Разгляд кадравых пытанняў

  • 1

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 16 сакавіка разгледзеў кадравыя пытанні.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

Крупко Івана Іванавіча - Міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання;

Субоціна Аляксандра Міхайлавіча - памочнікам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектарам па Магілёўскай вобласці;

Калініна Анатоля Мікалаевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Малдова.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

Гарадзецкага Дзмітрыя Мікалаевіча - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;

Ляўковіча Сяргея Віктаравіча - першым намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Кручанава Аляксандра Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама;

Трушчанкі Юрыя Уладзіміравіча - намеснікам старшыні Мінскага гарвыканкама;

Палуяна Міхаіла Мікалаевіча - старшынёй Баранавіцкага райвыканкама;

Бацэнкі Міхаіла Леанідавіча - старшынёй Маларыцкага райвыканкама;

Унуковіч Галіны Уладзіміраўны - старшынёй Бешанковіцкага райвыканкама;

Каваленкі Алега Анатольевіча - старшынёй Докшыцкага райвыканкама;

Мароза Ігара Аляксандравіча - старшынёй Сенненскага райвыканкама;

Садоўскага Андрэя Уладзіміравіча - старшынёй Дзятлаўскага райвыканкама;

Вярсоцкага Аляксандра Людвігавіча - старшынёй Свіслацкага райвыканкама;

Юргевіча Уладзіміра Іосіфавіча - старшынёй Мінскага райвыканкама;

Ратомскага Андрэя Казіміравіча - старшынёй Смалявіцкага райвыканкама;

Сухадольскага Аляксандра Мікалаевіча - старшынёй Бабруйскага райвыканкама;

Трушкіна Аляксандра Леанідавіча - старшынёй Краснапольскага райвыканкама;

Куксянкова Міхаіла Мікалаевіча - старшынёй Хоцімскага райвыканкама;

Міхеенка Аляксандры Мікалаеўны - старшынёй Чэрыкаўскага райвыканкама;

Шашка Дзмітрыя Тадэвушавіча - кіраўніком адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска;

Хільмана Сяргея Анатольевіча - кіраўніком адміністрацыі Савецкага раёна Мінска;

Страздзіна Дзмітрыя Ігаравіча - генеральным дырэктарам вытворча-гандлёвага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства "Белмедтэхніка";

Богдан Алены Леанідаўны - намеснікам Міністра аховы здароўя;

Грамады Валерыя Іванавіча - намеснікам Міністра культуры;

Гадзяцкага Уладзіміра Уладзіміравіча - старшынёй Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці;

Мельнікава Аляксандра Кузьміча - членам Гомельскага аблвыканкама;

Шчаковіча Аляксандра Уладзіміравіча - членам Мінскага гарвыканкама.

Усяго на сустрэчу з Кіраўніком дзяржавы запрасілі амаль 20 кіраўнікоў мясцовых органаў улады. Прэзідэнт заўважыў, што такой вялікай колькасці назначэнняў не прыгадае. "Мы ў Адміністрацыі Прэзідэнта неапраўдана зацягнулі з назначэннем вас. Калі б гэта было своечасова, то, вядома, столькі людзей тут не сабралася б. Гэта, напэўна, упершыню за маё доўгае прэзідэнцкае жыццё. Далей цягнуць нельга было", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.



Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што большасць з сённяшніх назначэнцаў будуць працаваць не ў Мінску, а раз'едуцца па рэгіёнах. Таму для іх актуальныя пытанні правядзення пасяўной кампаніі, якая пачалася ўжо ва ўсіх абласцях. "У сувязі з тым, што неардынарная была зіма, нядрэнная (дай бог, каб сакавік пражылі спакойна, без моцных маразоў), той, хто развернецца, будзе з ураджаем, - заўважыў Прэзідэнт. - Трэба было аператыўна прымаць кадравыя рашэнні, таму што я не ўяўляю, як раён сёння можа арганізаваць гэтыя работы ў эканоміцы, калі няма кіраўніка".

"Тэхналагічную і працоўную дысцыпліну ніхто не адмяняў. Не забывайце, што гэта важнейшыя элементы ў любой эканоміцы - і планавай, і рыначнай. Не загуляйцеся ў рынак. Пачняце гуляцца ў гэты рынак, думаючы, што ён нешта там адрэгулюе, адразу ўпусціце з рук сітуацыю, дапусціце спад, з'явяцца праблемы", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што бягучы год экзаменацыйны для ўсіх органаў улады, у тым ліку і на месцах. "Вы на перадавой, і вас бачаць людзі. І як ацэньваюць нашы людзі, якія прызвычаіліся да сумленнасці і справядлівасці, вы таксама ведаеце, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - Мы здаём экзамен. Не толькі я (я ў першую чаргу), але вы таксама. Без вас ніякага экзамену ніхто не здасць і мне будзе вельмі складана".

Прэзідэнт заклікаў мясцовыя органы ўлады без панікі будаваць сваю работу ў сувязі з сітуацыяй з каранавірусам, нагадваючы людзям аб мерах перасцярогі.

