Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі назначаны 182 студэнтам і курсантам
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім зацверджана рашэнне савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.
Стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь назначаны 182 студэнтам і курсантам устаноў вышэйшай адукацыі. Грашовымі прэміямі і стыпендыямі з уручэннем нагруднага знака лаўрэата фонду заахвочаны 8 пераможцаў міжнародных алімпіяд і конкурсу. Грашовымі прэміямі заахвочаны 8 пераможцаў міжнароднага чэмпіянату і 815 пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў. Акрамя таго, узнагароджваюцца прэміямі 119 педагагічных работнікаў, якія ўнеслі ўклад у развіццё здольнасцей адоранай моладзі.
Умацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база студэнцкіх навукова-даследчых лабараторый "Альянс" Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны і "Рэгіянальная геалогія, геахімія і геафізіка" Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, студэнцкага гуртка "Археалагічны атрад" Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Прыняцце распараджэння Прэзідэнта накіравана на забеспячэнне адраснай дзяржаўнай падтрымкі адораных навучэнцаў і студэнтаў, стварэнне спрыяльных умоў для далейшага развіцця іх здольнасцей, паспяховай вучобы і навуковай дзейнасці.