Бел
Галоўная   /  Падзеі  /  Архіў

Разгляд кадравых пытанняў

5 снежня 2019 года

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 снежня прыняў рашэнне аб назначэнні Кіраўніком Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі, а Намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі - Вольгі Чупрыс.

Тыя, хто працаваў раней на гэтых пасадах, зоймуцца парламенцкай дзейнасцю. Наталля Качанава будзе накіравана ў Савет Рэспублікі па прэзідэнцкай квоце, а Валерый Міцкевіч выбраны ў склад Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.

Цяпер генерал-маёр Ігар Сергяенка - Першы намеснік Старшыні КДБ Беларусі, а доктар юрыдычных навук, прафесар Вольга Чупрыс працуе ў БДУ на пасадзе прарэктара па вучэбнай рабоце і адукацыйных інавацыях.

Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне накіраваць у Савет Рэспублікі па прэзідэнцкай квоце Міхаіла Русага, Анатоля Ісачанку і Сяргея Рачкова.

"Што датычыцца Адміністрацыі Прэзідэнта, то, Ігар Пятровіч, я спыніўся на вашай кандыдатуры. Шмат было абмеркаванняў, размоў. Што мяне схіліла больш за ўсё - ваша работа ў камітэце дзяржбяспекі была звязана з праблемамі, якімі прыярытэтна займаецца Адміністрацыя. Гэта кадры, іх чыстата, палітычныя, сацыяльна-палітычныя пытанні. Вы вельмі добра гэтым валодаеце", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў, што Адміністрацыя - гэта палітычны штаб Прэзідэнта, фактычна яго твар. "Я доўга вагаўся, перабіраючы розныя прапановы. Думаю, для вас гэта будзе работа падыходзячая. З Вакульчыкам (Старшыня КДБ Валерый Вакульчык. - Заўвага) я гаварыў, папярэджваў яго, што яму давядзецца з Кіраўніком Адміністрацыі супрацоўнічаць цесна. Ну, і Наталля Іванаўна (Качанава) ад гэтай работы не адыходзіць. Нават калі вы карыфеем станеце, яна ўсё роўна павінна быць побач з вамі, падказваць. У яе вялікі вопыт. У Адміністрацыі вельмі цяжкая работа, а Кіраўніком Адміністрацыі - гэта гарачая скавародка", - адзначыў беларускі лідар.

"Вы патрыёт, адданы справе чалавек, вопытны. Трэба нам папрацаваць так усім, каб новае пакаленне прыйшло і змагло прадоўжыць работу, якую мы пачалі, змагло захаваць краіну. Цяпер трэба зберагчы краіну", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Гаворачы аб кандыдатуры Вольгі Чупрыс, Кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў яе як чалавека адукаванага, вучонага, дасведчанага, якія мае вопыт канстытуцыйнай работы. "Нам вельмі цяпер патрэбны (і гэта запатрабавана жыццём) чалавек ад навукі, які ўмее данесці да людзей мовай юрыдычнай, а часам і простай, складаныя юрыдычныя паняцці і нормы, умее размаўляць у любой аўдыторыі", - адзначыў ён.

На новай пасадзе Намесніка Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Вользе Чупрыс трэба будзе, у прыватнасці, курыраваць пытанні заканадаўчага рэгулявання, арганізаваць работу па карэкціроўцы Канстытуцыі. "Запатрабаванне ў грамадстве на новую канстытуцыю ўжо існуе. Нам давядзецца як мінімум карэкціраваць некаторыя палажэнні Канстытуцыі, перафармаціраваць уладу, недзе дагрузіць урад, парламент, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Вядома, Кіраўнік Адміністрацыі будзе гэтым займацца, але ўвесь груз адказнасці ляжа на вас".

"Дзяржаўна-прававое ўпраўленне Адміністрацыі (работу якога будзе курыраваць Вольга Чупрыс. - Заўвага) - гэта фільтр. Праз яго не павінны прайсці нормы законаў, якія будуць на шкоду дзяржаве, будуць разбураць курс, які сёння прыняты", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Што датычыцца Наталлі Качанавай, якая пераходзіць на работу ў Савет Рэспублікі, Аляксандр Лукашэнка разлічвае, што яе кандыдатуру сенатары падтрымаюць на пасаду Старшыні верхняй палаты парламента. "Я не стану ўтойваць (гэта справа сената, як вырашаць кадравыя праблемы): я хацеў бы бачыць кіраўніком сената Наталлю Іванаўну, а яе намеснікам - Анатоля Міхайлавіча (былога старшыню Мінаблвыканкама Анатоля Ісачанку. - Заўвага)".

"Яшчэ раз падкрэсліваю: гэта ўсё непрынцыпова, паколькі ўсе сенатары маюць аднолькавыя правы. Але ў Наталлі Іванаўны вельмі вялікі вопыт адміністрацыйнай работы, і на ёй ляжыць адказнасць па рабоце ў Адміністрацыі Прэзідэнта, пакуль новы кіраўнік не ўвойдзе ў курс справы", - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.

Акрамя таго, Наталля Качанава прадоўжыць курыраваць Мінск у якасці ўпаўнаважанага Прэзідэнта, а за Анатолем Ісачанкам у гэтым плане застанецца Мінская вобласць.

Міхаіла Русага Прэзідэнт папрасіў у Савеце Рэспублікі курыраваць сферу дзейнасці Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. "Пакуль не прыйдзе новы памочнік Прэзідэнта, вы павінны сумяшчаць гэту работу. Думаю, пасля Новага года мы вырашым гэта кадравае пытанне. Але і потым Магілёўшчына павінна быць у полі вашага зроку, - сказаў Прэзідэнт. - Папрацаваць на краіну трэба. Каб не было, што вы пайшлі - і на пенсіі. Ніякай пенсіі. Перыяд наперадзе няпросты".

Тэгі: Кадры
© 2020, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь