы вельмі цэнім. Так, гэты канфлікт цягнецца ўжо вельмі доўга. Вельмі доўга не толькі для людзей, якія пакутуюць ад яго", - сказаў ён.
Тэгі: Сустрэчы
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь