Ствараецца Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года

    Ствараецца Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года, заснавальнікамі якой выступаюць НАК Беларусі, Мінскі гарвыканкам і Мінспорт. Адпаведны Указ падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

    Дзейнасць Дырэкцыі будзе забяспечвацца ў цесным узаемадзеянні з Урадам і Рэспубліканскім арганізацыйным камітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні Гульняў.

    Указам устаноўлены для Дырэкцыі шэраг падатковых, мытных і іншых прэферэнцый у мэтах скарачэння затрат бюджэтных сродкаў на арганізацыю II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Прадугледжваецца таксама магчымасць накіравання на гэтыя мэты бязвыплатнай (спонсарскай) дапамогі без пазначэння ў дагаворах відаў тавараў (работ, паслуг), якія будуць набыты за кошт сродкаў дапамогі. Пры гэтым спонсары вызваляюцца ад абавязку прадстаўлення дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці аб аказанай бязвыплатнай (спонсарскай) дапамозе.

    У палажэнні аб Дырэкцыі, зацверджаным Указам, рэгламентуецца парадак яе дзейнасці, вызначаюцца асноўныя задачы, функцыі, паўнамоцтвы як самой Дырэкцыі, так і яе адказных службовых асоб, рэгулююцца пытанні фарміравання маёмасці Дырэкцыі, стварэння яе адміністрацыйных і выканаўчых органаў, адказнасці, а таксама ўстанаўліваецца парадак яе рэгістрацыі і спынення дзейнасці.