"Выклікаў вельмі шмат. Вы бачыце: свет страціў розум ад каранавіруса або, можа, на аснове гэтых усіх разважанняў па каранавірусе. Але для нас не гэта галоўнае і страшнае. Мы гэтыя вірусы перажывалі, перажывём і гэты. Былі і больш складаныя вірусы: і свіны, і птушыны, і атыповая пнеўманія. Потым ахкалі і войкалі, адкуль гэта з'явілася: вось, бачыце, сродкі масавай інфармацыі вінаватыя, што яны вельмі шырока і не так асвятлялі праблемы. Напэўна, і на гэты раз сродкі масавай інфармацыі абвінавацяць праз месяц-другі. Хоць і да іх прэтэнзій нямала", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

На думку Прэзідэнта, у Беларусі адэкватна рэагуюць на пагрозы. Медыкі ўжо даўно прымаюць кропкавыя меры, і самі беларусы ў цэлым адэкватна рэагуюць на сітуацыю, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. "Беларусы проста малайцы. За выключэннем аднаго выпадку: не бегайце па аптэках і не скупляйце маскі, спецадзенне або якія-небудзь лякарствы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пасля таго, як у краіне рэзка ўзрос попыт на медыцынскія маскі, айчынныя прадпрыемствы былі арыентаваны на павелічэнне аб'ёмаў іх вытворчасці. Як расказаў Прэзідэнт, учора аб сітуацыі, якая складваецца ў Беларусі, яму дакладваў Прэм'ер-міністр. Аказалася, што цяпер няма куды дзяваць выпушчаную прадукцыю. "Пашылі - дзяваць няма куды. Лёгкая прамысловасць патрабуе: аплаціце нам. А ахова здароўя гаворыць: нам столькі не трэба, нам няма куды дзяваць. Праўда, я яму сказаў, што трэба разварочвацца: у Германіі не хапае спецадзення, масак. Трэба прадаць іх, калі на іх ёсць попыт", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, акрамя Мінска і буйных гарадоў, сітуацыя з каранавірусам не такая праблема для раёнаў і раённых цэнтраў. "Самая вялікая для нас (не праблема, а адказнасць) - гэта эканоміка. На жаль, усе гэтыя рухі ў напрамку каранавіруса вельмі рэзка паўплывалі на эканоміку. Дайшло да таго, што наша родная Расія - падкрэсліваю - закрыла граніцу з Беларуссю", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

У той жа час ён канстатаваў, што ў Беларусі адносна спакойная абстаноўка, а "Расія ўся палае ад каранавіруса". "Дык хто ад каго павінен закрывацца. Пытанне рытарычнае", - дадаў Прэзідэнт.

Гаворачы аб прычынах замены кіраўніка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання, Кіраўнік дзяржавы растлумачыў, што для гэтай пасады спатрэбіўся больш вопытны ўпраўленец. Прэзідэнт разлічвае, што вопыт работы Івана Крупко, атрыманы за час кіраўніцтва Мінскім раёнам, адным са складаных раёнаў краіны, дазволіць надаць большую дынаміку развіццю сельскай гаспадаркі ў Беларусі.

"Сам разумееш: спакойна там нельга працаваць, - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Міністра. - Там заўсёды трэба будзе варушыцца, ды яшчэ як варушыцца".

Што датычыцца ранейшага Міністра Анатоля Хацько, ён пяройдзе на іншую работу. "У яго прафесія добрая. У нас у жывёлагадоўлі праблем хапае. Страціць яго ні ў якім разе нельга, трэба прадаставіць работу", - сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да Аляксандра Субоціна, які назначаны памочнікам Прэзідэнта - інспектарам па Магілёўскай вобласці. Кіраўнік дзяржавы адзначыў станоўчы вынік яго работы на былой пасадзе - члена Калегіі па прамысловым і аграпрамысловым комплексе ЕЭК. "Вы чалавек адукаваны, дасведчаны, - сказаў Прэзідэнт. - Хацелася б, каб вы больш пахадзілі па зямлі і ўніклі добра ў працэсы сельскагаспадарчай вытворчасці, вам у далейшым гэта спатрэбіцца".



Назначаючы Анатоля Калініна Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Малдове, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з Малдовай наладжаны "цудоўныя адносіны", у тым ліку на вышэйшым узроўні.

Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў Прэзідэнта гэтай краіны як "вельмі вялікага сябра Беларусі". "Вы з ім заўсёды знойдзеце агульную мову", - запэўніў пасла беларускі лідар.

У якасці першачарговай задачы ён паставіў перад кіраўніком дыпмісіі развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Што датычыцца палітыкі і іншых пытанняў - у нас там праблем няма", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Даўшы згоду на назначэнне Дзмітрыя Страздзіна генеральным дырэктарам прадпрыемства "Белмедтэхніка", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што для новага кіраўніка прадпрыемства самым важным пытаннем павінна стаць цэнаўтварэнне - на імпартныя лякарствы і медыцынскую тэхніку."Цэнаўтварэнне - пытанне нумар адзін. Звярніце на гэта ўвагу", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў, што дзейнасць дырэктара "Белмедтэхнікі" будзе пастаянна знаходзіцца ў полі зроку Прэзідэнта. І ў час работы новы кіраўнік напэўна сутыкнецца з некаторымі цяжкасцямі. "Накатаў на вас будзе - і злева, і справа. Як толькі вы зоймеце жорсткую пазіцыю, тыя, каму вы на хвост наступіце, хто льготна працаваў па імпарце медтэхнікі, цэнах, яны будуць крыўдзіцца на вас, што вы нешта не так робіце. Калі выбераце іншых пастаўшчыкоў, якія будуць на больш выгадных умовах з намі працаваць, таксама вас будуць крытыкаваць тыя, якія адыдуць убок", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў кіраўніцкі вопыт Дзмітрыя Страздзіна і выказаў надзею, што гэта дапаможа яму разабрацца з праблемамі на новай пасадзе. "Вы ведаеце, што трэба для краіны. Цэнаўтварэнне - гэта цяпер нескладанае пытанне. Усе кампаніі ў інтэрнэце. Адкрыў, паглядзеў, дамовіўся, панізіў цану ніжэй за сусветную і купляй, што цяпер і робіцца ў Міністэрстве аховы здароўя", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.