Бел
Галоўная   /  Падзеі

Разгляд кадравых пытанняў

3 верасня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў: назначэнне кіраўнікоў сілавога блока
Разгляд кадравых пытанняў: назначэнне віцэ-прэм'ера і мэра Мінска
Разгляд кадравых пытанняў: мясцовая вертыкаль улады
глядзіце таксама: відэа
3 верасня 2020 года
Разгляд кадравых пытанняў: мясцовая вертыкаль улады

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 верасня разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Расалая Вячаслава Яўгенавіча - Намеснікам Старшыні Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта;

Вакульчыка Валерыя Паўлавіча - Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі;

Тэртэля Івана Станіслававіча - Старшынёй Камітэта дзяржаўнай бяспекі;

Герасімава Васіля Мікалаевіча - выконваючым абавязкі Старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю;

Сівака Анатоля Аляксандравіча - Намеснікам Прэм'ер-міністра;

Кухарава Уладзіміра Яўгенавіча - старшынёй Мінгарвыканкама.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Бараноўскага Андрэя Анатольевіча - намеснікам старшыні Гомельскага аблвыканкама;

Даўгалёва Сяргея Мікалаевіча - старшынёй Акцябрскага райвыканкама;

Ермаліцкага Сяргея Уладзіміравіча - старшынёй Гомельскага райвыканкама;

Козела Дзмітрыя Іванавіча - старшынёй Добрушскага райвыканкама;

Грыгарэнкі Аляксандра Віктаравіча - старшынёй Жлобінскага райвыканкама;

Козыра Уладзіміра Уладзіміравіча - членам Мінскага аблвыканкама і Мінскага гарвыканкама.

Аляксандр Лукашэнка пры назначэнні Валерыя Вакульчыка ўдакладніў, колькі гадоў ён працуе ўжо на пасадзе кіраўніка КДБ. "Без двух месяцаў восем гадоў", - адказаў Валерый Вакульчык.

"Я не дарэмна спытаў, колькі Валерый Паўлавіч прапрацаваў. Ніхто да яго палавіны нават не змог вытрымаць на гэтай гарачай пасадзе. Вельмі надзейны, адданы дзяржаве і народу чалавек, старанны, прыстойны. Я ніколі не бачыў за гэтыя гады, каб ён лінію недзе скрывіў і дзеля чагосьці зрабіў, - сказаў Прэзідэнт. - У нас была строгая дамоўленасць: мы, усе прысутныя тут, з простых сем'яў, таму ні ў якім разе не павінны пакрыўдзіць людзей і не быць над народам. Мы павінны ўсё рабіць для народа і не забываць аб тым, што мы менавіта адтуль - ад зямлі. І, трэба сказаць, што камітэт ён (Валерый Вакульчык. - Заўвага) у гэтым плане настройваў".

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў гэты перастроечны перыяд для сілавых структур трэба забяспечыць не толькі пераемнасць, але і калектыўную работу спецслужбаў. "Мне здаецца, што, будучы Дзяржаўным сакратаром, разам з Кіраўніком Адміністрацыі (Ігар Сергяенка раней таксама працаваў на кіруючай пасадзе ў КДБ. - Заўвага), ведаючы напрамак гэтай работы, вы зможаце аб'яднаць вакол сябе не толькі спецслужбы, але і праваахоўныя органы. І выконваць тыя задачы, якія сёння пастаўлены перад намі. І якія ўзніклі новыя - праблемы, пагрозы і гэтай далей", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што апарат Савета Бяспекі невялікі, кампактны, але яго трэба зазямліць.

"І важна, Ігар Пятровіч (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка. - Заўвага), публічна хачу сказаць: Андрэй Аляксеевіч жа (экс-дзяржсакратар Савета Бяспекі Андрэй Раўкоў. - Заўвага) не чужы чалавек. Проста мне здалося, што ён не зусім утульна сябе адчувае ў гэтым крэсле. Яму, вядома, трэба такую работу падабраць, каб ён шавяліўся. Таму што ў Міністэрстве абароны (раней Андрэй Раўкоў быў Міністрам абароны. - Заўвага) усё ж такі большая актыўнасць была, чым у гэтым апараце", - адзначыў беларускі лідар.

"Ён надзейны чалавек. Мы з вамі дамовіліся, што вы яго запросіце, я з ім потым пагавару. Прадаставім яму работу. У нас хапае вакансій для таго, каб ён працаваў і прыносіў карысць нашай краіне. Ён яшчэ малады генерал. І, думаю, што мы ад яго будзем мець карысць як унутры краіны, так і на знешнім контуры, калі ён захоча працаваць. У нас дастаткова сілавых міжнародных арганізацый, дзе ён можа прыкласці свае намаганні", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Што датычыцца Камітэта дзяржаўнага кантролю, зразумела, не вельмі хацелася б зрываць Івана Станіслававіча (Тэртэля. - Заўвага) з гэтай пасады. Тым больш ён пачаў добра гэту работу, і гэта нават людзі адзначылі, не толькі я. Ён не разумеў, чаму я ў яго часта пытаю, як працуе Першы намеснік, калі ён асабліва быў у камандзіроўцы ў Гродне. Але я якраз цікавіўся яго меркаваннем. І ён заўсёды адзначаў, што Герасімаў - здольны кіраўнік, памочнікам быў, ведае і гаспадарку народную, і іншае, працаваць ён можа. Напэўна, гэта так. Але давядзецца паціху даказваць яшчэ, што Камітэт дзяржкантролю ў моцных руках", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што кіраўніцтву КДБ і КДК давядзецца працаваць разам па некаторых напрамках, асабліва па пытаннях барацьбы з карупцыяй, фінансавымі правапарушэннямі і злачынствамі, казнакрадствам. Гэта звязана з тым, што бюджэт, дзяржаўная ўласнасць і ўласнасць наогул знаходзяцца ў полі зроку Камітэта дзяржкантролю, але адпаведная праблематыка недалёка і ад Камітэта дзяржбяспекі. "Тут павінна быць вельмі добрая счэпка ў вас, каб не было ніякіх паўтораў, і работа была больш эфектыўнай", - падкрэсліў беларускі лідар.

Больш таго, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што Камітэту дзяржкантролю трэба ўзяць на сябе некаторыя функцыі і паўнамоцтвы, якія заўсёды цягнуў на сабе Камітэт дзяржбяспекі. "Трэба вызваліць КДБ ад неўласцівых яму функцый. Думаю, ён заўсёды будзе вачыма, вушамі для Камітэта дзяржаўнага кантролю па асноўных пытаннях дзейнасці. А асноўны цяжар па расследаванні, вядзенні гэтых спраў, давядзенні да суда разам з пракурорам - гэтым будзе займацца Камітэт дзяржкантролю. Таму вось гэта звязка для мяне вельмі важная ў нашай дзяржаве. У гэтым напрамку вам давядзецца перафармаціраваць дзейнасць і Камітэта дзяржбяспекі, і Камітэта дзяржкантролю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён дадаў, што Валерый Вакульчык, які кіраваў КДБ, а цяпер узначаліў Дзяржсакратарыят Савета Бяспекі, добра ведае і інфармаваны па гэтых пытаннях. "І будзе разам з Кіраўніком Адміністрацыі (Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка таксама раней працаваў на кіруючай пасадзе ў КДК. - Заўвага) добрай для вас падмогай, накіравальным ядром, яны заўсёды дадуць грунтоўную, патрэбную параду і арганізуюць пры неабходнасці работу", - адзначыў Прэзідэнт.



Назначаючы Анатоля Сівака, які ўзначальваў Мінгарвыканкам, на пасаду віцэ-прэм'ера, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: "Думаю, што вопыт Сівака вельмі спатрэбіцца ва Урадзе. Тым больш кіраўніцтва Урада ў нас - усе зусім маладыя людзі. Таму твой вопыт там вельмі спатрэбіцца. Гэта галоўная думка мая, калі я разглядаў пытанне аб назначэнні вас віцэ-прэм'ерам".

Прэзідэнт адзначыў, што Уладзімір Кухараў, які займаў пасаду віцэ-прэм'ера ва Урадзе, а цяпер узначаліць Мінгарвыканкам, выдатна ведае сталіцу, працаваў на адпаведных кіруючых пасадах: "Ды і яго ведаюць людзі. Малады, перспектыўны чалавек. Ужо вопытны. Мінск ёсць Мінск - сталіца, тут трэба бегаць і круціцца-вярцецца".

"Ён, ведаючы горад, адчуў і даведаўся, што такое працаваць ва ўрадзе. Гэта таксама вопыт добры. Для мінчан ён свой. Для дэпутатаў гарсавета ён свой чалавек", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Надышоў час правесці гэту ратацыю. Я ўпэўнены, што і Урад атрымае вопытнага чалавека, талковага, які ведае гэту сферу. І горад Мінск атрымае актыўнага, дзейнага чалавека ў выглядзе былога віцэ-прэм'ера", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Пры назначэнні прысутнічала і Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая з'яўляецца ўпаўнаважаным Прэзідэнта па Мінску. "Думаю, што ў першы час давядзецца падключацца, дапамагаць, раіць, калі трэба. Але ні ў якім разе не перашкаджаць. Вы адказваеце галавой за Мінск. Вы - упаўнаважаны Прэзідэнта па Мінску. Энергіі ў вас дастаткова, адказны чалавек. Вы ж і рэкамендавалі, прытым даўно. Я ўсё ўстрымліваўся. Даўно была прапанова, яшчэ да Анатоля (да назначэння Анатоля Сівака, які цяпер пераходзіць на пасаду віцэ-прэм'ера, на пасаду старшыні Мінгарвыканкама. - Заўвага), назначыць Кухарава", - адзначыў беларускі лідар.

Узгадняючы назначэнні новых кіраўнікоў мясцовых выканаўчых органаў у некалькіх раёнах Гомельскай вобласці, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што не лічыць сітуацыю ў краіне праблемнай або складанай.

"Сказаць, што мы ў нейкі складаны перыяд праводзім гэтыя назначэнні, не скажаш. Я ўсё спрабую асэнсаваць абстаноўку ў краіне і ўвесь час прыходжу да высновы: калі выязджаеш за кальцавую дарогу, жыццё змяняецца. Таму гаварыць аб тым, што ў нас вялікія праблемы і складанасці, было б проста смешна. У вас жыццё зусім іншае, чым у Мінску, і тое ў Мінску яно адрозніваецца ад вашага толькі ў нядзелю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што сённяшнія назначэнцы прыехалі ў сталіцу і, напэўна, не заўважылі тут ні каляровых рэвалюцый, ні катастроф, ні іншых жудасных рэчаў. "Ёсць пэўныя людзі, якім публічна ўжо, дэманстратыўна не падабаецца тое, што адбываецца ў краіне. Яны былі і ў мінулыя выбары, але асаблівасць у тым, што тады яны мірна ўспрымалі сваё паражэнне", - заявіў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, на абстаноўку ў Беларусі ў большай меры ўплываюць знешняе ўмяшанне ва ўнутраныя справы краіны і кіраванне пратэснымі акцыямі з-за мяжы. "Яно адбываецца з Польшчы, Чэхіі, Літвы і Украіны, што нас больш за ўсё насцярожвае. Вы ўчора чулі заяву Міністра замежных спраў Расіі Лаўрова, які ўжо адкрыта (ён наогул чалавек вельмі стрыманы ў гэтых адносінах, асцярожны) заявіў, што адбываецца на граніцы, - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка. - Мы рэагуем на любыя негатыўныя рухі ў адрас Беларусі. Для нас самае важнае - не дапусціць распальвання ў Мінску якога-небудзь пажару. Таму што так бывае заўсёды: пачынаецца са сталіцы і перакідваецца на ўсю краіну".

Разам з тым Прэзідэнт упэўнены, што ў Беларусі так не можа адбыцца: у людзей ёсць работа і магчымасць зарабляць. "Так, моладзь заўсёды была актыўнай, любіць пахадзіць, пабузіць. Мы гэта таксама разумеем, але заклікаем іх да таго, каб закон выконваўся. Асабліва студэнтаў. Ну чаго не хапае студэнтам? Мы захоўвалі колькасць бюджэтнікаў, што было ў савецкі час. Хацелі абмежавацца (дапусцім, на пяцідзесяці тысячах бюджэтнікаў, і ўсё), але жадаючых атрымаць вышэйшую адукацыю было значна больш, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Мы далі адтэрміноўку ад арміі - калі ласка, вучыцеся. Не хочаш вучыцца - ідзі ў армію, уладкоўвайся на работу, калі адслужыў. Але парадак у краіне павінен быць".

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь аказалася сам-насам з агрэсіяй звонку, і выказаў удзячнасць расійскаму боку за падтрымку, інакш краіне было б цяпер няпроста. "Памылак нельга дапусціць. Але вы павінны добра разумець: ёсць чырвоная рыса, нікому не дазволена яе пераходзіць. Калі гэта здарыцца, натуральна, мы будзем рэагаваць па ўсёй строгасці нашага закону. Таму прашу вас, давядзіце гэта да людзей. Няхай яны мяне занадта не асуджаюць на нейкую мяккацеласць. Ніякай мяккацеласці тут няма. Краіна працуе, хоць многім хацелася б (асабліва нашым суседзям), каб мы рухнулі", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што кіраўніцтва Літвы часта крытыкуе Беларусь, заяўляючы, што ў краіне абвалілася эканоміка і ў цэлым усё не так. "Я ўжо сказаў: у вас было амаль чатыры мільёны чалавек або нават больш у савецкія часы. Чаму ў такой развітой, рэфармаванай краіне, як Літва, не засталося людзей? Па-мойму, там куча праблем, якія трэба вырашаць. І не трэба займацца праблемамі суседзяў, якія да цябе па-добраму ставіліся і яшчэ ў нейкай ступені кармілі і кормяць, працуючы ў партах і гэтак далей", - сказаў Прэзідэнт.

Выказаўся Кіраўнік дзяржавы і па беларуска-польскіх адносінах. "Яны бачаць, што ў нас у Беларусі палякі жывуць. Але гэта нашы беларускія палякі. Мы з імі жылі ў міры і згодзе чвэрць стагоддзя пры ўладзе Лукашэнкі, і ніколі не было праблем. Але, зразумела, мы ніколі не будзем мірыцца з тым, што ў Гродне вывешваюць польскія сцягі на балконах і ўжо адкрыта заяўляюць: пры распадзе Беларусі Гродзенская вобласць адыдзе Польшчы. Ды нікуды яна не адыдзе. Ніхто не дазволіць разваліць Беларусь, і ў нас для гэтага метадаў і мер дастаткова", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе органы ўлады - ад сельскіх Саветаў дэпутатаў да вышэйшага кіраўніцтва краіны - цяпер павінны спакойна працаваць і займацца сваімі задачамі. "Расціць хлеб, карміць народ. У школу пайшлі дзеткі, студэнты вучацца ў ВНУ. Гэта вельмі важна, і гэтым мы павінны займацца. А калі некаму не сядзіцца, я толькі што сказаў: на гэта ёсць дакладныя прапісаныя правілы ў выглядзе закону. Таму я вас пераканаўча прашу: не адцягвайце ўвагу на гэтыя рэчы, займайцеся гаспадаркай, людзьмі. Яны зразумеюць нас. Гэта пена сыдзе, розныя тэлеграм-каналы, праз якія кіруюць нашым натоўпам у Мінску, - усё гэта пройдзе. Проста трэба мець вытрымку, спакой і не дапусціць, каб гэта чырвоная рыса была пяройдзена", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.


Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь