Сесія Савета калектыўнай бяспекі АДКБ

  • 27

Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам актыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы, усебаковага павышэння рэзультатыўнасці яе дзейнасці і ўмацавання аўтарытэту на міжнароднай арэне. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 30 лістапада, адкрываючы пасяджэнне сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.

На перагаворах у вузкім складзе прэзідэнты ў канструктыўным, даверным і адкрытым ключы абмеркавалі тэндэнцыі развіцця міжнароднай абстаноўкі і яе ўплыў на сітуацыю ў зоне адказнасці АДКБ, абмяняліся думкамі аб эфектыўнасці мер, што прымаюцца для забеспячэння калектыўнай бяспекі.

Прэзідэнт Беларусі з задавальненнем адзначыў агульнасць поглядаў бакоў адносна сучасных пагроз, з якімі сутыкаюцца дзяржавы - члены АДКБ, эфектыўнасці выбранай стратэгіі па іх мінімізацыі.

"Нашымі сумеснымі намаганнямі вялася і вядзецца планамерная работа, накіраваная на павышэнне міжнароднага аўтарытэту АДКБ, пашырэнне кола яе прыхільнікаў, развіваюцца найбольш важныя формы знешнепалітычнай каардынацыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у фармаце Арганізацыі ўдалося дасягнуць канцэптуальнага замацавання адзіных падыходаў да забеспячэння інфармацыйнай бяспекі, прывесці ў адпаведнасць з перадавымі тэхнічнымі патрабаваннямі базавыя элементы сістэмы крызіснага рэагавання. Канкрэтныя захады зроблены на шляху фарміравання ўмоў для выкарыстання міратворчага патэнцыялу.

Акрамя таго, падрыхтавана аснова нарматыўнага афармлення партнёрства ў фармаце АДКБ з міжнароднымі арганізацыямі і трэцімі краінамі.


"У цэлым у юбілейны для арганізацыі 2017 год зроблена нямала. Упэўнены, што далейшыя сумесныя дзеянні па ўмацаванні АДКБ захаваюць устойлівы, паступальны і дынамічны характар. Неабходна, каб гэта работа знаходзілася ў полі зроку грамадскасці як нашых, так і замежных дзяржаў", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Беларускі бок разлічвае, што з пераходам старшынства ў АДКБ да Казахстана ўсе раней вылучаныя ініцыятывы будуць дапаўняцца і атрымаюць творчае развіццё.

Па выніках пленарнага пасяджэння бакі падпісалі больш за два дзясяткі дакументаў па парадку дня саміту. У іх ліку дэкларацыя ў сувязі з 25-годдзем Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзем АДКБ.

У шэрагу падагульняючых рашэнняў знайшлі адлюстраванне прыярытэты беларускага старшынства ў Арганізацыі. Сярод іх рашэнні аб прававым афармленні інстытута партнёрства ў фармаце АДКБ, аб удасканаленні мер па процідзеянні незаконнай міграцыі, заява аб сумесных мерах па ўмацаванні абароннага патэнцыялу дзяржаў - членаў АДКБ.

Прыняты шэраг палітычных заяў кіраўнікоў дзяржаў па актуальных праблемах міжнароднай бяспекі. Разгледжаны пытанні ўдасканалення ваеннага складніка Арганізацыі, а таксама структуры Сакратарыята і Аб'яднанага штаба АДКБ, размеркавання квотных пасад у Аб'яднаным штабе, прыняцця бюджэту АДКБ на 2018 год і шэраг іншых.

Кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнне аб Плане рэалізацыі Стратэгіі калектыўнай бяспекі АДКБ на перыяд да 2025 года.

У ходзе мінскага саміту Прэзідэнт Беларусі ўручыў былому Генеральнаму сакратару Арганізацыі Мікалаю Бардзюжу ганаровы знак АДКБ I ступені. Такім чынам адзначаны яго значны ўклад ва ўмацаванне калектыўнай бяспекі, процідзеянне сучасным выклікам і пагрозам, развіццё супрацоўніцтва паміж дзяржавамі - членамі АДКБ.


Кіраўнік беларускай дзяржавы асабліва падкрэсліў, што гэта ўзнагарода ўручаецца ўпершыню ў гісторыі АДКБ. "Трэба сказаць, што гэты чалавек - узор і прыклад для будучых сакратароў. Мікалай Мікалаевіч кіраваў Арганізацыяй больш за 13 гадоў і па праву заслужыў гэту ўзнагароду", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў ад імя ўсіх дзяржаў-удзельніц падзякаваў Беларусі за паспяховае старшынства ў АДКБ за мінулы перыяд. Ён таксама адзначыў традыцыйную гасціннасць беларускага боку і высокі ўзровень арганізацыі саміту.

Генеральны сакратар АДКБ Юрый Хачатураў па выніках пасяджэння Савета калектыўнай бяспекі падкрэсліў, што мінскі саміт стаў чарговым важным этапам развіцця Арганізацыі.