Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Справаздача Урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама

2 сакавіка 2018 года
Уступнае слова на справаздачы Урада
глядзіце таксама: відэа
2 сакавіка 2018 года
Уступнае слова на справаздачы Урада
Заключнае слова на справаздачы Урада
глядзіце таксама: відэа
2 сакавіка 2018 года
Заключнае слова на справаздачы Урада

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ва Урада задзейнічаць у эканамічнай сферы ўвесь патэнцыял краіны. Такую задачу Кіраўнік дзяржавы паставіў 2 сакавіка ў час справаздачы Урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама аб выніках работы эканомікі за 2017 год і задачах па забеспячэнні ўстойлівага эканамічнага росту.

Адкрываючы нараду, Прэзідэнт нагадаў, што з моманту апошняй сустрэчы ў такім фармаце прайшло ўжо пяць гадоў. "Як і мінулы раз, яна праходзіць у сярэдзіне пяцігодкі, каб своечасова скаардынаваць дзеянні, а магчыма, дзесьці і скарэкціраваць задачы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што статыстыка вынікаў 2017 года вядома і кожны з удзельнікаў мерапрыемства, напэўна, гатовы бойка далажыць аб поспехах у сваёй сферы. "Ва Урадзе шмат размоў аб пазітыўных зрухах. Аднак галоўная мэта цяперашняга мерапрыемства не ў тым, каб задавольвацца дасягнутымі паказчыкамі. Сёння мы павінны разабрацца з тым, што хаваецца за сярэднімі лічбамі, і даць ацэнку якаснаму боку гэтых поспехаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні па рэальным павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва, якія перспектывы і што ёсць у арсенале Урада, Нацыянальнага банка, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту Беларусі з тэмпамі абавязкова вышэйшымі за сярэднесусветныя.

"Хачу зразумець: з'яўляюцца дасягнутыя вынікі пачаткам станоўчых тэндэнцый або гэта часовы ўсплёск? Што стаіць за вынікамі - цыклічнае ажыўленне, спрыяльныя знешнія ўмовы або мы выйшлі на якасна новы рост?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што, на думку некаторых службовых асоб, цуда пакуль не адбылося - на паляпшэнне эканамічнай сітуацыі ў краіне паўплывалі павялічаныя цэны на нафту і ажыўленне попыту ў Расіі.

"Сёння я менш за ўсё хацеў бы ўнікаць у розныя лічбы. Інфармацыя, якая мне паступае, сведчыць аб тым, што людзі паляпшэнняў пакуль не адчуваюць. Палавіна жыхароў краіны лічыць, што ў 2017 годзе сацыяльна-эканамічная сітуацыя прадоўжыла пагаршацца, каля 40% - змяненняў не заўважылі. Зразумела, што гэта сацыялагічнае апытанне, зразумела, што гэта залежыць ад настрояў, але сацыялагічныя апытанні супастаўныя, і мы параўноўваем іх. Пры гэтым члены Урада, мясцовыя органы ўлады захапіліся іншым - паказчыкамі і іх дасягненнем. Лічба стала важнейшай за сутнасць. Такія падыходы - гэта рашэнні аднаго дня, і людзям ад гэтага лепш не стане", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што азнаёміўся са справаздачай Урада аб выніках года і выкананні яго ключавых даручэнняў. Тэксту ў ім на некалькі пачак паперы, а ў канцы вывад - "прапануем зняць 85 даручэнняў з кантролю як выкананыя".

"Якое тут "зняць"? Андрэй Уладзіміравіч, вы вышэйшая службовая асоба, і праблемы хаваць не трэба, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Прэм'ер-міністра. - Мы сабраліся ў гэтым асяроддзі, каб гэтыя праблемы раскрыць для таго, каб вырашаць задачы, якія пастаўлены перад краінай. Калі Урад праблем не бачыць, то паспрабуем іх вычленіць і канкрэтызаваць".

Прэзідэнт канстатаваў, што за сем гадоў сусветны ВУП вырас на 25%, у той жа час рост ВУП Беларусі не дацягнуў нават да 6%. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што прычыны, якімі Урад тлумачыць такую сітуацыю, з'яўляюцца проста адгаворкамі.

"Калі мы расцём павольней, чым іншыя, значыць, мы адстаём. Адстаём ад свету ў развіцці, тэхналогіях і, вядома, узроўні жыцця людзей. Але як Прэзідэнта мяне хвалюе не толькі гэта. Нельга ігнараваць тыя працэсы ўнутры краіны, якія ўжо сталі ўстойлівымі. Я кажу пра міжрэгіянальнае расслаенне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па даручэнні Кіраўніка дзяржавы сацыяльна-эканамічная сітуацыя на месцах была дасканала вывучана. Вынікі, якія далажылі Прэзідэнту, упэўнілі яго ў неадкладным правядзенні сённяшняга мерапрыемства.

"Краіна, рэгіёны развіваюцца нераўнамерна. А дакладней, развіццё ёсць толькі ў Мінскай і з вялікай нацяжкай у Гродзенскай абласцей. Валавы рэгіянальны прадукт гэтых рэгіёнаў за мінулую пяцігодку і два гады бягучай вырас у Мінскай на 28% і ў Гродзенскай на 13%. Астатнія рэгіёны стагніруюць: за 7 гадоў Брэсцкая вобласць прыбавіла ўсяго каля 5%, Гомель - 3%, Віцебская - 2%, а валавы рэгіянальны прадукт Магілёўскай вобласці за 7 гадоў нават скараціўся", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што любая сур'ёзная дыферэнцыяцыя заўсёды прыводзіць да кропак расколу ў грамадстве і маштабных праблем у краіне. "Таму Ураду і аблвыканкамам пастаўлена задача: жыццё нашых людзей павінна быць аднолькава камфортным у любым горадзе і раёне. Жаданне нармальна жыць і гадаваць дзяцей, магчымасць працаваць, з цікавасцю і з карысцю патраціць заробленае павінны быць у любым кутку нашай краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аснова гэтага - перш за ўсё стварэнне новых прадпрыемстваў, - сказаў Прэзідэнт. "У гэтых мэтах наша небагатая дзяржава па крупінках збірае грошы і накіроўвае іх у інвестыцыйныя праекты. Таму Прэм'ер-міністр сёння даложыць аб іх рэалізацыі, якія перспектывы і як яны паўплываюць на развіццё рэгіёнаў", - адзначыў Прэзідэнт.

"Вельмі насцярожвае, што выкананне рашэнняў Кіраўніка дзяржавы скажона. Маё патрабаванне заключаецца ў тым, каб ствараць высокапрадукцыйныя рабочыя месцы. Яны і ёсць аснова росту, на іх можна зарабляць добрыя грошы, а не проста выплачваць зарплату, як гэта было ў снежні, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Я не ўнікаў, як Урад арганізаваў выкананне майго даручэння, але вынікі нікуды не вартыя".

Прэзідэнт канстатаваў, што высокапрадукцыйных рабочых месцаў - прыкладна 5% ад створаных. "А на ўзроўні райвыканкамаў, адміністрацый гарадоў, як мне далажылі, словы "высокапрадукцыйныя рабочыя месцы" нават і не чулі. Там бачаць задачу "галоўнае - трымаць і не звальняць". Не звальняць, гэта таксама важна, чалавек павінен мець месца работы", - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, што ў канцы мінулага года правялі вялікі форум па бізнесу, прыняты пакет рашэнняў, у тым ліку стымулюючых занятасць. "Але ўжо праз два месяцы нейкія разумнікі ва Урадзе пачынаюць дадумваць. Яны самі вырашылі, што калі чалавек у сябе займаецца нейкай прасцейшай формай самазанятасці, то паслугі ЖКГ яму трэба прад'яўляць по поўным кошце. Як вы разумееце, пайшлі скаргі наконт гэтага, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта наўмысны сабатаж рашэнняў Прэзідэнта або недастатковае разуменне?"

На думку Кіраўніка дзяржавы, усё гэта не лепшым чынам характарызуе эфектыўнасць работы Урада па эканамічнай праблематыцы.

"На пэўныя станоўчыя вынікі, якія дасягнуты ў 2017 годзе, я гляджу, мякка кажучы, стрымана, таму што бачу іх рэальную цану, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - ВУП вырас, але не кампенсавана падзенне нават аднаго 2016 года. Яшчэ трэба карабкацца ўверх на 4%, каб выйсці хаця б на значэнні 2014 года".

Пры гэтым Прэзідэнт канстатаваў, што дзяржаўны доўг расце хутчэй, чым эканоміка. "Пагасілі $2,3 млрд, а ўзялі амаль $3,5 млрд", - заўважыў ён.

"Закрэдытаванасць рэальнага сектара расце. Барані вас бог нават думаць аб тым, каб перакласці гэта на бюджэт. А то я часта стаў чуць размовы аб "фіскальных рызыках". Калі гэта вы мяне плаўна рыхтуеце да таго, каб за кошт урачоў і настаўнікаў аплаціць безгаспадарчасць прадпрыемстваў, то лепш цяпер адкрыта скажыце аб гэтым і ідзіце дамоў адпачываць. Прадпрыемствы самі павінны зарабляць грошы і плаціць падаткі ў бюджэт", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў на працягу года перасягнуць узровень сярэдняй зарплаты ў краіне ў памеры Br1 тыс. "Я ведаю, што стаіць за гістарычна нізкім узроўнем інфляцыі і амаль тысячай рублёў у снежні. Вы ж літаральна выціснулі з прадпрыемстваў гэту сярэднюю тысячу ў канцы года. Але тры чвэрці насельніцтва практычна гэтай зарплаты не бачылі. У палавіны - ніжэйшая за шэсцьсот пяцьдзясят рублёў. А 10% насельніцтва краіны змаглі зарабіць не больш за трыста рублёў. Гэта жыхары ў раёнах, дзе альтэрнатывы ў плане працаўладкавання няма", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што пакуль не бачыў графіка росту зарплаты на 2018 год. "Паводле маёй інфармацыі, дасягненне і ўтрыманне ў 2018 годзе заработнай платы на ўзроўні тысячы рублёў не пацвярджае ніводная з абласцей. Гэта таксама сведчыць аб тым, што вы пакуль не здольны яе забяспечыць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Ён заявіў губернатарам і Прэм'ер-міністру, што неабходна быць бліжэй да праблем людзей. Патрабаванне Прэзідэнта ў плане павышэння зарплаты застаецца нязменным. "Я папярэдзіў ужо. Разумею, што ў снежні выйшлі прыкладна на тысячу рублёў. У студзені зарплата ўпала, зразумела, прагулялі паўмесяца практычна, адпачывалі, Новы год святкавалі. Люты - кароткі месяц. Але да канца першага квартала ваша задача - аднавіць тысячу рублёў, а на працягу года - перасягнуць гэты паказчык", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, павялічыць гэты паказчык трэба за кошт павышэння для катэгорыі работнікаў з нізкай зарплатай. Размова ідзе, у прыватнасці, аб настаўніках, урачах, работніках дзіцячых садоў, а таксама сацыяльнай і культурнай сфер.

Але праблемай нумар адзін для насельніцтва быў названы рост цэн. "Людзям усё роўна, якая ў нас у краіне сярэдняя інфляцыя. Яны робяць вывады па цэнах на тавары, якія купляюць кожны дзень. А там рост як мінімум на 8-10% за год. А калі паслугі сюды дабавіць, то і большы, а не 4,5% або 6%. Таму рост цэн для насельніцтва па-ранейшаму з'яўляецца праблемай нумар адзін. Маё патрабаванне да кіраўніка Нацбанка, як і 4 месяцы таму, - скарачэнне інфляцыйных чаканняў", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб у час справаздачы Урада была дадзена аб'ектыўная ацэнка таму, як завершаны 2017 год, зыходзячы з сутнасці яго патрабаванняў. Паводле слоў Прэзідэнта, патрэбна не проста статыстыка, неабходны аналіз сітуацыі і вывады аб праблемах, якія перашкаджаюць рухацца наперад. Ён падкрэсліў, што хацеў бы пачуць выразную праграму далейшых дзеянняў Урада і Нацыянальнага банка па вырашэнні пастаўленых задач і ўзнятых пытанняў.


Аляксандру Лукашэнку далажылі аб сацыяльна-эканамічным развіцці краіны ў мінулым годзе. На нарадзе былі падрабязна разгледжаны прапановы адносна дадатковых мер для забеспячэння ўстойлівага эканамічнага росту і выхаду на заданні пяцігодкі.

Асаблівая ўвага была ўдзелена мерам, што прымаюцца па забеспячэнні занятасці, павышэнні аплаты працы і пенсій, тэме зніжэння інфляцыі. Таксама абмеркаваны перспектывы нарошчвання ў 2018 годзе золатавалютных рэзерваў Беларусі і скарачэння валавога знешняга доўгу, удзел банкаўскай сістэмы ў развіцці эканомікі краіны.

Удзельнікі нарады прадставілі сваё бачанне актуальных праблем у беларускай эканоміцы, а таксама крокі па іх вырашэнні. Па выніках мерапрыемства Кіраўнік дзяржавы даў шэраг даручэнняў членам Урада і іншым службовым асобам краіны.

 Устараніць раз'яднанасць мэт

"Вельмі насцярожвае стыль і метады работы дзеючага Урада. Атрымалі ў спадчыну практычна ўсе недахопы мінулага, а лепшае не ўзялі. Ваша мадэль паводзін ніяк не адпавядае матрыцы задач вертыкалі ўлады і мэтам пяцігодкі. Усе даручэнні ключавым службовым асобам вертыкалі ўлады кожны з вас павінен няўхільна выконваць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ўсе органы ўлады павінны глыбока разумець важнасць узгодненых дзеянняў пры вырашэнні пастаўленых перад краінай задач. "Вышэйшыя службовыя асобы нясуць большую, чым члены Урада, адказнасць за сітуацыю ў краіне, тое ж самае і знізу - губернатары. Таму давайце будзем дзейнічаць у адной увязцы для таго, каб краіна развівалася, а не глядзець скоса на Урад, - заклікаў Прэзідэнт. - Раз'яднанасці пры выкананні задач, якія перад намі стаяць, быць не павінна".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў кардынальнага паляпшэння якасці дзяржаўнага кіравання. "Беларуская эканоміка заўсёды працавала і будзе працаваць у няпростых, цяжкіх умовах. Нам няма чым з вамі падстрахавацца. Абвастрэнне пратэкцыянізму, грубае парушэнне міжнародных правіл гандлю, барацьба за доступ да тэхналогій, рэсурсаў, рынкаў збыту - гэта новая рэальнасць і тыя ўмовы, у якіх нам трэба будзе жыць, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - А значыць, ва ўсіх планах з гэтага і зыходзьце".

 Забяспечыць рост ВУП

"У наступнай пяцігодцы нам кроў з носа трэба дасягнуць планкі ВУП $100 млрд. Толькі гэта дасць магчымасць мець зарплату $1 тыс. і не скаціцца ў пастку беднасці. Таму сённяшнія настроі "хоць бы дажыць да 2025 года" - недапушчальныя", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Пакуль з актываў ва Урада - ВУП $54 млрд, хоць у мінулай пяцігодцы было $67 млрд, нагадаў Прэзідэнт. Экспарт - $36 млрд, а сярэднегадавы ў мінулай пяцігодцы - амаль $45 млрд.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што асновай росту валавога ўнутранага прадукту Беларусі ў 2017 годзе былі не ўнутраныя фактары. "Гэта трэба прызнаць", - сказаў ён. У той жа час, дадаў Аляксандр Лукашэнка, добра, што Урад змог скарыстацца і спрыяльнымі знешнімі ўмовамі.

Развітыя краіны ў 2017 годзе раслі на 2,3%, краіны, якія сталі на шлях развіцця, - на 4,5%. "Мы ж пакуль проста вяла паўзём услед. У іх што, не было крызісу? Быў. У нас хоць хто-небудзь укараніў дзе-небудзь інавацыйныя тэхналогіі? Сталі масава выпускаць прадукцыю з больш высокай дабаўленай вартасцю? Прадукцыйнасць працы наблізілася да еўрапейскай? Аб гэтым сёння нават ніхто не згадваў, таму што мы маем бледны выгляд у гэтым", - канстатаваў Прэзідэнт.


Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што рэальнага павышэння канкурэнтаздольнасці айчынных тавараў пакуль не адбываецца. Аб прарыўных тэхналогіях, новых вытворчасцях, інавацыйным шляху развіцця гавораць трэцюю пяцігодку. "Але пры гэтым ідзём у Еўропу з таварамі, якія былі вынайдзены яшчэ ў Савецкім Саюзе. Ну, можа, крыху палепшылі іх па якасці, пафарбавалі іншай фарбай. Высокіх тэхналогій няма. Нават у сярэднетэхналагічным сектары працуюць толькі 15% занятых, і толькі 600 тыс. чалавек могуць зарабіць Br1 тыс. і больш", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Выпрацаваць новыя падыходы да прыцягнення інвестыцый

"Даручаю ўзмацніць падрыхтоўку бізнес-планаў інвестыцыйных праектаў: менш сцен - больш на абсталяванне, якое дае прырост дабаўленай вартасці, з выхадам на аб'ёмы продажаў. Мінэканомікі павінна распрацаваць новыя - простыя, але строгія - патрабаванні да інвестпраектаў з бюджэтным удзелам або гарантыяй дзяржавы", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, усе інвестыцыйныя праекты, за якія бярэцца Урад, працуюць вельмі дрэнна. "Сем дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, МАЗ, "БЕЛДЖЫ", стратнасць НПЗ пры рабоце па сусветных цэнах, Светлагорскі ЦКК, Добруш, Завод газетнай паперы... Можна яшчэ прадаўжаць. Стала правілам наабяцаць цэлы мех, а затым прасіць аб прадаўжэнні тэрміну на год, а то і на гады. А за гэтым - дзяржаўныя грошы", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы таксама закрануў праблематыку будаўніцтва атамнай станцыі. "Прапануеце думаць яшчэ год, а потым за шэсць месяцаў да яе запуску пачаць нешта лічыць, планаваць, куды дзець энергію. Гэта палітыка не паддаецца нават асэнсаванню", - заявіў ён.

На думку Прэзідэнта, зніжэнне прытоку замежных інвестыцый з 2013 года стала трывожнай тэндэнцыяй. Ён запатрабаваў разабрацца ў прычынах, галоўнай з якіх лічыць непаваротлівасць Урада. "Толькі адзін інвестыцыйны Дэкрэт № 10 вы карэкціруеце больш як год, і прапаноў у мяне да гэтага часу няма. Работа ідзе вельмі марудна. Казахстан, напрыклад, у аб'ёмах прыцягнення капіталу абганяе нас мінімум у пяць разоў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што працэс інвесціравання павінен быць пастаянным, каб як мінімум захоўваць канкурэнтаздольнасць. "Уся краіна ў нейкіх ільготах. Вы хоць самі ў іх разбіраецеся? Можа, прычына не ў ільготах, а ў тым, як вы працуеце з інвестарам на практыцы, калі ён пачынае сваю дзейнасць?", - пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка.

Ён перакананы, што сёння трэба ў ручным рэжыме ўзаемадзейнічаць з кожным патэнцыяльным інвестарам. "Узровень дыялогу і хуткасць вырашэння пытанняў павінны быць такімі, якія патрэбны дзелавому чалавеку. Ніякай валакіты і бюракратызму", - запатрабаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на той факт, што за 2017 год аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове скараціўся на $60 млн, або амаль на 5%, і склаў $1,2 млрд. З іх 44% - рэінвесціраванне. Але і яно зменшылася на $110 млн, або на 17%. "Гэта сведчыць аб тым, што інвестары выводзяць атрыманыя даходы, не бачаць перспектыў або проста нам не давяраюць", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Падатковыя работнікі, пажарныя, санстанцыя, энергетыкі, кантралёры і іншыя - яны і не чулі аб тым, што інвестыцыі - адзін з пяці прыярытэтаў у пяцігодцы, - сказаў Прэзідэнт. - Вынікам такой раз'яднанасці сталі накопленыя за тры пяцігоддзі даўгі. Вы лічыце, што на мэты развіцця эканомікі больш выгадна пазычаць? Каму мы даём у такім выпадку зарабіць?"

Паводле яго слоў, ёсць рабочыя групы, планы, нейкія нарады, а рашэнняў і інвестараў - няма. "Я думаю, Васіль Станіслававіч, вашы кампетэнцыі ў гэтай сферы павінны праявіцца, яны вельмі запатрабаваны", - звярнуўся Кіраўнік дзяржавы да першага віцэ-прэм'ера Васіля Мацюшэўскага. Негатыўная тэндэнцыя сведчыць аб сістэмных недапрацоўках у гэтай галіне, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

 Вырашыць праблему дыверсіфікацыі экспарту

Закранаючы тэму нарошчвання экспарту, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што да гэтага часу не вырашана праблема таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі. Сёння гэта пытанне бяспекі.

"Чаго вы чакаеце? У 2017 годзе ў пяць краін быў пастаўлены 71% ад агульнага аб'ёму экспарту, хоць год таму - 69%. Урад гаворыць - знізілі долю Расіі. Але гэта ж матэматыка. Вядома, доля ўпадзе, калі падаражэлі нафтапрадукты, што прадаюцца ў Еўропу", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ніколі не ставіў задачу выходзіць з расійскага рынку. "Але трымацца толькі за гэты рынак, калі нас выцясняюць канкурэнты, прытым неканкурэнтнымі спосабамі, не варта. Асабліва калі гэта выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Ніякі прыбытак не варты незалежнасці", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

"Калі можна гандляваць гэтак жа або няхай крыху менш эфектыўна, але на іншых рынках, то прыкладзіце намаганні на барацьбу з эканамічнымі канкурэнтамі, а не на нейкую барацьбу з "данквертамі", - паставіў задачу беларускі лідар.

Ураду пастаўлена задача вызначыцца ў найкарацейшыя тэрміны, чым будзе падтрымлівацца экспарт. "Калі слабым рублём і нізкімі зарплатамі - я катэгарычна супраць. Хочаце, каб Беларусь скацілася да ўзроўню краін трэцяга свету? На фінансавы бок не наракайце. Нацыянальны банк мне далажыў, што банкі пракрэдытавалі машынабудаванне ў паўтара раза больш, чым тыя прыраслі па экспарце", - канстатаваў Прэзідэнт.

Хоць экспартная дзейнасць і вызначана адным з прыярытэтаў развіцця краіны, новых падыходаў і рэкамендацый пакуль не выпрацавана, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. "Вы лічыце, што нас нехта чакае? - спытаў ён. - Калі патрэбны новыя інструменты - уносьце прапановы. Я не адмовіў ні адной экспартнай ініцыятыве".

