Бел
Галоўная   /  Падзеі

Разгляд кадравых пытанняў

21 верасня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў
глядзіце таксама: відэа
21 верасня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Даніловіча Вячаслава Віктаравіча - рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Рубніковіча Сяргея Пятровіча - рэктарам Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта;

Стомы Ігара Алегавіча - рэктарам Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта;

Кратковай Алены Мікалаеўны - рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта;

Нікіфаровіча Сяргея Алегавіча - генеральным дырэктарам ААТ "БЕЛАЗ" - кіруючая кампанія холдынга "БЕЛАЗ-Холдынг;

Тарасенкі Аляксандра Аляксандравіча - Намеснікам Міністра аховы здароўя - галоўным дзяржаўным санітарным урачом Рэспублікі Беларусь;

Кійко Дзмітрыя Мікалаевіча - Першым намеснікам Міністра фінансаў;

Печань Алены Мікалаеўны - Намеснікам Міністра фінансаў;

Тарасевіч Вольгі Акімаўны - Намеснікам Міністра фінансаў;

Броўкіна Пятра Мікалаевіча - Першым намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;

Бабера Мікалая Паўлавіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці;

Уласевіча Анатоля Васільевіча - першым намеснікам старшыні Магілёўскага аблвыканкама.

Паводле слоў Прэзідэнта, ён вельмі ўважліва вывучаў кандыдатуру Сяргея Нікіфаровіча, паколькі Беларускі аўтамабільны завод - унікальнае прадпрыемства. Ён адзначыў, што ўнутры краіны кар'ерныя самазвалы практычна не выкарыстоўваюцца, а на сусветных рынках канкурэнцыя вельмі жорсткая. "Вы сярод трох-чатырох прадпрыемстваў у свеце, і трэба аддаць належнае - БЕЛАЗ да гэтага часу трымае ўзровень і аб'ёмы рынку. І трэба разумець, што за вамі горад. Няма БЕЛАЗа - няма Жодзіна", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што Сяргей Нікіфаровіч справіцца са сваімі новымі абавязкамі. "Мне вельмі хацелася б, каб моладзь, якія прыходзіць, новае пакаленне ўсё ж такі моцна пусціла карані ў наша жыццё, грамадства. Вам жыць і працаваць, ствараць Беларусь у будучым. Мы таксама паміраць не збіраемся, але ўжо будзем глядзець збоку. Калі вы паклічаце, мы недзе падкажам, дапаможам. Таму вельмі хацелася б, каб вы прыжыліся на БЕЛАЗе", - падкрэсліў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць гэта прадпрыемства, паколькі гэта беларускі брэнд і здабытак, як і многія іншыя заводы. Ён заявіў, што, каб дагадзіць "шарлатанам з-за мяжы", у Беларусі не будуць прыватызаваць усё і ўся.

"Чаму я з такім хваляваннем стаўлюся да прадпрыемстваў? Не таму што я не разумею, што прыватная ўласнасць павінна і можа існаваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы выпрацавалі стойкі імунітэт да несправядлівасці. Нідзе, ні ў якой краіне не было справядлівай прыватызацыі. Калі мы хочам у гэты вір акунуць нашу краіну і 10 мільёнаў насельніцтва і потым хадзіць ахкаць і вохкаць, зразумеўшы, што не туды зайшлі, - гэта ўжо без мяне і, упэўнены, без вас".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што нельга забраць у грамадзян тое, што стваралася мільёнамі людзей, і аддаць аднаму інвестару. "Таму вельмі хацелася б, каб БЕЛАЗ у нас працаваў надзейна, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Наша тэхніка па якасці і цане пераўзыходзіць замежныя аналагі. Гэта наша перавага, і мы павінны яе ўтрымліваць на міжнародных рынках".

Узгадняючы назначэнне рэктараў у Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце і медыцынскія ВНУ, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў беларускіх ВНУ трэба звярнуць увагу на выхаваўчы працэс. "Мы даём бліскучую адукацыю. Нашы спецыялісты, якія атрымалі адукацыю ў Беларусі, цэняцца ва ўсім свеце. Мы заўсёды ахкаем і вохкаем, і нават наша так званая апазіцыя плачацца, што ў нас уцечка мазгоў. Дык што, дурняў бяруць за мяжу? Не, уцечка мазгоў. Значыць, яны ёсць. Значыць, адукацыю добрую атрымалі і хтосьці едзе працаваць за мяжу", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

У той жа час, звярнуў ён увагу, апошнія некалькі гадоў назіраецца адваротны працэс: у Беларусь вяртаюцца людзі, якія некалі паехалі жыць і працаваць у іншыя краіны. "У нашым свеце наўрад ці некага ўтрымаеш сёння. Утрымліваць трэба разумна, каб людзі цанілі гэту зямлю. А Акадэмія кіравання - там наогул мыш не павінна прапаўзці, там павінны быць патрыятычныя і адданыя дзяржаве і народу людзі. Я спецыяльна папрасіў, каб гуманітарый узначальваў гэту ВНУ. Нам вельмі не хапае патрыятызму ў нашых людзях", - лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што гэта актуальна і для медыцынскіх ВНУ, паколькі яны "зацыкленыя на сваёй канкрэтнай справе". "І гэта правільна. Я таксама быў прыхільнікам, каб, груба кажучы, гісторыю КПСС чатыры гады запар не вывучалі і не здавалі экзамены. Але калі мы першы-другі семестр ужо праходзім гісторыю або на другім курсе яшчэ вывучаем гісторыю Беларусі, гэты курс трэба выкладаць як належыць", - падкрэсліў ён.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што гэтымі днямі, як яму далажылі, у адной з паліклінік урач адмовіўся лячыць трохгадовае дзіця ваеннага. Прэзідэнт абурыўся гэтай сітуацыяй і даручыў разабрацца ў ёй. "У гады вайны мы ворагаў сваіх лячылі, калі пападаўся на полі бою. А гэта што ж за ўрачы? Вось прычына таго, што я даручыў уважліва паглядзець на кіраўніцтва нашых медыцынскіх ВНУ. Урач павінен быць самым патрыятычным чалавекам, таму што яго галоўная задача - выратаваць жыццё любога чалавека", - падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама згадаў пра яшчэ адзін нядаўні выпадак, калі ў Смалявічах мужчына падпаліў сябе каля будынка РАУС. Паводле яго слоў, сітуацыя з лячэннем гэтага чалавека была адваротнай. "Мы ж яго перавезлі ледзь жывога ў апёкавы цэнтр і лечым, таму што гэта чалавек", - сказаў ён.

Прэзідэнт адзначыў, што ўрачы, як і настаўнікі, - гэта аснова грамадства, і яго стаўленне да іх заўсёды было асаблівае. "Я вас вельмі прашу: звярніце ўвагу не толькі на адукацыйны, але і на выхаваўчы працэс у тых ВНУ, у якія вы накіроўваецеся", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь