Рабочы візіт у Рэспубліку Узбекістан

  • 6

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зрабіў 6 кастрычніка рабочы візіт у Рэспубліку Узбекістан.

У Самаркандзе Кіраўнік дзяржавы разам з выконваючым абавязкі Прэзідэнта Узбекістана, Прэм'ер-міністрам краіны Шаўкатам Мірзіяевым усклаў кветкі на магілу Іслама Карымава на могілках "Хазрат Хізр". Прысутныя ўшанавалі памяць першага Прэзідэнта Узбекістана мінутай маўчання.

Затым Прэзідэнт накіраваўся ў Палац форумаў, дзе ўсклаў вянок да фатаграфіі Іслама Карымава. Тут жа Кіраўнік дзяржавы паразмаўляў з удавой Таццянай Карымавай і выказаў ёй свае спачуванні.

У Палацы форумаў адбылася сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Шаўкатам Мірзіяевым. Бакі адзначылі, што Беларусь і Узбекістан маюць велізарны патэнцыял для развіцця гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Мы крыху адсталі ў адносінах, у эканоміцы. Упэўнены, што ў бліжэйшы час - год, два, тры - мы абавязкова адыдзем ад гэтага смешнага тавараабароту. У нас ёсць велізарны патэнцыял. Мы маем патрэбу ў вас, вы маеце патрэбу ў нашай эканоміцы, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Таму мы дамовімся і вызначым рамкі нашага афіцыйнага візіту, калі вы сфарміруеце ўрад, праведзяце прэзідэнцкія выбары".

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што менавіта 6 кастрычніка павінен быў пачацца яго афіцыйны візіт ва Узбекістан. "Я загадзя не думаў і не падбіраў гэты момант. Толькі сёння ў самалёце адкрыў і паглядзеў: дык мы ж 6-8 кастрычніка збіраліся сустрэцца тут з Ісламам Абдуганіевічам і абмеркаваць нашы праблемы, - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. - Вядома, гэты візіт не такім павінен быў быць, але жыццё ідзе і прадаўжаецца. Наша з вамі задача - зрабіць так, каб узбекскі і беларускі народы мелі дастойныя ўзаемаадносіны. І мы гэта зробім. Гэта будзе добрай для яго памяццю".

У сваю чаргу Шаўкат Мірзіяеў падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за прыезд у Самарканд і тую шчырую падтрымку, якую Прэзідэнт і Беларусь аказваюць Узбекістану. "Беларусь - гэта наш надзейны, шчыры, даўні партнёр, дружалюбная краіна, - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. - Той тавараабарот, які сёння паміж намі існуе, не задавольвае ні вас, ні нас. Мы павінны знайсці тыя агульныя падыходы, каб ён вырас".