Больш актыўна адстойваць інтарэсы Беларусі ў ЕАЭС

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаўся аб праблемах у функцыянаванні Еўразійскага эканамічнага саюза: "Гэта ўжо становіцца смешным. Сродкі масавай інфармацыі ў нас яхіднічаюць - што гэта ў вас за "таежны" саюз такі, што адносіны да краін-членаў больш строгія, чым да іншых? Я не гавару пра малако, якое стала нахабным палітычным інструментам зусім нядаўна. Нават наш цэмент не можам свабодна прадаваць. Вось гэта эканамічны саюз!"

Паводле слоў Прэзідэнта, беларускія прадстаўнікі ў Савеце ЕЭК не ў поўнай меры выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі. "Навошта імітаваць дзейнасць, калі вырашаюцца пытанні толькі іншых краін? Ні адна з нашых праблем не знята. Таму вы павінны выбіраць адно-два сур'ёзныя пытанні на 2018 год і настойліва "дзяўбці" іх, пакуль яны не будуць вырашаны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Падтрымліваць нізкую інфляцыю

"Нацыянальны банк - гэта заканадаўца работы банкаўскай сістэмы. Вы павінны ствараць такія ўмовы, якія спачатку вырашалі б праблемы эканамічнага росту і толькі потым рабілі банкаўскі бізнес прывабным. А пакуль у нас больш выгадна гандляваць грашыма, чым вырабляць прадукцыю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вы бачыце, што не націскаю на вас па стаўках. Як толькі адчуеце, што можна апусціцца ніжэй за яе, дзейнічайце. Але галоўнае - перад гэтым вы павінны пераканаць усіх у тым, што падтрыманне нізкай інфляцыі з'яўляецца прыярытэтам эканамічнай палітыкі ў бягучым перыядзе і такім застанецца і ў будучым".

Пры гэтым, лічыць Прэзідэнт, важна дабіцца гэтага не толькі на паперы, але і ў жыцці: "Ваша задача - каб рост цэн для насельніцтва перастаў быць праблемай нумар адзін. Пакуль інфляцыйныя чаканні насельніцтва высокія. Амаль 90% упэўнены, што тавары і паслугі будуць расці".

Дабіцца росту золатавалютных рэзерваў

"Мне вельмі не падабаецца, што вы па-свойму інтэрпрэтавалі задачу па золатавалютных рэзервах, абмежаваўшыся шасцю мільярдамі долараў да канца 2018 года. Гэта не так. Магчыма, трэба і больш", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што рост золатавалютных рэзерваў - важная задача, забяспечыць вырашэнне якой трэба, але толькі не за кошт даўгавых грошай.

"Сёння нам трэба максімальна пазбавіцца ад знешніх даўгоў. Яны скоўваюць нашы магчымасці, асабліва сацыяльныя, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Аддаваць каля 10% ВУП толькі на абслугоўванне дзярждоўгу - недазвольная раскоша".

Прэзідэнт падкрэсліў, што прадпрыемствы павінны забяспечваць чысты продаж валюты, а не выцягваць яе з краіны.

Больш дасканала планаваць бюджэт

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, бюджэт - гэта асаблівае пытанне. "У канцы мінулага года было шмат шуму наконт яго скарачэння на 10%. І што ж атрымліваецца, зрэзалі расходы на 10%, рэзервовы фонд не расходавалі, стаўкі падаткаў павысілі толькі з лютага, а ў першым месяцы атрымалі прафіцыт. Гэта вы яго плануеце так бесталкова?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт запатрабаваў, каб у 2018 годзе работу па бюджэтным працэсе пачалі па-новаму. "Не ад дасягнутага, а "з нуля". Кожны атрымальнік сродкаў павінен пераканаўча даказаць неабходнасць кожнага бюджэтнага рубля, на які ён прэтэндуе. Гэта датычыцца як рэспубліканскага, так і мясцовага бюджэту", - заявіў ён.

Што датычыцца дзяржаўнага доўгу, то патрабаванне тут простае і зразумелае - яго трэба скарачаць.

Асучасніць падатковую сістэму

"За бягучы год Урад і Парламент павінны асучасніць падатковую сістэму, выключыўшы ўсё лішняе, што нарасло за гады практыкі", - запатрабаваў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт падкрэсліў, што падатковая сістэма павінна быць простай, зразумелай і стаць, калі можна так сказаць, дружалюбнай да суб'ектаў гаспадарання.

"Цяпер сакавік, а практычнай работы няма, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Амаль два месяцы групы нейкія стваралі. Падатковы кодэкс - персанальнае заданне першаму віцэ-прэм'еру".

Знізіць залежнасць ад кан'юнктуры рынку вуглевадародаў

Прэзідэнт даручыў Ураду распрацаваць дзейсныя меры па зніжэнні залежнасці ад кан'юнктуры рынку вуглевадародаў, прычым размова ідзе не толькі аб альтэрнатыўных крыніцах пастаўкі.

"Ну, знойдзеце вы іншую нафту - усё роўна потым плач і стогны: цана вырасла, цана ўпала, таму няма росту, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - У Казахстане, які залежаў ад нафты мацней, чым мы, дзе энергетыка заўсёды была асновай эканомікі, доля малога і сярэдняга бізнесу ў ВУП ужо на 10-15% вышэйшая, чым у нас. Я не гавару пра Германію, дзе малы і сярэдні бізнес фарміруе 90% ВУП".

Развіваць канкурэнцыю на ўнутраным рынку

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў мінулым годзе зроблена нямала, але патрэбна больш тонкая работа па наладжванні эканомікі. "У ёй яшчэ шмат бар'ераў або нават проста недакладных фармулёвак, якія скажаюць практыку, ствараюць няроўныя ўмовы. У выніку некаторыя суб'екты гаспадарання, асабліва дзяржаўныя, не хочуць варушыцца і паснулі", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што пры гэтым пакутуюць людзі. Напрыклад, у Хоцімскім раёне акрамя Белкаапсаюза і некалькіх прыватнікаў нармальнага гандлю няма. "Цэны на некаторыя тавары так узнялі, што ў людзей забіраюць апошнія капейкі", - дадаў Прэзідэнт.

Для простага чалавека важны вынікі, а не пастаянныя дыскусіі аб шляхах развіцця, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. "Бягучы год - гэта цэнтральны год пяцігодкі. Людзі павінны адчуць рэальнае паляпшэнне сітуацыі ў эканоміцы, убачыць, што могуць зарабляць больш і на гэтай аснове забяспечыць сабе дастойную якасць жыцця", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Як адзначыў Прэзідэнт, і Расія, і Казахстан сур'ёзна ўзяліся за нацыянальныя планы па развіцці ўнутранай канкурэнцыі. "Яны ведаюць, як гэта аздараўляе эканоміку. Таму нашым Ураду, Нацыянальнаму банку трэба падрыхтаваць, калі гэта неабходна, пакет рашэнняў, як у 2018 годзе будуць удасканальвацца ўмовы гаспадарання. І прававыя акты павінны пачаць працаваць ужо ў гэтым годзе", - запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт дадаў, што ў абавязковым парадку трэба ўлічыць канструктыўныя прапановы, якія прагучалі сёння ў дакладах, аб задзейнічанні дадатковых крыніц росту. Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што свет за год робіць такія крокі, на якія раней ішлі дзесяцігоддзі. Таму сёння не прыняць рашэнне горш, чым прыняць і памыліцца.

"Калі патрабуецца прыняцце рашэнняў на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, то ўносьце са спасылкай на сённяшняе мерапрыемства. Адміністрацыя Прэзідэнта на працягу пяці дзён падасць мне іх на разгляд. Часу на разварушванне ў нас няма. Чакаю ад усіх сканцэнтраванай і ініцыятыўнай работы", - сказаў на заканчэнне Аляксандр Лукашэнка.
© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь