Рабочы візіт ва Украіну

  • 7
Беларусь гатова заўсёды аказваць дапамогу Украіне. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 снежня на сустрэчы ў Кіеве са сваім украінскім калегам Пятром Парашэнкам.

"Я хачу, каб ва Украіне было добра. Многія гэта разумеюць, як нейкія гульні. Я ведаю, што вы не так гэта ўспрымаеце. Вы Прэзідэнт, вам балюча. Мне таксама балюча. І я з гэтага зыходжу", - адзначыў беларускі лідар.

"Таму, калі трэба будзе, я вам яшчэ раней сказаў: трэба будзе ад Беларусі нешта - скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што Прэзідэнт Украіны ні прасіў, адкрыта кажу, мы заўсёды ўсё рабілі. І так будзе ў далейшым", - падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

"Для нас гэта не гульня. Не толькі таму, што тавараабарот, а таму, што мы суседзі, мы побач жывём, мы родныя людзі", - дадаў ён.

"Мне гавораць: вось Лукашэнка там нечага баіцца. Я не баюся, - падкрэсліў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Давайце гэта рабіць непублічна. Давайце наогул нікому гаварыць нічога не будзем, а будзем рабіць тайна, але толькі каб быў прагрэс у гэтым напрамку".

Аляксандр Лукашэнка папрасіў Пятра Парашэнку не гаварыць пра заслугу Прэзідэнта Беларусі адносна мінскіх дамоўленасцей. "Вы пазванілі мне: арганізуй, дапамажы, нашы людзі прыедуць, прыедуць прадстаўнікі. Я арганізатар, я не міратворац і не пасрэднік", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу, што, нягледзячы на сітуацыю ва Украіне, двухбаковы тавараабарот не знізіўся, а наадварот дэманструе рост. Больш таго, Украіна сёння зацікаўлена ў куплі беларускіх тавараў па шырокім спектры. "У нас наогул няма ні цэнта запазычанасці з боку Украіны. Поўнасцю стапрацэнтна аплачаны нашы кантракты з вамі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

У сваю чаргу Пётр Парашэнка падзякаваў Прэзідэнту Беларусі за атрыманую ўнікальную магчымасць дыялогу трохбаковай кантактнай групы для вырашэння надзённых праблем. Ён таксама асобна падзякаваў за дакладную  пазіцыю Беларусі адносна суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці і незалежнасці краіны.

"Спадзяюся, што ў выніку нашага дыялогу мы і мінскія сустрэчы, і іх інтэнсіўнасць адновім, і спадзяюся, што сёння мы будзем мець магчымасць поўнамаштабна абмеркаваць увесь пералік патэнцыяльных магчымасцей, якія адкрываюцца для нашага супрацоўніцтва", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Кіраўнік украінскай дзяржавы звярнуў увагу на значнасць сустрэч у Мінску. "Дзякуючы нашаму з вамі эфектыўнаму ўзаемадзеянню сёння ўжо ў гісторыю дыпламатыі ўвайшлі тэрміны "мінскі фармат", "мінскі мемарандум", "мінскі пратакол" і "мінскія дамоўленасці". Увесь свет сёння гаворыць, што яны з'яўляюцца асновай мірнага плана Прэзідэнта Парашэнкі і асновай мірнага працэсу ва Украіне. Яны прызнаны ААН, Еўрапейскім саюзам, краінамі вялікай дваццаткі і фактычна з'яўляюцца безальтэрнатыўнай мадэллю дээскалацыі сітуацыі на частцы тэрыторый Данецкай і Луганскай абласцей", - сказаў Прэзідэнт Украіны.

Пётр Парашэнка звярнуў увагу на цёплы і дружалюбны характар адносін як паміж дзвюма краінамі, так і паміж прэзідэнтамі.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі пытанні эканамічнага супрацоўніцтва, каардынацыі дзеянняў у міжнародных арганізацыях, узаемадзеяння ў сферы бяспекі, фінансавага супрацоўніцтва.

На сустрэчы ў пашыраным фармаце Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз запэўніў, што Беларусь будзе рабіць усё магчымае для ўстанаўлення міру ва Украіне.

"Хачу запэўніць, што гэтак жа, як і па палітычных пытаннях, мы абсалютна празрыстыя, абсалютна шчырыя, і, калі толькі мы можам недзе разам або мы штосьці можам зрабіць для Украіны, або мы ўбачым, што Украіна можа для нас у эканамічнай частцы штосьці зрабіць, мы аб гэтым скажам прама і адкрыта. Але ў гэтым выпадку вы на нас абсалютна можаце разлічваць", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка расказаў, што ў фармаце тэт-а-тэт прэзідэнты ўзнялі і тэму канфлікту на ўсходзе Украіны. "Я скажу, што ўсё, што было абяцана беларусамі, свята выконваецца. Вы да нас прэтэнзій не маеце, - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. - Вы мяне не папракнулі ні ў чым. Мы і далей будзем рабіць усё для таго, каб тут быў мір і спакой. Мы кроўна ў гэтым зацікаўлены". Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўкраінцы не чужыя для беларусаў людзі. Акрамя таго, у супрацоўніцтва дзвюх краін вялікая практычная карысць - тавараабарот складае каля $7 млрд. "Хто замесціць гэты тавараабарот для Беларусі і Украіны? Ніхто", - заўважыў Прэзідэнт Беларусі.

"Госпадам богам нам наканавана жыць на гэтай зямлі поплеч. Мы заўсёды жылі па-чалавечы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Я добра ведаю ўкраінцаў, ведаю Украіну, і для мяне асабіста тут ніякіх праблем ніколі не было. Таму мы будзем усё рабіць для таго, каб тут было добра".

"І я вам сказаў: мы нешта зможам для вас зрабіць, пазваніце, скажыце, што вось гэта і гэта трэба зрабіць, трэба падключыцца да таго, іншага працэсу, і я вам проста гарантую: калі вы прымеце рашэнне, як вы ўжо заявілі, прадоўжыць дыялог у Мінску, трэба будзе на мінскай пляцоўцы нешта абмеркаваць, вы ведаеце, што ў вас там ёсць сябры і мы заўсёды гатовы выканаць любое ваша даручэнне", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На сустрэчы ў пашыраным складзе прэзідэнты зрабілі акцэнт на больш канкрэтныя практычныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, у прыватнасці ў паліўна-энергетычнай сферы, машынабудаванні, міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння.

Кіраўнікі дзяржаў дамовіліся аб стварэнні ў Беларусі сумеснага з Украінай тэлеканала. "У нас такі вопыт ужо ёсць. З нашымі каналамі працуюць сумесна тры або чатыры расійскія. Чаму мы з Украінай не можам стварыць такое сумеснае супрацоўніцтва", - сказаў беларускі лідар.

"Таму трэба гэта не забыць і зрабіць. Трэба вызначыць канал у Беларусі", - дадаў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

"Мы даўно гаварылі аб тым, што беларусы маюць права ведаць розныя пункты гледжання, і было б нядрэнна, калі б адзін з інфармацыйных каналаў Украіны меў магчымасць трансліравацца на тэрыторыі Беларусі", - адзначыў Пётр Парашэнка.

Ён таксама запэўніў, што Украіна шчыра зацікаўлена, каб гандлёва-эканамічныя, палітычныя адносіны, супрацоўніцтва ў сферы бяспекі з Беларуссю развіваліся з максімальнай эфектыўнасцю.

Вечарам Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у рабочым абедзе ад імя Прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі.