Рэспубліканская селектарная нарада па пытаннях уборкі ўраджаю

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў завяршыць уборку збожжавых у сціслыя тэрміны і прыняць меры для мінімізацыі страт ураджаю. Адпаведныя даручэнні Кіраўнік дзяржавы даў 2 жніўня на рэспубліканскай селектарнай нарадзе па пытаннях уборкі ўраджаю ў 2017 годзе.

"Уборку ў асноўнай масе трэба завяршыць у першай палавіне, у крайнім выпадку - да 20 жніўня", - даручыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што сітуацыя вельмі няпростая - з-за ўмоў надвор'я, іншых фактараў зрушыліся тэрміны як вясенняй пасяўной, так і выспявання ўраджаю. "На 8-10 дзён мы ўжо спазняемся", - канстатаваў ён.

"Ускладняе сітуацыю і высокая ўшчыльненасць работ. Разам з уборкай збожжавых неабходна весці церабленне лёну, другі ўкос шматгадовых траў (першага, як вы разумееце, практычна не было), сяўбу паржышчавых культур і многае іншае, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Застаўся кароткі перыяд часу, на працягу якога нам неабходна кардынальна паскорыць усе працэсы, каб, з аднаго боку, убраць ураджай, не страціўшы ніводнага зярняткі, з іншага - пачаць падрыхтоўку да пасяўной азімых культур".

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер тэмпы ўборкі збожжавых вельмі нізкія - за дзень убіраецца не больш як 2-3% плошчаў. "Адразу адзначу: усё, што залежыць ад дзяржавы, для паспяховай уборачнай кампаніі зроблена. Фінансавыя рэсурсы ёсць, гаспадаркі забяспечаны тэхнікай (прынамсі, ніхто не ставіць пытанняў па тэхніцы), па паліве на мінулым тыдні падпісана маё адпаведнае распараджэнне", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Тым не менш, у шэрагу рэгіёнаў дрэнна падрыхтаваліся да ўборачнай кампаніі, у тым ліку стаяць амаль 7-8% няспраўных уборачных камбайнаў, не адрамантаваны некаторыя зернесушылкі, у шэрагу гаспадарак адчуваецца няхватка механізатараў. Не ўсюды належным чынам паклапаціліся аб забеспячэнні тэхнікі гаручым, запаснымі часткамі, з-за чаго магчымы страты рабочага часу.

"Нельга дапусціць, каб, як гэта нярэдка бывае, механізм уборачнай кампаніі працаваў у запаволеным рэжыме. Гэта пагражае непазбежнымі стратамі, якіх дапусціць у гэтым годзе нельга", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт пацікавіўся ў адказных за ход уборачнай кампаніі, чаму дрэнна падрыхтавана тэхніка да ўборкі, і папярэдзіў аб недапушчальнасці прыпісак. "Мэта адна - не дапусціць страт. Мы не можам угнойваць збожжам глебу. У нас лічылася і да гэтага часу разважанні чую ад спецыялістаў, што 8-10% страт - гэта нармальна. А гэта амаль 1 млн т збожжа", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на пытанні тэхналогіі ўборкі з улікам асаблівасцей бягучага года, максімальна эфектыўнага выкарыстання зернесушыльнай гаспадаркі. "Марудзіць з уборкай і, як у нас у вёсцы кажуць, дапускаць выспяванне збожжа да стану 12-13% вільготнасці злачынна. Таму 20% - і трэба пачынаць уборку неадкладна. Трэба запускаць усе зернесушылкі і дасушваць збожжа да патрэбных кандыцый", - сказаў Прэзідэнт.

Яшчэ адно важнае пытанне - людзі, якія заняты на ўборачнай кампаніі. "Іх трэба накарміць, напаіць і гэтак далей. Прафсаюзы галавой за гэта адказваюць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

"Даручэнні праваахоўным органам аб строгім кантролі за ходам уборачнай кампаніі на мінулым тыдні мною дадзены. Кантроль будзе самым сур'ёзным на падставе тых законаў, якія сёння існуюць, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Захаванасць ураджаю - гэта пытанне харчовай бяспекі краіны. Мы не можам дапусціць ніякіх страт".

Адначасова з уборкай грамадскіх пасеваў Прэзідэнт даручыў аказаць неабходную дапамогу і прыватнаму сектару, у тым ліку, калі неабходна, фермерскім гаспадаркам.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што тэмпы збожжаўборачных работ звязаны непасрэдна з нарыхтоўкай кармоў з другога ўкосу траў. "Часта на кормаўборачных і збожжаўборачных камбайнах працуюць адны і тыя ж механізатары. Які стан спраў з механізатарамі? - пацікавіўся ён. - Як вядзецца сяўба пажніўных і паржышчавых культур? Там ёсць вялікі патэнцыял для кормавытворчасці".

Прэзідэнт таксама нагадаў, што аграрны комплекс Беларусі знаходзіцца на этапе вытворчасці "вялікага" малака, а гэта фінансы сельскагаспадарчых арганізацый.

"Трэба хутка ўбіраць збожжавыя культуры і трэба нарыхтаваць больш травяных кармоў", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Яшчэ адна з мэт сённяшняй нарады - забяспечыць зладжанасць і дакладнасць дзеянняў органаў улады і кіравання. Трэба проста ўзварушыць людзей, надаць дынамізм рабоце ўсяго ўборачнага канвеера і не дапусціць страт ураджаю", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэсліў, што катэгарычна забараняецца ўсё спісваць на надвор'е. "Дай бог, каб кожны год у нас было такое надвор'е. Ідэальны год для сельскай гаспадаркі. Не хлебам адзіным жыве чалавек. Няхай другім укосам, цудоўныя травы, добрыя збожжавыя, ідэальная бульба вырасла, лён нядрэнны, буракі, агародніна. Гэта ж таксама ўраджай. І вельмі важны для чалавека", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

"У нас пакуль шмат бязладнасці, элементарнага разгільдзяйства і прыкрых недапрацовак, якія ў цяперашніх умовах недапушчальныя. Цяпер неабходна максімальна напружыцца ўсім і ўбраць з поля збожжа, не расцягваючы работы на месяц-паўтара і не чакаючы, што гасподзь нам пашле лепшае надвор'е. Ні ў якім разе не расслабляцца. Трэба трымаць тэмпы работ не толькі на жніве збожжа, але і на ўборцы іншых культур", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

На перыяд уборачнай кампаніі Прэзідэнт даў старшыням райвыканкамаў самыя шырокія паўнамоцтвы: "Хачу, каб гэта засвоілі ўсе, і перш за ўсё тыя, каму я адрасую гэты тэзіс: рашэнні старшыні райвыканкама да 1 кастрычніка 2017 года, звязаныя з уборачнай кампаніяй, канчатковыя і абскарджанню не падлягаюць. Калі старшыні райвыканкама трэба ажыццявіць тыя ці іншыя дзеянні, значыць, ён іх будзе ажыццяўляць. Ніхто не мае права ўмешвацца ў яго распарадча-арганізацыйныя функцыі. Паправіць яго можа, калі ён згадзіцца, толькі губернатар. Я гэта гавару для таго, каб потым не было спасылак, што ў некага не хапіла паўнамоцтваў, каб убраць збожжа".

Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ў кожным раёне ёсць толькі каля трох-чатырох праблемных гаспадарак. "Вось займайцеся імі. Не трэба сноўдацца па раёне і рабіць выгляд, што вы нешта кантралюеце. Едзьце туды, дзе вы патрэбны. Вось за гэтыя тры гаспадаркі персанальную адказнасць нясе старшыня райвынкама. Таму яму дадзены ўсе паўнамоцтвы. Дзейнічайце! Улада ў вашых руках", - падкрэсліў беларускі лідар.

Селектарную нараду Прэзідэнт пачаў з заслухоўвання дакладаў Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Леаніда Анфімава і Генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, якія далажылі аб правядзеным маніторынгу сельскагаспадарчых арганізацый на прадмет гатоўнасці да ўборачнай кампаніі.

Вынікі маніторынгу паказалі, што прыкладна ў чвэрці гаспадарак аказаліся не гатовы да работы збожжаўборачная тэхніка, сушыльныя гаспадаркі, месцамі адзначаецца дэфіцыт механізатарскіх кадраў і гаруча-змазачных матэрыялаў. Выяўлены факты страт збожжа з-за безгаспадарчасці, парушэнняў тэхналагічных рэгламентаў пры нарыхтоўцы культур, закладка травяной масы з павышанай вільготнасцю.

