Рэспубліканскі баль выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі

  • 21

Менавіта з моладдзю ў Беларусі звязваюць надзеі на дынамічны ўздым усіх сфер жыцця грамадства. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 чэрвеня ў час Рэспубліканскага балю выпускнікоў устаноў вышэйшай адукацыі.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта цудоўнае свята - урачысты акорд на заканчэнне студэнцкага перыяду. "Пахвальна, што вы прайшлі яго паспяхова. Атрымалі добрыя веды і навыкі. Набылі прафесію і вопыт грамадскай работы. Словам, стартавая пляцоўка для руху наперад у вас ёсць, і яна надзейная, - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. - Цяпер вы ўжо дыпламаваныя спецыялісты. Перад вамі адкрыты новыя гарызонты. Першае рабочае месца, сацыяльны статус вам гарантаваны дзяржавай. Але далёка не ўсюды такое стаўленне да маладых спецыялістаў".

Прэзідэнт звярнуўся з добрымі словамі да ўсіх выпускнікоў. "Дзейнічайце, стварайце, працуйце - і абавязкова даб'яцеся поспеху. Не забывайце, што дасягнуць вяршыні прафесійнага майстэрства можна толькі пастаянна папаўняючы свой багаж ведаў і вопыту. Дастойна апраўдвайце давер вашых настаўнікаў і бацькоў. Усё, что ў вас сёння ёсць, - гэта, вядома ж, ваша заслуга, але больш - вашых бацькоў, настаўнікаў. Вы для сваіх бацькоў, настаўнікаў - самае дарагое ў жыцці, увасабленне задум, планаў на будучае. Менавіта з вамі, адукаванымі і энергічнымі, мы звязваем надзеі на дынамічнае развіццё ўсіх сфер жыцця беларускага грамадства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што сённяшняя ўрачыстасць з'яўляецца важнай падзеяй не толькі ў асабістым лёсе выпускнікоў, але і ўсёй Беларусі. Невыпадкова яна праходзіць у Палацы Незалежнасці - храме беларускай дзяржаўнасці. "Гэта знак павагі да моладзі, да новага пакалення спецыялістаў", - падкрэсліў ён.

Ужо заўтра сённяшнія выпускнікі прыйдуць на прадпрыемствы прамысловасці і сельскай гаспадаркі, у школы і медыцынскія цэнтры, у канструктарскія бюро і навуковыя лабараторыі, праявяць свае таленты ў мастацтве, культуры. Магчыма, нехта адкрые сваю справу, стане паспяховым прадпрымальнікам. "Створаны ўсе ўмовы для таго, каб кожны змог рэалізаваць свае здольнасці. Не сумнявайцеся - так і будзе. Але помніце: у асноўным усё будзе залежаць толькі ад вас", - падкрэсліў Прэзідэнт.


Было адзначана, што моладзь - адзін з галоўных прыярытэтаў дзяржаўнай палітыкі краіны, таму ёй не трэба баяцца складаных задач, а трэба ставіць амбіцыйныя мэты і ажыццяўляць іх. "І помніце - вы патрэбны Беларусі, таму што тут ваш дом. Мы чакаем ад вас актыўнага прыкладання сіл і старанняў. Заўсёды дапаможам і падтрымаем, - сказаў беларускі лідар. - Але калі хтосьці рызыкне паехаць за мяжу, за граніцу, мы не перашкаджаем гэтаму. Але вы павінны ведаць: лепш, чым дома, вам не будзе. Так, вам могуць даць больш грошай, аб якіх чамусьці ўсе апошнім часам толькі і гавораць. Але помніце: вам не дадуць самага галоўнага - у вас не будзе пад нагамі свайго кавалка зямлі. Гэта дорага каштуе. І, ступіўшы ў сапраўднае жыццё, вы хутка гэта адчуеце".

Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што яму асабліва прыемна сустракацца з выпускнікамі беларускіх ВНУ напярэдадні Дня моладзі. "Вы ўвасабляеце лепшыя якасці маладога пакалення краіны. Калі бачыш вашы ажыўленыя твары, іскрыстыя вочы, сэрца напаўняецца верай у дастойную будучыню суверэннай Беларусі. Упэўнены, вы заўсёды зможаце адстаяць нашу незалежнасць, умацаваць эканоміку і аўтарытэт дзяржавы на міжнароднай арэне, захаваць мір і згоду на роднай зямлі", - сказаў ён.

Прэзідэнт пажадаў выпускнікам рабіць правільныя крокі на кожным жыццёвым этапе, прычым рабіць іх своечасова. "Калі вы чагосьці не зробіце ў патрэбны момант - заўтра будзе позна, вы гэтага зрабіць не зможаце, таму што будуць іншыя задачы, праблемы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

На Рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды і аб'явіў падзякі Прэзідэнта выкладчыкам і выпускнікам устаноў вышэйшай адукацыі. Пасля заканчэння афіцыйнай цырымоніі гасцей свята чакала насычаная канцэртная і забаўляльная праграма.

Усяго на мерапрыемства запрошаны больш за 270 гасцей, у іх ліку службовыя асобы, кіраўнікі беларускіх дзяржаўных і прыватных ВНУ, выкладчыкі і выпускнікі з усіх абласцей.