Разгляд кадравых пытанняў

  • 1
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка назначыў кіраўнікоў дыпламатычных прадстаўніцтваў Беларусі ў Кітаі і Грузіі.

Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы назначаны Кірыл Руды.

На пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Грузіі назначаны Міхаіл Мятлікаў.

"Што датычыцца Кітая, тут цяжка пераацаніць гэту краіну. Гэта будучае ўсёй планеты, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Калі я быў дэпутатам, я аб гэтым гаварыў у парламенце. Але мяне тады не паслухалі. Вынік відавочны - гэта краіна, якая хутка развіваецца". Аляксандр Лукашэнка асабліва адзначыў, што паміж Беларуссю і Кітаем устанавіліся дружалюбныя адносіны стратэгічнага характару. "Так склаліся абставіны, што за многія гады і нават дзесяцігоддзі мы змаглі пераканаць кітайцаў у тым, што мы - надзейны партнёр. Гэта для іх галоўнае", - сказаў ён.

"Нам патрэбны рывок у нашых адносінах. Трэба выйсці нават не на новую ступень, а арбіту ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Вы бачыце, што яны да гэтага гатовы, - заявіў Кіраўнік дзяржавы. - Я бачу, што яны з адкрытым сэрцам і душой ідуць нам насустрач. У мяне вельмі блізкія дружалюбныя адносіны з кіраўніцтвам КНР, і з былым, і асабліва з цяперашнім кіраўніком".

Прэзідэнт запатрабаваў, каб, адпаведна, і беларускі бок быў гатовы аператыўна рэагаваць на магчымасці, што адкрываюцца ў развіцці супрацоўніцтва. "І тут галоўнае - ваша работа. Вельмі хацеў бы, каб вы не скаціліся, як многія паслы, каб звяртацца ў сваю краіну з пасланнямі: кітайцы прапануюць, а нашы не могуць. Напісаў, і ўсё добра. Паскардзіўся, потым пры сустрэчы мне можаце аб гэтым далажыць. Мне гэтага не трэба. Вы павінны дабіцца таго, каб былі рэалізаваны самыя смелыя, рашучыя прапановы ў адносінах з Кітайскай Народнай Рэспублікай", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Пра нас яны будуць заўсёды помніць, прымаць рашэнні, калі мы будзем мэтанакіравана працаваць у правільным напрамку. Тады будзе вынік. А калі проста звычайна, то будзе, як звычайна. Але вы разумееце ж, што я не пацярплю такой работы ні з боку пасольства, ні з боку МЗС. Таму што гэта - наша будучае, калі мы з Кітаем будзем мець такія адносіны. Можаце адчуць і ўявіць, які груз адказнасці на вас ляжыць", - сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да Кірыла Рудага.

Асобнае даручэнне Кіраўнік дзяржавы даў адносна падрыхтоўкі дзяржаўнага візіту ў Кітай, які, як чакаецца, павінен адбыцца ў дваццатых чыслах верасня 2016 года.

Гаворачы аб Грузіі, Прэзідэнт адзначыў, што гэта традыцыйна дружалюбная Беларусі краіна. "Гэта нашы браты. Мы жылі ў адной краіне. У нас захаваліся вельмі добрыя адносіны. Аб гэтым сведчыў наш візіт", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Грузія прытрымліваецца сваёй палітыкі, якая адрозніваецца, дапусцім, ад нашай палітыкі. Але гэта права любой краіны вызначаць знешнюю і ўнутраную палітыку. Нам трэба ў гэтай сітуацыі знаходзіць агульныя падыходы. Мы іх знайшлі", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт паставіў задачу ў разы нарасціць тавараабарот з Грузіяй да ўзроўню $200 млн.

Аляксандр Лукашэнка таксама ўзгадніў назначэнне Уладзіміра Мірановіча генеральным консулам Беларусі ў Стамбуле (Турэцкая Рэспубліка) і Віктара Чараховіча генеральным консулам Беларусі ў Нью-Ёрку (ЗША).