Наведванне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы"

  • 8

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка патрабуе напаўняльнасці Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы". Такую задачу ён паставіў сёння ў час наведвання гэтага цэнтра.

Кіраўніку дзяржавы далажылі аб выкананні яго даручэнняў па рэканструкцыі і здачы ў эксплуатацыю спартыўных аб'ектаў у рэспубліканскім цэнтры "Раўбічы". У прыватнасці, у 2010-2014 гадах тут былі рэканструяваны акрабатычны схіл для фрыстайла, медыка-аднаўленчы цэнтр, лыжаролерная траса, біятлонны стадыён і стрэльбішча, інжынерныя сеткі і кацельня, а таксама ў цэлым праведзена добраўпарадкаванне ўсяго комплексу. У 2015 годзе будзе ўведзена ў эксплуатацыю футбольнае поле з універсальным пакрыццём для хакея на траве, тэніса, футбола, у 2016 годзе запланавана завяршэнне будаўніцтва крытага басейна і гасцініцы.

"Чаму не займаюцца спартсмены? - пацікавіўся Кіраўнік дзяржавы ў дырэктара цэнтра Андрэя Асташэвіча. - Я сюды сродкі ўкладваў у цяжкія часы не для таго, каб вы хадзілі рукі склаўшы".

"Я папярэджваў: аптымізуйцеся! Калі вы хочаце мець добрыя зарплаты, гэта не за кошт павышэння цаны трэніровак для спартсменаў або людзей, якія прыходзяць сюды займацца, што вы з іх шкуру дзераце. А нічога не здзераце - проста людзі сюды не пойдуць. І тыя мільярды, якія мы ўклалі сюды, будуць стаяць помнікам, пакуль не разваліцца", - сказаў Прэзідэнт.

"Тут кожны дзень, я вас папярэджваю, павінны тысячы чалавек быць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы проста лодарнічаеце! І майце на ўвазе: для вас пачаўся новы этап з 1 студзеня гэтага года. Павінен быць вынік. Для гэтага ёсць усё", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнту далажылі таксама аб развіцці біятлона ў краіне, гатоўнасці да правядзення ў "Раўбічах" чэмпіянату свету па біятлоне сярод юніёраў і юнакоў. Для вырашэння праблемных аспектаў развіцця біятлона распрацавана доўгатэрміновая комплексная праграма адбору і пачатковай падрыхтоўкі юных біятланістаў, якая прадугледжвае прыцягненне навуковых кадраў і выкарыстанне інавацыйных методык у спартыўнай трэніроўцы.

"У нас маладыя ўсюды: і ў хакеі, і ў лыжах, і ў біятлоне - надзеі вялікія. Як толькі пасталелі - дзе гэтыя надзеі?" - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт стаў на лыжы і асабіста праверыў якасць трас. "Не ведаю, што вам яшчэ патрэбна. Калі б у Расіі былі такія ўмовы, яны былі б рады", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што ў "Раўбічах" створаны ўсе ўмовы для спартсменаў. "Нават з лішкам. Такіх трас нідзе няма", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Трасы выдатныя для лыжнікаў і біятланістаў. Фрыстайл - калі ласка, акрабатыка - няхай скачуць. Усё павінна быць зроблена, і няхай займаюцца. Ніякіх Аўстрый, тут павінны рыхтавацца! З таго ўзроўню, на якім мы знаходзімся па лыжах, ды і па біятлоне, - тут. Дойдуць да ўзроўню Домрачавай, адправім на леднікі", - сказаў Прэзідэнт. "Больш паўтараць не буду!" - папярэдзіў Кіраўнік дзяржавы.