Паводле слоў Аляксандра Канюка, усе пракуроры арыентаваны на жорсткае спыненне фактаў крадзяжу і знішчэння маёмасці, у тым ліку ўраджаю. "Абуральны выпадак адбыўся ў Свіслацкім раёне. Будзем разбірацца, але я ўжо цяпер бачу, што разбор давядзецца праводзіць ва ўмовах крымінальнай справы. Пракурорам 28 ліпеня выяўлены факт пахавання СУП "Ханчыцы - Нёман" каля 20 тыс. т збожжа мінулагодняга ўраджаю", - расказаў Генпракурор.

Аб аператыўнай сітуацыі ў ходзе ўборачнай кампаніі ў рэгіёнах і краіне ў цэлым на нарадзе таксама далажылі Дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Станіслаў Зась і першы намеснік Міністра ўнутраных спраў Іван Падгурскі.

Аляксандр Лукашэнка жорстка раскрытыкаваў чыноўнікаў за правалы ў падрыхтоўцы да ўборачнай кампаніі. Ён, у прыватнасці, звярнуўся да Прэм'ер-міністра Андрэя Кабякова: "Чаму вы прынялі рашэнне Урада да 20 ліпеня ўсю тэхніку падрыхтаваць і не пракантралявалі, што тэхніка гатова? Чаму міліцыю не арганізавалі? Чаму пракурора не папрасілі дапамагчы? Чаму КДК не задзейнічалі за паўгода? Трэба было прэм'ер-міністра паклікаць у рэзідэнцыю Прэзідэнта, каб спагнаць і задачы паставіць?"

Андрэй Кабякоў адказаў, што цяпер гаспадаркі да ўборкі ўраджаю ў асноўным гатовы, аднак прыкладна ў 30% арганізацый праблемы маюць хранічны характар. "Дык якое ж "у асноўным"? Вы не ўяўляеце, што такое 30% гаспадарак? Калі вы сабраліся 8 млн т збожжа сабраць, адкіньце 30%... Вы што, 3 млн т збожжа не збіраецеся сёння збіраць? - задаў пытанне Прэзідэнт. - Пара Ураду вылазіць з кабінетаў. А вы, як у бухгалтэрыі працуеце, расказваеце пра статыстыку нейкую. Вось яна статыстыка, калі паехалі і паглядзелі непасрэдна".

Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў адказных за ўборачную кампанію членаў Урада, кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады аб адказнасці за выкананне пастаўленых задач: "Забяспечылі гаспадаркі неабходным. Усім, чым маглі. Напружваем усю краіну. А вы не можаце трактар на месца паставіць і п'яніцу-механізатара да парадку заклікаць. Семінары праводзім, вучым кагосьці. Каго мы вучым? Яны даўно навучаны. Стаўце канкрэтныя задачы і рэалізоўвайце іх".

Асобна Прэзідэнт пацікавіўся якасцю пастаўляемай у гаспадаркі тэхнікі, адрасаваўшы гэта пытанне намесніку Прэм'ер-міністра Уладзіміру Сямашку.

Віцэ-прэм'ер далажыў, што па факце 2016-га і першай паловы 2017 года адзначана зніжэнне дэфектнасці тэхнікі - як гарантыйнай, так і постгарантыйнай. Ён паведаміў, што ўсе заданні па забеспячэнні тэхнікай сёлетняй уборачнай кампаніі выкананы. Выраблены ў дастатковай колькасці новыя збожжаўборачныя і кормаўборачныя камбайны, аднак не ўсе з іх аплачаны. "Таму праблема за гаспадаркамі, за абласцямі. Выкупляць трэба", - сказаў Уладзімір Сямашка.

Аляксандр Лукашэнка даручыў кіраўніцтву МУС і Камітэта дзяржкантролю пачынаючы з 1 жніўня дакладваць аб выпадках выхаду са строю гарантыйнай тэхнікі. "Не дай бог выйдзе гарантыйная тэхніка са строю - факты мне гэтыя ўсе далажыць па краіне. І не дай бог туды больш за суткі не з'явіцца гарант", - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.

Адпаведныя паказчыкі ён даручыў прааналізаваць у параўнанні з колькасцю псаванняў у тэхнікі замежных вытворцаў прызнаных у свеце марак. "Возьмем колькасць псаванняў у іх. Калі Сямашка на гэтым узроўні працуе, да яго прэтэнзій няма. Калі хоць на адну адзінку горш, няхай крыўдуюць самі на сябе. Хопіць з імі цацкацца. За няякасную тэхніку адказвае персанальна Сямашка", - заявіў Прэзідэнт.

