Бел
Галоўная   /  Падзеі

Удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД

11 кастрычніка 2019 года
Выступленне на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД у вузкім складзе
Удзел у саміце СНД у Ашхабадзе
глядзіце таксама: відэа
11 кастрычніка 2019 года
Удзел у саміце СНД у Ашхабадзе
Рабочы візіт у Туркменістан
глядзіце таксама: фота
10 кастрычніка 2019 года
Рабочы візіт у Туркменістан
25 фота

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў Ашхабадзе 11 кастрычніка прыняў удзел у пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.

Лідары краін разгледзелі шэраг праектаў дакументаў, накіраваных на на далейшае развіццё эканамічнага супрацоўніцтва і знешнепалітычнага партнёрства, забеспячэнне бяспекі і процідзеянне новым выклікам і пагрозам. У іх ліку Дэкларацыя аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве і Зварот дзяржаў - удзельніц СНД да народаў краін Садружнасці і сусветнай грамадскасці ў сувязі з 75-годдзем Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў.

У сваім выступленні на саміце Прэзідэнт Беларусі адзначыў актуальнасць падрыхтаванай да саміту Дэкларацыі аб стратэгічным эканамічным супрацоўніцтве. "Падзеі ў свеце паказваюць, што наспела аб'ектыўная неабходнасць умацавання нашай Садружнасці як самадастатковага і эфектыўнага аб'яднання. А эканоміка была і застаецца фундаментам нашага ўзаемадзеяння. І вельмі важна, што гэты дакумент яшчэ раз пацвердзіў імкненне да кансалідацыі эканамічных патэнцыялаў краін Садружнасці, да паглыблення вытворча-кааперацыйных і гандлёвых сувязей", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік беларускай дзяржавы заявіў аб падтрымцы актывізацыі супрацоўніцтва па ключавых напрамках, у першую чаргу ў галіне транспарту, энергетыкі, прамысловай кааперацыі, узаемных інвестыцый і гандлю.

"Магутны рэзерв бачыцца ў пашырэнні ўнутранага рынку нашых краін, павышэнні яго ёмістасці. Перш за ўсё за кошт далейшай лібералізацыі гандлю як таварамі, так і паслугамі. Дадатковыя магчымасці можа даць вяртанне да поўнамаштабнай прамысловай кааперацыі, да стварэння новых сумесных канкурэнтаздольных вытворчасцей", - лічыць беларускі лідар.

Ён канстатаваў, што бакі фактычна выйшлі на завяршальную стадыю падрыхтоўкі Стратэгіі эканамічнага развіцця СНД на перыяд да 2030 года. Прэзідэнт прапанаваў дапоўніць яе канкрэтнымі прарыўнымі праектамі, якія могуць стаць агульнымі перспектыўнымі кропкамі эканамічнага росту. "Прапаную даручыць Выканкаму сумесна з урадамі яшчэ раз папрацаваць над гэтай тэмай і ўнесці адпаведныя прапановы", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Паводле яго слоў, важнейшай задачай эканамічнага парадку дня застаецца фарміраванне паўнацэннай зоны свабоднага гандлю. "Мы зацікаўлены ў хуткім завяршэнні работы над праектам Пагаднення аб свабодным гандлі паслугамі. Выкарыстанне патэнцыялу гэтага сектара адпавядае інтарэсам усіх дзяржаў Садружнасці. Але трэба прызнаць, што працэс падрыхтоўкі пагаднення на экспертным узроўні неапраўдана зацягнуўся. Думаю, мэтазгодна ўстанавіць строгія часавыя рамкі для канчатковай дапрацоўкі дакумента", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

"Давайце, паважаныя калегі, не будзем адзін аднаго падманваць, хітрыць, мудраваць. Чым далей мы зацягваем гэты працэс нашага эканамічнага яднання, тым больш з'яўляецца магчымасцей, падстаў і прычын глядзець нам усім (дзяржавам) у іншы бок, недзе шукаць шчасця, як я гаварыў на пасяджэнні ЕАЭС. Толькі незразумела, навошта", - прадоўжыў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён адзначыў, што краіны, якія ўваходзяць у СНД, фарміруюць велізарнейшы рынак. "Давайце бліжэй працаваць адзін з адным. Давайце будзем выбудоўваць нашы эканамічныя адносіны больш цесна, ствараць інтарэс для кожнай дзяржавы", - заклікаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што чалавека або дзяржаву трэба дабром падцягваць бліжэй да сябе або ў якую-небудзь арганізацыю. "Спрабаваць сёння нахіліць, паставіць на калені, неяк прынізіць дзяржаву... Не той час. Паглядзіце, што адбываецца ў свеце. Кожны з кожным пачынае ваяваць. Нам трэба аб'яднацца цясней, каб выступаць адзіным фронтам. Гэта вельмі важна сёння, напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Тады ніхто не дзяліўся. Усе ваявалі ў адным страі, бачылі адзіную мэту. Таму гэта дата нас кліча да яднання менавіта на гэтым этапе", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.


"У гэтым годзе мы адсвяткавалі 75-годдзе вызвалення Беларусі. Наш народ заплаціў высокую цану за сваю свабоду - у барацьбе з фашызмам загінуў кожны трэці беларус. Наступствы той страшэннай вайны мы адчуваем па гэты дзень", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб агульнай праблеме катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, ад якой больш за ўсё пацярпела Беларусь. "Вось нашы цяжкія грузы - наступствы Вялікай Айчыннай вайны і ў дадатак гэта, не кажучы аб іншых пытаннях", - падкрэсліў ён.

"Перамогу ў гэтай вайне падарыў нам вялікі савецкі народ! Паміраючы ў асаджанай Брэсцкай крэпасці і блакадным Ленінградзе, змагаючыся пад Сталінградам і Курскам, вызваляючы Еўропу і штурмуючы Берлін, рускія, беларусы, украінцы, казахі, армяне, азербайджанцы, малдаване, грузіны, кіргізы, таджыкі, туркмены і ўзбекі, іншыя народы не думалі аб сваёй нацыянальнай прыналежнасці. Яны былі адзіныя, узнімаючы Сцяг Перамогі над Рэйхстагам. Значыць, і наша Перамога павінна быць адзінай і непадзельнай!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка таксама падкрэсліў недапушчальнасць гераізацыі фашызму. "Вы бачыце, узнімаецца хваля ў Заходняй Еўропе, вы бачыце, што адбываецца ў той жа Германіі. Напэўна, забылі ўрокі гісторыі", - заўважыў Прэзідэнт.

"Нядаўна ўкраінская тэма гучала. Хачу выказаць сваю пазіцыю, паколькі як Прэзідэнт Расіі, так і я вельмі паглыблены ў гэту праблему. Таму што гэта ў нас адбываецца. Гаворачы пра новую ўладу ва Украіне, хацеў бы і вас заклікаць падтрымаць гэту ўладу. Вы бачыце тэндэнцыю ўжо згарнуць гэту ўладу, скруціць, звергнуць, але мы павінны разумець, хто пасля гэтага прыйдзе да ўлады ва Украіне", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт не выключыў, што ў выпадку змены цяперашняй улады ва Украіне можа ўзнікнуць "рассаднік" ужо нават не нацыяналізму. "Таму мы павінны паглядзець, што адбываецца ў нас на постсавецкай прасторы", - адзначыў ён.

Гаворачы пра СНД, Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што Украіне не трэба было выходзіць з Садружнасці. "Я таксама быў паглыблены ў гэту праблему і ўгаворваў Парашэнку не рабіць гэтага, не выходзіць з СНД: калі вам не падабаецца, ну не прыязджайце на нашы саміты. Таму што гэта (выхад з СНД. - Заўвага) горш, гэта дрэнныя наступствы для Украіны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Што было б дрэннага, калі б цяперашні Прэзідэнт Украіны, а ён пры свядомасці, нармальны чалавек, сёння прысутнічаў у нас. У яго не было б праблемы пагаварыць з адным прэзідэнтам, з другім, трэцім, сустрэцца тут з Прэзідэнтам Расіі, аб сустрэчы з якім ён шмат цяпер гаворыць. Таму не трэба рабіць няправільных крокаў, асабліва цяпер. Не трэба спяшацца", - сказаў беларускі лідар.

Прэзідэнт рэзюмаваў, што, падпісваючы Зварот у сувязі з 75-годдзем Перамогі, бакі зноў дэманструюць сваю з'яднанасць і дружбу, беражлівае стаўленне да агульнай вялікай гісторыі. "Адзіным фронтам процістаім спробам яе скажэння і фальсіфікацыі. Разам выступаем за аднаўленне шырокага міжнароднага дыялогу па ўмацаванні сістэмы глабальнай бяспекі і мер даверу", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама заклікаў сумесна вырашаць замарожаныя канфлікты на постсавецкай прасторы: "Разам былі, разам ваявалі, а паглядзіце, што робіцца на постсавецкай прасторы. Колькі такіх канфліктаў... Чаму мы не вырашаем гэтыя пытанні? Калі мы на нешта здольныя, трэба вырашаць гэтыя праблемы, гэтыя замарожаныя канфлікты. Вырашаць сумленна, справядліва".

"Не трэба ствараць сітуацыю, калі на дапамогу трэба клікаць людзей з-за акіяна: дапамажыце нам вырашыць гэтыя праблемы! Давайце іх вырашаць самі і не ствараць новыя!" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт канстатаваў, што пагрозы бяспецы дамінуюць у спісе сучасных выклікаў чалавецтву і іх колькасць хутка расце. Адной з прычын таго Аляксандр Лукашэнка бачыць усё большую страту даверу ў адносінах паміж краінамі. "Таму сёння, як ніколі, неабходны пошук аб'яднальнага парадку дня, новых ідэй, якія падзяляюцца шырокім колам дзяржаў і арганізацый", - лічыць беларускі лідар.

Праблему тэрарызму Прэзідэнт назваў найбольш вострай, адзначыўшы, што ні адна краіна свету не можа адна з ёй справіцца. "Ключ да поспеху ляжыць у цеснай каардынацыі дзеянняў на ўсіх узроўнях. Таму наша праграма супрацоўніцтва дзяржаў - удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам і іншымі насільнымі праявамі экстрэмізму сёння з'яўляецца як мага больш запатрабаванай і актуальнай, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яна вельмі важная. Нам нельга спыняцца толькі на гэтай праграме. Трэба яе паглыбляць і пашыраць. Апошнім часам сфарміраваліся новыя тэрарыстычныя рызыкі і пагрозы. Найбольшую небяспеку ўяўляюць кіберзлачыннасць і кібертэрарызм".

Прэзідэнт у сувязі з гэтым нагадаў аб нядаўняй атацы з дапамогай дронаў у Саудаўскай Аравіі, адзначыўшы, што з'явілася новая зброя, даступная тэрарыстам.


Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што інтэрнэт і сацыяльныя платформы адкрываюць экстрэмістам неабмежаваныя магчымасці для прапаганды, вярбоўкі прыхільнікаў і каардынацыі злачыннай дзейнасці. "Зноў жа, я назіраю за Прэзідэнтам Расіі, колькі яна і Кітай (трэба аддаць належнае) робяць для таго, каб у інтэрнэце ад асобных тэндэнцый абараніцца, - адзначыў беларускі лідар. - А чаму мы разам не можам аб'яднацца і неяк урэгуляваць пытанні ў інтэрнэце. Гэта ж абуральна - тэрарысты адкрыта не толькі агітуюць, а расказваюць, што рабіць і дзе. Тут нам трэба сур'ёзна падумаць".

Ён нагадаў, што ў верасні ў Мінску была праведзена міжнародная канферэнцыя высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам з выкарыстаннем новых і ўзнікаючых тэхналогій, на якой Беларусь выступіла з названай ініцыятывай аб поясе лічбавага добрасуседства. "У якасці механізма яе рэалізацыі мы бачым заключэнне пагадненняў аб забеспячэнні інфармацыйнай бяспекі. Іх ключавымі элементамі маглі б стаць ідэі лічбавага суверэнітэту і нейтралітэту, што будзе гарантаваць неўмяшанне краін у інфармацыйныя рэсурсы адзін аднаго", - канкрэтызаваў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць урэгуляваць адпаведныя пытанні. "Так званыя гібрыдныя войны, і складнік іх - інфармацыйныя тэхналогіі. І нам тут трэба дамаўляцца, каб мы хаця б у СМІ не вялі гэту інфармацыйную вайну адзін супраць аднаго", - сказаў ён.

Прэзідэнт папрасіў удзельнікаў саміту падтрымаць беларускую ініцыятыву, каб эфектыўна процідзейнічаць тэрарыстычным і іншым пагрозам у кіберпрасторы. "Пры вашай згодзе мы маглі б даручыць Выканкаму пачаць распрацоўку адпаведнага праекта пагаднення", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што беларускім бокам была вылучана ініцыятыва аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. "Пасля спынення дзеяння адпаведнага дагавора становіцца вельмі верагодным з'яўленне такіх узбраенняў у еўрапейскай частцы кантынента. А гэта непазбежна прыводзіць да пагрозы новага вітка ваеннай канфрантацыі", - лічыць Аляксандр Лукашэнка.

"Уладзімір Уладзіміравіч (Пуцін), тут мы абсалютна падтрымліваем. Мы падрыхтуем і накіруем вам пісьмо ў адказ на вашу заяву, якую вы разаслалі па ўсім свеце. Нам трэба сур'ёзна на гэта звярнуць увагу. Гэта не толькі праблемы Расіі, якая спрабуе неяк аднавіць статус-кво і пакінуць кантроль над асабліва небяспечнымі ўзбраеннямі. Нельга дапусціць, каб у Еўропе з'явіліся такія ракеты", - заявіў беларускі лідар.

Ён падкрэсліў, што Беларусь як паўнапраўная ўдзельніца дагавора не выходзіла з яго і ў далейшым не мае намеру гэтага рабіць, калі не будзе пагроз бяспецы краіны.

Мінск прапануе распрацаваць дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе. "Прыняцце такога дакумента стала б важным крокам у зніжэнні напружанасці, аднаўленні даверу і ўмацаванні міжнароднай бяспекі", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў занепакоенасць наконт маючых адбыцца маштабных ваенных вучэнняў НАТА каля граніц Беларусі. "НАТА чамусьці вырашыла літаральна праз некалькі месяцаў правесці каля нашых граніц буйнамаштабныя вучэнні і задзейнічаць столькі тысяч, колькі ніколі не задзейнічала. Гэта Польшча і краіны Балтыі. Гэта ненармальна. Гэта не сведчыць аб тым, што мір прыйшоў на тэрыторыю Еўропы і ачагоў такіх не ўзнікне ў будучым. Гэта незразумелыя вучэнні. Напэўна, нам з Прэзідэнтам Расіі трэба будзе падумаць аб тым, як засцерагчы сябе ад небяспекі ў гэты перыяд. Таму што там будзе ўдзельнікаў амаль 30 тыс. Гэта нямала", - сказаў беларускі лідар.

"Мы, напрыклад, у Беларусі ўжо над гэтым працуем", - дадаў ён.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў рамках Саюзнай дзяржавы існуе адзіная групоўка. "Нам давядзецца неяк адказваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што такая пазіцыя не бразганне зброяй. "Не мы былі першымі. Нам даводзіцца рэагаваць", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы запэўніў, што з тэрыторыі Беларусі ніколі не будзе ніякіх пагроз.

На палях саміту Аляксандр Лукашэнка таксама правёў серыю перагавораў з лідарамі іншых краін па тэматыцы двухбаковага супрацоўніцтва.

Тэгі: Візіты
© 2019, Прэс-служба Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь