Сустрэча прэзідэнтаў краін мытнай "тройкі", Украіны і высокіх прадстаўнікоў Еўрасаюза

  • 15
  • 8:33

Беларусь вельмі зацікаўлена ў нармалізацыі сітуацыі ва Украіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 26 жніўня на сустрэчы прэзідэнтаў краін мытнай "тройкі", Украіны і высокіх прадстаўнікоў Еўрасаюза. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў надзею, што гэта сустрэча стане імпульсам да эфектыўнага дыялогу па пошуку кампрамісу выпрацоўкі рэальных крокаў як па нармалізацыі сітуацыі ва Украіне, так і па ўзаемадзеянні ў маштабах усёй Еўропы.

Адкрываючы сустрэчу, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што хацелася б сустрэцца па больш радаснай прычыне, чым сённяшні парадак дня, але, на жаль, жыццё не пакідае іншага выбару і сёння даводзіцца абмяркоўваць пытанні, якія, здавалася б, для Еўропы назаўсёды засталіся ў мінулым стагоддзі.

"На ўсходзе Украіны не спыняецца ваенны канфлікт. Гінуць ні ў чым не вінаватыя мірныя людзі. Знішчаецца эканамічная інфраструктура багатай і працвітаючай раней краіны. Сотні тысяч бежанцаў вымушаны пакідаць родныя мясціны. Цэлы рэгіён апынуўся на мяжы гуманітарнай катастрофы. Гэта не кадры гісторыі. Гэта наша сённяшняя рэальнасць", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Ці можам мы абыякава глядзець на тое, што адбываецца? Вядома, не", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў перадгісторыю сённяшняй мінскай сустрэчы. Ён расказаў, што ў час размовы ў дзень інаўгурацыі Прэзідэнта Украіны Пётр Парашэнка выказаў просьбу не спяшацца з увядзеннем санкцый з боку Мытнага саюза адносна Украіны ў сувязі з падпісаннем ёю пагаднення аб асацыяцыі з Еўрасаюзам і папрасіў Прэзідэнта Беларусі давесці гэту пазіцыю да прэзідэнтаў Расіі і Казахстана. Тады ж, паводле слоў беларускага лідара, Пётр Парашэнка прапанаваў правесці сустрэчу і абмеркаваць усе існуючыя пытанні. "Я выканаў яго просьбу. Я далажыў сваім калегам-прэзідэнтам аб гэтай размове, аб яе змесце. Меркаванне прэзідэнтаў было аднадушным: збіраемся ў Мінску і прапануем усім зацікаўленым прыняць удзел у гэтай сустрэчы", - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Ён звярнуў увагу на тое, што пры яе падрыхтоўцы адбыўся не адзін раўнд кансультацый на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і экспертаў, у тым ліку з высокімі службовымі асобамі Еўрапейскага саюза.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, удзел у мінскай сустрэчы двух намеснікаў старшыні Еўрапейскай камісіі Кэтрын Эштан і Гюнтэра Этынгера, а таксама еўракамісара па пытаннях гандлю Карэла дэ Гюхта сведчыць аб высокай зацікаўленасці Еўрасаюза ў вырашэнні праблем, што абмяркоўваліся. Прэзідэнт Беларусі лічыць, што прысутнасць на сустрэчы Прэзідэнта Казахстана сведчыць аб тым, што падзея ў цэнтры Еўропы хвалюе ўжо не толькі еўрапейцаў.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пры падрыхтоўцы гэтага мерапрыемства Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна папрасілі даць разгорнутую інфармацыю па пагадненні аб асацыяцыі Украіны з Еўрапейскім саюзам і магчымых наступствах яго прымянення для краін Мытнага саюза. Прэзідэнт Расіі даручыў экспертам падрыхтаваць гэту інфармацыю, яны дасканала прапрацавалі гэтыя пытанні. Паводле слоў беларускага лідара, гатовы да размовы і старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка. "Словам, сёння за круглым сталом няма пасрэднікаў, тут няма лабістаў, авантурыстаў. Тут сабраліся людзі, вельмі зацікаўленыя ў нармалізацыі сітуацыі ў цэнтры Еўропы", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларускі лідар падкрэсліў, што Беларусі, якая страціла ў гады Другой сусветнай вайны кожнага трэцяга жыхара, не абыякава, што за сітуацыя ў цэнтры Еўропы.

Аляксандр Лукашэнка як Прэзідэнт краіны, якая старшынствуе ў СНД, перадаў асаблівую заклапочанасць кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці адносна падзей, якія адбываюцца.

"Упэўнены, што ніхто з прысутных у гэтай зале не хоча атрымаць выгаду ад цяперашняй сітуацыі. Ды і было б кашчунствам дзейнічаць такім чынам", - адзначыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Нашы народы даверылі нам, прэзідэнтам, свае лёсы. А што мы павінны зрабіць у адказ на гэты давер? Замест дыму труб фабрык і заводаў пакінуць дым руін і папялішчаў, як гэта адбываецца цяпер? Асудзіць нашых людзей на слёзы і пакуты? Думаецца мне, даволі напакутаваліся ў мінулым. Калі мы хочам, каб нас лічылі адказнымі палітыкамі, то мы павінны ўсвядоміць поўнасцю груз адказнасці перад нашымі народамі, адкінуць палітычныя амбіцыі, не шукаць якіх-небудзь дывідэндаў, падумаць аб лёсе звычайных, простых людзей, старых, дзяцей, якія плачуць, пакутуюць, і аб загінуўшых", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Сёння самае страшэннае тое, што слова "вайна" зноў увайшло ў штодзённы ўжытак звычайнага еўрапейца, палітыка. Розум адыходзіць на другі план. Усе або большасць праблем спрабуюць вырашыць праз прыцэл аўтамата. Раней гэта было далёка, недзе на іншых кантынентах, у іншых рэгіёнах. Сёння гэта адбываецца ў нашым агульным доме", - сказаў беларускі лідар.

"Але ж мы ўсе еўрапейцы. Што нам дзяліць у нашай агульнай сям'і? Першарадная задача - любой цаной спыніць кровапраліцце, дабіцца міру. Вайна - гэта шлях нікуды, гэта тупік, выбрацца з якога вельмі складана", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Спіраль узаемных абвінавачанняў, ультыматумаў, санкцый, якая раскручваецца, небяспечная тым, што новыя раздзяляльныя лініі пройдуць ужо не на паперы, а стануць рэальнымі глыбокімі ранамі на целе Еўропы. А гэта далейшая эскалацыя напружанасці, якая можа прывесці да неабарачальных вынікаў для ўсяго кантынента", - лічыць Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сустрэча ў фармаце Мытны саюз - Украіна - ЕС праходзіць упершыню. "Сам факт таго, што мы селі за стол перагавораў, дарагога каштуе", - адзначыў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі выказаў упэўненасць, што вырашэнне эканамічных рознагалоссяў таксама будзе садзейнічаць урэгуляванню сітуацыі ва Украіне. Ён лічыць неабходным максімальна канструктыўна папрацаваць у гэтым напрамку.

"Спадзяюся і веру, што сённяшняя сустрэча стане імпульсам да эфектыўнага дыялогу па пошуку кампрамісу выпрацоўкі рэальных захадаў як па нармалізацыі сітуацыі ў нашай Украіне, так і па ўзаемадзеянні ў маштабах усёй Еўропы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што Беларусь гатова ў любы час прыняць у сябе наступныя раўнды перагавораў, калі гэта будзе неабходна.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сустрэчу ў Мінску асвятляюць амаль 170 журналістаў, якія прадстаўляюць 72 сродкі масавай інфармацыі з двух дзясяткаў краін. "Народы Еўропы, палітыкі многіх краін чакаюць хаця б пазітыўных сігналаў з Мінска", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

У сувязі з гэтым прапанаваны праект падагульняючага дакумента сустрэчы, які Аляксандр Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць, у выпадку неабходнасці дапрацаваць і падпісаць.