Што датычыцца паставак вырабленай тэхнікі, Кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна вырашыць гэта пытанне. "Усю тэхніку, якая заказана, адправіць у гаспадаркі. Калі не аплачана - пад гарантыі губернатараў. Няхай з Сямашкам вызначаюцца прамыслоўцы, да якога часу яны могуць пацярпець з аплатай у гэтым годзе. Што толку ад таго, што выраблены камбайны, і яны сёння стаяць на заводзе. Грошай няма... Ну, заўтра з'явяцца. А камбайны ўжо не патрэбны будуць заўтра. Таму неадкладна адправіць пад гарантыі губернатараў і Кабякова па аплаце", - распарадзіўся беларускі лідар.

На прамой відэасувязі ў рэгіёнах у час селектарнай нарады знаходзіліся кіраўнікі ўсіх абласцей. Яны падрабязна далажылі аб ходзе ўборачнай кампаніі, забеспячэнні неабходнымі сродкамі і рэсурсамі, тэхнікай, нарыхтоўцы кармоў і шэрагу праблемных пытанняў.

Прэзідэнт заклікаў не займацца самападманам у пытанні нарыхтоўкі і забеспячэння захаванасці кармоў для жывёлагадоўлі. Сітуацыяй у гэтай сферы ён пацікавіўся ў старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса. "У вас бурты, курганы, колькі іх у вобласці: сянаж, сілас?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка.

"На жаль, яны ў нас ёсць", - канстатаваў губернатар.

"Давайце дамовімся так: гэты і наступны год - у краіне праблема з траншэямі павінна быць знята. Дзесьці трэба нейкія падняць на ўзровень, перабудаваць. Таму што я бачыў вашы траншэі. Для вас гэта менш характэрна, для іншых - вельмі характэрна: яны закапаны на 2 м у яму. І як толькі дождж нейкі, снег і іншае, там стаіць вада. Мінімум метр кармоў не проста кіслыя, яны згніюць, калі вы не паспееце іх дастаць адтуль. Вы ведаеце, пра што ідзе размова. Таму трэба праінспектаваць у кожнай вобласці ўсе траншэі", - даручыў Прэзідэнт.

"Гэта - якасць кармоў, здароўе жывёл. Таму траншэі, якія непрыдатныя, трэба іх дастаць з зямлі і перарабіць, паставіць у патрэбным месцы. Там, дзе трэба (замест курганоў вашых і буртоў), пабудаваць новыя траншэі. У вас, Андрэй Уладзіміравіч (Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў), гэты і наступны год. У адваротным выпадку не трэба нарыхтоўваць травяністыя кармы там, дзе вы кладзяце іх у бурты. Гэта - гніллё, атрута для жывёлагадоўлі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, неабходна ўзяць адпаведнае пытанне штурмам, як у свой час было зроблена адносна будаўніцтва сховішчаў для бульбы. "Калі пабудавалі бульбасховішчы, бульба стала рэнтабельнай, таму што мы маем магчымасць прадаць яе ў красавіку-маі. Гэтак жа і з траншэямі трэба разабрацца", - сказаў ён.

"Самі сябе падманваем. Нарыхтоўваем, называецца, кармы. І ў бурты кладзём. На кантроль гэта пытанне ўсім памочнікам. У будучым годзе ўсе траншэі павінны быць у страі. На жалезны кантроль гэта пытанне, і трэба раз і назаўсёды зняць яго", - рэзюмаваў беларускі лідар.

У дакладзе старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатоля Ліса была, у прыватнасці, агучана просьба да Урада і Прэзідэнта разгледзець магчымасць пастаўкі калійных угнаенняў з адтэрміноўкай плацяжу да студзеня 2018 года. Ёсць пытанні і з фінансаваннем закупкі паліва пад азімую сяўбу, закупкі фосфарных угнаенняў.

Аляксандр Лукашэнка даручыў Ураду і Нацбанку вырашыць грашовыя пытанні пры забеспячэнні сельгасработ. "Што датычыцца вырашэння пытанняў грашовых, галавой адказвае Калаур, разам з ім - Кабякоў. Усе фінансавыя пытанні з улікам, вядома, магчымасці губерняў, павінны быць зняты", - заявіў Прэзідэнт.

"Вы майце на ўвазе, што цяпер усе пойдуць з партфелямі прасіць грошай. Таму трэба разабрацца. Там, дзе катастрафічная сітуацыя, трэба дапамагчы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

"Што датычыцца ўзнятых пытанняў па калійных угнаеннях: я згодны. Трэба паставіць задачу "Беларуськалію", каб вырабілі патрэбную колькасць калійных угнаенняў і паставілі вёсцы пад гарантыі зноў жа губернатара з аплатай да 1 студзеня", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

Пытанне забяспечанасці палівам на нарадзе ўзняў і старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў: "Я хацеў бы падтрымаць брэсцкага калегу. Сапраўды, сёння паліва ёсць для правядзення ўборачнай кампаніі. Але трэба праводзіць увесь комплекс работ - і салома, і сяўба азімых культур, і гэтак далей. Для гэтага паліва недастаткова. Існуе дэфіцыт. Вельмі хацелася б, каб не стрымліваць аб'ём работы, комплекс у цэлым, вырашыць пытанне паліва ў растэрміноўку".

"Рашэнне па ўгнаеннях і паліве. Прэм'ер-міністр, упаўнаважаныя службовыя асобы па абласцях за гэта адказныя. Незніжальны запас паліва ў вобласці (не ў канкрэтных гаспадарках, а ў вобласці) павінен быць тыднёвы. Папрашу губернатараў дакладваць мне асабіста, калі недзе, пачынаючы з 10 жніўня, не будзе тыднёвага запасу ў распараджэнні губернатара", - даручыў Прэзідэнт.

"Тыднёвы незніжальны запас павінен быць сфарміраваны да 10 жніўня. Займайцеся. Я вам вызначыў па грашах, па ўгнаеннях, па паліве", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што бягучы год - момант ісціны для трох губернатараў у Беларусі. Адпаведную заяву Прэзідэнт зрабіў, заслухоўваючы даклад старшыні Гомельскага аблвыканкама Уладзіміра Дворніка, які, у прыватнасці, паведаміў, што вытворчасць раслінаводчай прадукцыі ў вобласці па выніках года будзе павялічана.

"Вялікіх нейкіх праблем, дзе трэба было б ваша ўмяшанне, я не бачу, за выключэннем тых, пра якія дакладвалі мае калегі. Усё астатняе ідзе ў штатным рэжыме", - сказаў губернатар.

"У вас не павінна быць ні да мяне, ні да цэнтра ніякіх пытанняў. Усе пытанні, якія вы перада мной ставілі, мы вырашалі на месцы. Калі нехта не выканаў з міністраў або членаў Урада, вы скажыце Сямашку або мне непасрэдна. Зніміце трубку і пазваніце. Мы прынялі ўсе рашэнні, пачынаючы ад чарнобыльскай зоны. Мы абмеркавалі канцэптуальна і практычна ўсе пытанні", - адзначыў Прэзідэнт.

"Я для чаго гэта гавару: для вас, для Анатоля Ліса (старшыня Брэсцкага аблвыканкама), для Уладзіміра Краўцова (старшыня Гродзенскага аблвыканкама) гэты год - момант ісціны. Я вам гаварыў гэта і цяпер паўтараю публічна. На падыходзе Даманеўскі і Шарстнёў (губернатары Магілёўскай і Віцебскай абласцей)", - падкрэсліў беларускі лідар.

Адносна Анатоля Ісачанкі, які толькі нядаўна быў назначаны старшынёй Мінскага аблвыканкама, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, нягледзячы на гэта, адпачываць яму не давядзецца.

"А вось для трох губернатараў, якія працуюць нямала, - момант ісціны. Не крыўдзіцеся. Я вам гаварыў гэта па-мужчынску кожнаму. Таму рабіце ўсё неабходнае, каб вы ў выніку па годзе маглі сказаць, што вось: было столькі цэнтнераў, цяпер - столькі, былі сянаж і сілас у буртах, цяпер - у траншэях, кукурузы было столькі, цяпер - столькі. А вось - травяныя кармы, капуста, цыбуля. За ўсё гэта вам у бягучым годзе адказваць спаўна", - сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, хутчэй за ўсё, прыедзе ў адпаведныя тры вобласці пазней, восенню ці зімой. "Падвядзём вынікі на месцах. Я вас проста папярэджваю, каб вам было што сказаць у прысутнасці Прэзідэнта і жыхароў цудоўных паўднёвых рэгіёнаў і перадавой вобласці", - дадаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што размова не ідзе аб нейкіх прэтэнзіях да таго ці іншага губернатара. "Я не выключаю, што вас трэба будзе ўзнагароджваць за работу. А вы адразу пачынаеце хвалявацца, што заўтра з вас запатрабуюць. Дык вы маеце рацыю. Я кожны дзень з вас патрабую, - заўважыў Прэзідэнт. - Але тры губернатары - гэта тыя, якія ў бягучым годзе памры, але дай вынік вышэйшы, чым у мінулыя гады".

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што галоўнае - фінансавыя паказчыкі, а не, напрыклад, аб'ёмы нарыхтоўкі або ўборкі тых ці іншых сельгаскультур. "Можна наогул нічога не ўбіраць, але каб былі грошы ў гаспадарках. Вось што галоўнае - эфектыўнасць гаспадарання. Вядома, без збожжа, кукурузы, якую вы вырошчваеце, без траў, сенажу, сіласу, жывёлагадоўлі не будзе грошай", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Каменціруючы даклад старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Краўцова, Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Думаю, вы мяне там не падведзяце. Вы ведаеце, аб чым ідзе размова. Не хачу нават гаварыць пра Гродзенскую вобласць - усё там павінна быць ідэальна. Вобласць не можа быць горшая за іншыя. Гэта, у свой час, адна з лепшых абласцей Савецкага Саюза, перадавая".

Што датычыцца сталічнага рэгіёна, Аляксандр Лукашэнка даручыў аператыўна падабраць кандыдатуру на вакантную пасаду памочніка Прэзідэнта Беларусі - інспектара па Мінскай вобласці. Аналагічна не назначаны кіраўнік у Салігорскім раёне.

"Гэта (вырашэнне кадравых пытанняў) трэба зрабіць неадкладна, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба цяпер на "фронт" іх адпраўляць, а не зімой назначаць. Людзі хутчэй увойдуць у курс справы".

"Мы з вамі ў бліжэйшы час і не адзін раз пабудзем у вобласці і паглядзім, што там адбываецца", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў старшыню Мінскага аблвыканкама Анатоля Ісачанку працаваць у кантакце са старшынёй Мінскага гарвыканкама: "Ён павінен у вас быць першым памочнікам у гэтыя складаныя перыяды ўборкі. Таму што Мінская вобласць - паўкраіны. У вас самыя вялікія аб'ёмы. І Мінская вобласць заўсёды была самай праблемнай. Не таму, што тут кадры дрэнныя або парадку менш, а таму, што гэта - самая вялікая вобласць".

Звяртаючыся да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, Аляксандр Лукашэнка выказаў насцярожанасць у сувязі з некаторымі кадравымі пытаннямі і ўзаемаадносінамі ў гэтай сферы. "Хачу нагадаць усім губернатарам, старшыням райвыканкамаў і маім памочнікам: губернатар - першая асоба вобласці, ён адказвае за рашэнні, якія прымаюцца ў вобласці. Калі ён прыняў рашэнне, ніякі памочнік не можа адмяніць яго, - сказаў Прэзідэнт. - У бліжэйшы час да вас па канкрэтных пытаннях прыедзе Кіраўнік Адміністрацыі, і паглядзім, што ў вас там робіцца з кадрамі".

Ад старшыні Мінгарвыканкама Андрэя Шорца Прэзідэнт запатрабаваў не дапусціць сезонных ваганняў цэн на плодаагароднінную прадукцыю ў Мінску: "Па запасах на зіму для двухмільённага Мінска і гасцей, якія прыедуць, дагаворы павінны быць заключаны. Вы закупіце столькі, колькі трэба, каб у нас не было сезоннага вагання цэн".

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўсе склады і сховішчы сталіцы павінны быць выкарыстаны пры неабходнасці для захоўвання ўраджаю, у тым ліку Мінскай вобласці.

Адносна цэн старшыня Мінгарвыканкама запэўніў, што сітуацыя кантралюемая. "Мы штодзень адсочваем цэны як у гандлёвай сетцы, так і на рынках", - сказаў ён.

Прэзідэнт у цэлым запатрабаваў асабістага ўключэння ў пытанні ўборачнай кампаніі чыноўнікаў самага высокага рангу. "Міхаіл Уладзіміравіч (Мясніковіч), вы з Андрэйчанкам неадкладна павінны выехаць у вобласці і займацца там непасрэдна. Ён у Віцебскую вобласць, а вы ў Брэсцкую. Вы цяпер адносна свабодныя. Таму арганізоўвайце там уборачную кампанію. Гэта датычыцца і Зася, гэта датычыцца Зайца - гэта людзі моцныя, адукаваныя, вопытныя - ды і іншых упаўнаважаных. Усякія водпускі, усякія выезды без майго ведама за межы краіны ўсім забараняюцца. Усё павінна быць павернута цяпер на работу ў вёсцы", - сказаў ён.

"Трэба вяскоўцам дапамагчы, а гультаёў, аб якіх мы гаварылі, прымусіць працаваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

На заканчэнне нарады Кіраўнік дзяржавы яшчэ раз акцэнтаваў увагу на асноўных задачах і дадзеных даручэннях. "Я настойваю, што надвор'е нядрэннае, трэба ўмець убіраць. Не чакайце. 20% вільготнасць збожжа - неадкладна пачынайце ўборку. Прывезяце на склад, дасушыце", - адзначыў ён, падкрэсліўшы важнасць выкарыстання мясцовых відаў паліва ў зернесушылках.

Прэзідэнт таксама запатрабаваў хутчэйшага выхаду на ўраджайнасць збожжавых 45 ц/га. "Каб гэта мець, павінны быць не проста тэхналогіі - трэба вызначыцца, на якім полі гэтыя збожжавыя вырошчваць. Калі вы не можаце па тэхналогіі забяспечыць, тады і сеяць не трэба. Калі нам 45 цэнтнераў атрымаць ураджайнасць, то на 25% можна будзе менш сеяць палёў. А гэта для нас дасягальная лічба", - упэўнены беларускі лідар.

Яшчэ адна стратэгічная культура, на якую звярнуў увагу Прэзідэнт, - гэта лён. Ён даручыў поўнасцю забяспечыць Аршанскі льнокамбінат як доўгім, так і кароткім валакном.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што важна мінімізаваць страты ўраджаю ў час уборкі. У сувязі з гэтым ён даручыў прапрацаваць стратэгію перавозкі, у тым ліку з дапамогай ваенных. Асобна ён спыніўся на якасці беларускай тэхнікі з улікам нараканняў, якія ёсць у сельгасарганізацый. "Збірай сваіх і патрабаваць за кожны трактар, камбайн і іншую тэхніку", - звярнуўся ён да Міністра прамысловасці Віталя Воўка.

Прэзідэнт падкрэсліў неабходнасць своечасовай выплаты заработнай платы на сельскагаспадарчых прадпрыемствах: "Ніхто бясплатна працаваць у калгасе, саўгасе не будзе. Таму вяскоўцам трэба заплаціць зарплату, калі ёсць запазычанасць. І трэба ўстанавіць нармальныя тарыфы, каб людзі зарабілі нармальныя грошы ў гэтыя месяцы".

Кіраўнік дзяржавы даручыў праваахоўным органам і Камітэту дзяржаўнага кантролю выявіць і прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зрыве ўборачнай кампаніі. "Калі мы гэта не зробім, гэта будуць проста размовы, і на месцах махнуць рукамі - пагаварылі і забылі. Я не забуду. Усе вінаватыя павінны быць прыцягнуты да адказнасці. З 1 кастрычніка пачынайце маніторыць і прымаць меры, патрабуйце з кіраўнікоў", - падкрэсліў ён.

Асобна Аляксандр Лукашэнка закрануў тэму асвятлення ходу ўборачнай кампаніі ў СМІ. "Сродкам масавай інфармацыі трэба разгарнуцца на поўную моц, паказваць лепшыя экіпажы, сем'і. Гэта даніна павагі людзям, якія працуюць у вёсцы. Але трэба паказваць і недахопы, пра якія сёння было сказана", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт заклікаў сродкі масавай інфармацыі неадкладна пачынаць працаваць у гэтым напрамку. "Тэлебачанне, радыё, газеты, інтэрнэт - усё павінна быць запоўнена гэтым", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.