Рэспубліканскі баль выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў

  • 9

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка вітае гатоўнасць моладзі плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 28 чэрвеня на Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў.

"Я бачу гатоўнасць маладога пакалення плённа працаваць і праяўляць ініцыятыву. І я гэта вітаю. Паколькі вам трэба асвойваць новыя тэхналогіі, развіваць вытворчасць, сферу паслуг, выводзіць беларускую культуру і навуку на лідзіруючыя пазіцыі ў свеце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівую ўвагу беларускі лідар звярнуў на тое, што для выпускнікоў настае новы, вельмі адказны этап прафесійнага станаўлення. Гэты час стане своеасаблівай праверкай таго, чаму яны навучыліся і як будуць выкарыстоўваць свае веды ў штодзённай практыцы. "Ужо не выкладчыцкія ацэнкі ў заліковых кніжках будуць вызначаць ваш аўтарытэт, а рэальныя справы, працоўныя дасягненні на канкрэтных участках самастойнай работы", - канстатаваў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў сімвалічнасць таго, што выпускнікі пачынаюць сваю дзейнасць у якасці спецыялістаў у першы год новай пяцігодкі, на якую краіна ўскладае вялікія надзеі ў плане дынамічнага развіцця. Беларускі лідар падкрэсліў, што дзяржава робіць стаўку на маладых людзей і краіне неабыякавы іх лёс. Таму ў прынятай на Усебеларускім народным сходзе Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады адным з дзяржаўных прыярытэтаў названа маладзёжная палітыка.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу выпускнікоў, што яны, атрымаўшы вышэйшую адукацыю, зрабілі свой першы крок у складанае жыццё. "Гэты час, які мы перажываем, складаны тым, што пачаўся, як мы часта гаворым, перадзел свету. Устанаўліваецца новы светапарадак, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - З'явіліся новыя дзяржавы, якія прэтэндуюць пад гэтым сонцам заняць лідзіруючае становішча, а гэтыя месцы ўжо заняты. Таму дзе-нідзе ўспыхваюць лакальныя канфлікты. І галоўнае сёння - уберагчы краіну, уберагчы свет ад глабальнай вайны". Беларускі лідар запэўніў, што дзяржава заўсёды ўдзяляла і будзе ўдзяляць пытанням абароны і бяспекі асаблівую ўвагу. "Будзе мір у краіне - я ўпэўнены, што мы не проста будзем жыць, мы вырашым свае праблемы і дасягнём тых мэт, якія ставім перад сабой", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выкладчыкам і кіраўнікам беларускіх вышэйшых навучальных устаноў за шматгадовую плённую працу, выдатныя дасягненні ў прафесійнай дзейнасці, значны асабісты ўклад у падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў. Шэрагу выкладчыкаў і студэнтаў была аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта Беларусі.

Яўгеніі Алексяевіч аб'яўлена Падзяка Прэзідэнта