Бел
Галоўная   /  Падзеі

Разгляд кадравых пытанняў

21 снежня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў
глядзіце таксама: відэа
21 снежня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 21 снежня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Арлоўскага Уладзіміра Мікалаевіча - Старшынёй Дзяржаўнага мытнага камітэта;

Румака Аляксандра Аляксеевіча - Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Дзішука Дзяніса Ігаравіча - старшынёй Бярэзінскага райвыканкама;

Панфілава Юрыя Анатольевіча - кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Віцебска;

Героева Аляксея Міхайлавіча - кіраўніком адміністрацыі Чыгуначнага раёна г.Віцебска;

Богдан Алены Леанідаўны - Першым намеснікам Міністра аховы здароўя;

Чараднічэнкі Дзмітрыя Уладзіміравіча - Намеснікам Міністра аховы здароўя;

Лаўрыновіча Івана Антонавіча - Намеснікам Міністра працы і сацыяльнай абароны;

Міцянскага Сяргея Вітальевіча - Намеснікам Міністра эканомікі;

Грыба Міхаіла Вячаслававіча - членам Мінскага гарвыканкама.

Пасаду Старшыні ДМК Аляксандр Лукашэнка назваў адной з вельмі важных для краіны. Таму кандыдатуру на гэта месца падбіралі доўга і скрупулёзна. "Даўно трэба было назначыць кіраўніка мытнага камітэта, але тыя, хто ўносіў мне кандыдатуры, не маглі сфакусіравацца на адной, ды і я адхіляў усе. Скажу Вам шчыра: і Вашу кандыдатуру я першапачаткова адхіліў і запатрабаваў, каб было ўнесена яшчэ некалькі. І потым пашкадаваў, таму што на мяне абвалілася столькі кандыдатур... Я гэтых людзей, зразумела, ведаю, кагосьці больш, кагосьці менш. І ўжо на трэцім крузе я быў вымушаны вярнуцца да Вашай кандыдатуры", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт назваў Уладзіміра Арлоўскага сур'ёзным прафесіяналам, лепшым у мытных органах. Менавіта гэта, як заявіў Аляксандр Лукашэнка, і стала вырашальным фактарам пры назначэнні. "Вы чалавек дзяржаўны, і мне ніхто не сказаў, што Вы недзе адступілі ад дзяржаўнай лініі, а гэта вельмі важна", - падкрэсліў ён.

Назначаючы Аляксандра Румака Упаўнаважаным па справах рэлігій і нацыянальнасцей, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі неабходна захаваць міжрэлігійны і міжканфесійны мір.

"Мы не ўмешваемся ў веру, я яшчэ раз падкрэсліваю гэта, не ўмешваемся ў пачуцці людзей. Але мы павінны абараняць сваю дзяржаву. Нашы вернікі жывуць у беларускай дзяржаве. І ўсе лідары канфесій таксама жывуць у гэтай дзяржаве. Я больш скажу, на чым заўсёды настойваў: усякія грамадскія арганізацыі, у тым ліку і рэлігійныя, яны дзейнічаюць на тэрыторыі нашай дзяржавы. У выніку гэтага Ваша пасада сёння становіцца ключавой, важнейшай. І, вядома, мы вельмі акуратна падбіралі кандыдатуру на гэту пасаду", - сказаў Прэзідэнт.

"Сышліся на тым, што Вы як чалавек дасведчаны, вопытны, чалавек, які ў сваім жыцці адносіцца аднолькавага да ўсіх нацыянальнасцей і канфесій, зможаце працаваць з усімі канфесіямі. І ў вельмі цесным кантакце з Адміністрацыяй Прэзідэнта. Для таго каб ні ў якім выпадку не разбурыць тое, чым мы заўсёды ганарыліся. Адна з нашых гордасцей - гэта міжрэлігійны, міжканфесійны мір. Мы яго павінны захаваць. Яго будуць спрабаваць парушыць, разарваць. Але мы павінны не дапусціць гэтага", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка больш падрабязна ахарактарызаваў сітуацыю і тую сферу, у якой трэба будзе працаваць Аляксандру Румаку. "Вы бачыце, што адбываецца ў краіне. Скажам шчыра, асобныя кіраўнікі сябе паводзілі, мякка кажучы, па-антыдзяржаўнаму. Кіраўніцтва. Я не бяру людзей, яны адносін да гэтага не маюць. А менавіта, некалькі там чалавек зарэкамендавалі сябе не вельмі. Будзем лічыць, што памыліліся. Але вінаваціць іх і не бачыць сваіх праблем і недахопаў, напэўна, гэта не наш шлях. Таму Вам трэба разабрацца, у чым мы, дзяржава, недапрацавалі", - сказаў Прэзідэнт.



Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што трэба ўважліва ставіцца да пачуццяў вернікаў. "І праваслаўныя, і католікі - гэта нашы людзі, гэта адданыя людзі нашай дзяржаве. У тым ліку і католікі, падкрэсліваю. Кожны выбраў сабе дарогу да храма. Таму да людзей трэба ставіцца з вялікай павагай і не парушаць рэлігійнае пачуццё чалавека. Як толькі мы ўмешваемся ў душу чалавечую, мы абавязкова ранім чалавека ў сэрца. З гэтага мы павінны зыходзіць. І вельмі строга спыняць усіх тых, хто разбурае мірнае стваральнае жыццё нашага народа і працуе на шкоду нашай дзяржаве. Іх не шмат, але мы іх павінны бачыць. У тым ліку і ў рэлігійным асяроддзі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У час абмеркавання прапануемых кандыдатур на пасады кіраўнікоў мясцовай вертыкалі Прэзідэнт пацікавіўся прычынамі кадравай ратацыі ў Віцебскім гарадскім выканаўчым камітэце, а менавіта назначэннем Юрыя Панфілава з пасады кіраўніка Чыгуначнага раёна Віцебска на аналагічную пасаду ў Кастрычніцкім раёне гэтага ж горада. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што ў будучым неабходна прапанаваць Юрыю Панфілаву больш адказную пасаду. "Работа адна і тая ж, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Чалавек у самым сталым узросце для таго, каб яго або рухаць, або адпраўляць на канкрэтную работу, каб ён да пенсіі дапрацоўваў, хоць яму далёка. Калі чалавек заслугоўвае, трэба яго накіроўваць на нармальныя пасады. Калі ён яшчэ і надзейны чалавек, што немалаважна ў наш час, дык тым больш. Таму, Юрый Анатольевіч, будзем вельмі пільна за Вамі назіраць, я гэтага не ўтойваю".
 
Што датычыцца новага кіраўніка Бярэзінскага раёна, то Прэзідэнт звярнуў увагу на важнасць рэгіёна. "Я вельмі добра ведаю Беразіно, Бярэзінскі раён. Гэта, майце на ўвазе, як бяльмо на воку, як у народзе кажуць. Там усё відаць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вельмі важны раён. Я думаю, нягледзячы на яго немалую лясістасць, усё ж такі ён перспектыўны з пункту гледжання сельскай гаспадаркі і можа дабавіць Мінскай вобласці ў плане сельскай гаспадаркі. Таму я Вас пераканаўча прашу сур'ёзна паставіцца да работы ў гэтым раёне".

Тэгі: Кадры
© 2021, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь