Разгляд кадравых пытанняў

  • 1

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 25 кастрычніка разгледзеў шэраг кадравых пытанняў.

Кіраўнік дзяржавы назначыў:

  • Дзяніса Сідарэнку - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў ФРГ;
  • Андрэя Грынкевіча - Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Беларусі ў Румыніі.

Прэзідэнт таксама даў згоду на назначэнне:

  • Алега Вялічкі - намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама;
  • Уладзіміра Пеніна - намеснікам старшыні Віцебскага аблвыканкама;
  • Аляксандра Грыцука - старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама;
  • Алега Лындзіна - старшынёй Дубровенскага райвыканкама;
  • Юрыя Шарага - старшынёй Жодзінскага гарвыканкама;
  • Пятра Шостака - кіраўніком адміністрацыі Ленінскага раёна Мінска;
  • Арцёма Цурана - кіраўніком адміністрацыі Фрунзенскага раёна Мінска;
  • Юрыя Кулажанкі - рэктарам установы адукацыі "Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту";
  • Івана Паляводы - начальнікам дзяржаўнай установы адукацыі "Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь";
  • Ігара Фаміна - намеснікам Міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю;
  • Сяргея Задзірана - першым намеснікам Міністра юстыцыі;
  • Андрэя Аўдзеева - намеснікам Міністра юстыцыі;
  • Святланы Смірновай - дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства "Гранітэкс";
  • Ганны Мацельскай - кіраўніком спраў Мінскага гарвыканкама;
  • Ганны Шпак - намеснікам начальніка дэпартамента прававога забеспячэння Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы;
  • Людмілы Кавалёвай - першым намеснікам старшыні дзяржаўнай установы "Тэлерадыёвяшчальная арганізацыя Саюзнай дзяржавы".

Прымаючы рашэнне аб кадравых назначэннях сярод кіраўніцтва мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, Аляксандр Лукашэнка даручыў удзяліць пільную ўвагу развіццю ў раёнах інфраструктурных прадпрыемстваў. "Калі ў старшыні райвыканкама як гаспадара ў раёне няма пад рукамі будаўнічай арганізацыі, калі няма абслуговых арганізацый, пачынаючы ад райснаба, нафтабазы і заканчваючы сельгастэхнікай, значыць, цяжка разлічваць на эфектыўную, нармальную работу, - сказаў Прэзідэнт. - Была пастаўлена вельмі сур'ёзная задача - аднавіць усё, што было, і ўзняць на больш высокі ўзровень".

Аляксандр Лукашэнка таксама запатрабаваў праверыць замацаванне гарадскіх тэрыторый за прадпрыемствамі і арганізацыямі. "Мы шмат увагі ўдзяляем у гарадах - гэта і раённых цэнтраў датычыцца - навядзенню парадку, каб гарады мелі свой твар. У бліжэйшы час Адміністрацыя Прэзідэнта разам з Камітэтам дзяржкантролю і Урадам праверыць, як выконваецца маё даручэнне па размеркаванні тэрыторый, іх замацаванні за прадпрыемствамі і ўстановамі. Грошы траціць на тое, каб прыбіраць лісце, касіць траву і іншае, у гарадах з бюджэту выдзяляцца не павінны", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Асаблівую ўвагу Прэзідэнт звярнуў на неабходнасць эфектыўнай практычнай дзейнасці на месцах і рэалізацыі пастаўленых задач. "Без навядзення парадку і дысцыпліны, асабліва цяпер, мы далёка не рванём. Спыніце ўсялякія размовы наконт нейкага рэфармавання, яшчэ нечага. Трэба працаваць з тым, што ёсць. А рэфармаванне - гэта ўдасканаленне. Бачыце, што нешта не так, - удасканальвайце, рабіце, але нічога не ламайце", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.

"У крызіс ніхто нічога не ламае, ды і ламаць няма чаго. Ёсць прадпрыемствы - яны павінны працаваць, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Выкіньце з галавы, што сёння трэба ўсё раздзяліць, падзяліць, прыватызаваць, і ўсё само сабой пойдзе. Нікуды нічога не пойдзе, калі працаваць не будзем".

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад кіраўнікоў раёнаў у сферы сельскай гаспадаркі ўдзяліць прыярытэтную ўвагу вываду праблемных прадпрыемстваў на ўстойлівую работу. "Трэба вельмі сур'ёзна рыхтавацца да наступнага года. Ён будзе асаблівы. Ніхто ні за кім хадзіць і ўгаворваць не будзе. І вам не трэба ехаць туды, куды не трэба (я маю на ўвазе на сельгаспрадпрыемствы, у сельскія раёны). Не трэба туды ехаць лішні раз. Едзьце туды, дзе дрэнна", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Яшчэ адным напрамкам, на якім неабходна сканцэнтравацца прадстаўнікам органаў мясцовай улады, павінна стаць дадатковая падтрымка маламаёмных грамадзян. "Паглядзіце, па зарплаце цяпер праблем шмат. Нам трэба, дарэчы, у Адміністрацыі, ва ўрадзе падумаць, як падтрымаць людзей бедных, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Трэба падтрымаць і па зарплаце, і па нейкіх дапамогах, і гэтак далей".

Прэзідэнт падкрэсліў, што, аперыруючы ўсярэдненымі паказчыкамі, нельга забываць аб тых, хто знаходзіцца ў вельмі складаным становішчы. "Тут трэба нешта рабіць, нельга крыўдзіць людзей. Або дагружаць іх, прапаноўваць работу на кожным прадпрыемстве і адпаведна даплачваць. Работнікі культуры, сацыяльнай сферы - іх трэба падтрымаць. Як гэта зрабіць, трэба падумаць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

У цэлым работа з людзьмі, вырашэнне іх жыццёвых пытанняў павінны заставацца прыярытэтамі для органаў улады.

Назначаючы новых паслоў, Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важнасць развіцця адносін з Заходняй Еўропай. Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся асабістымі якасцямі і вопытам дыпламатаў. Ён асабліва падкрэсліў важнасць таго, каб пасольствы і МЗС у цэлым не проста прадстаўлялі краіну за мяжой, а самым актыўным чынам садзейнічалі развіццю гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі з іншымі дзяржавамі.

Узгадняючы назначэнні кіраўнікоў ВНУ, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сістэма вышэйшай адукацыі мае патрэбу ў аптымізацыі. "Нам трэба аптымізаваць тэрміны навучання, выключыць з праграм усё лішняе. Давайце пакінем тыя курсы, якія сёння патрэбны для канкрэтнага спецыяліста", - сказаў Прэзідэнт.

Пры гэтым, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, навучанне павінна быць больш практыка-арыентаваным.

Кіраўнік дзяржавы дадаў, што востра стаіць пытанне аб неабходнасці ўдасканаліць сістэму адбору ў ВНУ. "Мне здаецца, што мы тут нешта недапрацавалі. Мы прайшлі пэўны шлях і ўбачылі: так, тэсты - гэта добра. Але ёсць шмат недахопаў", - адзначыў Прэзідэнт.

Ён растлумачыў, што старшакласнікаў пры падрыхтоўцы да паступлення навучаюць толькі рашаць тэсты і завучваць патрэбную інфармацыю. "Тэсціраванне - гэта добрая рэч. Але мы не бачым чалавека, і тут трэба штосьці рабіць. Што трэба рабіць, мы за зіму павінны падумаць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.