Бел
Галоўная   /  Падзеі

Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі

30 чэрвеня 2018 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у Рэспубліканскім балі выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі. У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы пажадаў выпускнікам быць моцнымі, верыць у сябе і ставіць перад сабой высокія і высакародныя мэты.

"Вы - дзеці сучаснай, незалежнай Беларусі. І калі да зразумелага імкнення дасягнуць вялікіх вышынь у сваёй кар'еры, палепшыць сваё матэрыяльнае становішча ў вас дабавіцца шчырае жаданне быць карысным сваёй Радзіме, то яе будучыня - у надзейных руках. Таму будзьце моцнымі. Верце ў сябе, хаця б як я веру ў вас. Абавязкова стаўце высокія і высакародныя мэты, і чым вышэй, тым лепш. Чалавек, які жыве без мэты, нічога не дасягне - ні поспехаў у кар'еры, ні матэрыяльнага становішча, ды і Радзіме ён, напэўна, мала будзе карысны. Стаўце перад сабой самыя амбіцыйныя мэты. Шчыра жадаю, каб апраўдаліся вашы надзеі і чаканні ад дарослага жыцця", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Звяртаючыся да выпускнікоў, Прэзідэнт адзначыў, што калі да гэтага часу іх праца канверсавалася ў ацэнкі, то цяпер яна стане залогам дабрабыту, прафесійнага статусу і становішча ў грамадстве. "Камфортныя стартавыя ўмовы для вас створаны. Пагадзіцеся, для спецыялістаў, якія яшчэ не праявілі сябе ў прафесіі, атрымаць першае гарантаванае працоўнае месца - гэта высокі давер. Вы гэта не разумееце і не зразумееце (яно цяжка разумеецца, калі яно ёсць). Калі яго няма - паглядзіце на сваіх замежных равеснікаў - тады вы зразумееце, што такое першае працоўнае месца, і колькі маладых людзей сябе не могуць знайсці хаця б за капейкі, але каб быць карыснымі грамадству. Гэта гарантыя азначае, што дзяржава дае вам першую рэкамендацыю. Усё астатняе залежыць толькі ад вас", - даў наказ беларускi лiдар.

Кіраўнік дзяржавы таксама падзякаваў за працу выкладчыкам, якія сталі суаўтарамі поспеху сваіх студэнтаў. "Не здарма кажуць, што настаўнік і вучань растуць разам. Вы сапраўды разам пражылі гэтыя гады. Прайшоўшы цярністы, але цікавы шлях у свет новых ведаў, уменняў, вопыту, сталі мудрэйшымі і, я ўпэўнены, унутрана багацейшымі. Цяпер вашы дарогі - выкладчыкаў і студэнтаў - разыходзяцца. Учарашніх студэнтаў педагогі і бацькі перадаюць у рукі самага строгага і патрабавальнага настаўніка, імя якому - Жыццё, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яго ўрокі нельга паўтарыць, не будзе шанца пераздаць экзамен, і нават памылкі не заўсёды атрымаецца выправіць, як гэта бывала ў школьныя або студэнцкія гады. Настае час прафесійнай дзейнасці, якая патрабуе сур'ёзнага і добрасумленнага стаўлення да працы".

"Таму што няма права на памылку ў педагога і ўрача. Людзі давяраюць ім самае дарагое і каштоўнае - дзяцей і іх здароўе. Недапушчальны хібы ў дзейнасці юрыстаў і ратавальнікаў, супрацоўнікаў міліцыі і ваенных. У іх руках лёсы людзей, а таксама мір і парадак у дзяржаве. Работнікі рэальнага сектара забяспечваюць эканамічную бяспеку краіны і дабрабыт суайчыннікаў. Многае ў жыцці грамадства залежыць ад прадстаўнікоў СМІ, дзеячаў культуры, якія ўплываюць на светапогляд чалавека і фарміруюць яго эстэтычнае ўспрыманне ўсёй рэчаіснасці. Выступаючы на сусветных арэнах, спартсмены падымаюць не толькі асабісты рэйтынг, але таксама імідж краіны", - прадоўжыў Прэзідэнт.


Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на практыцы любая дзейнасць заўсёды звязана з пэўнымі рызыкамі. "Такое дарослае жыццё - час рашэнняў і дзеянняў, якія абавязваюць падлічваць усе магчымыя наступствы. Гэта і ёсць самастойнасць - тая свабода, да якой так імкнуцца маладыя сэрцы. І яна ідзе поплеч з вельмі строгай адказнасцю. Гэта не мае патрабаванні, і нават не дзяржавы. Гэта патрабаванні самога жыцця. Вам вырашаць - ці браць гэты груз з сабой у дарогу або пайсці па жыцці паражняком. Упэўнены, вашых ведаў, уменняў, характару хопіць, каб зрабіць правільны выбар", - сказаў ён.

Прэзідэнт таксама заклікаў рабіць усё своечасова, паколькі жыццё вельмі насычанае. "Вельмі важна не адстаць, каб гэты кругаварот вас не ўцягнуў, і вы не страцілі жыццёвыя адчуванні. Ключавое - рабіце ўсё своечасова. Калі вы сёння нешта не зрабілі і адклалі назаўтра, у гэтым кругавароце вы ўжо гэта не зробіце. Рабіце ўсё своечасова, рабіце адказна, ідучы да сваёй мэты і дабіваючыся гэтай мэты", - пажадаў Кіраўнік дзяржавы.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта, памятныя падарункі і кветкі лепшым выпускнікам і выкладчыкам.

© 2018, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь